У Аргенціне банк Galicia пачаў закрываць рахункі беларусам, украінцам і расіянам
Амаль 500 чалавек рыхтуюць калектыўны пазоў.

Аргенцінскі банк Galicia з канца кастрычніка пачаў без папярэджання закрываць рахункі беларусаў, украінцаў і расіян, якія пераехалі ў краіну. Абмежаванні закранулі ў тым ліку людзей з аргенцінскім грамадзянствам і рахункамі для заробку ў мясцовых кампаніях. Амаль 500 чалавек з Расіі і Беларусі рыхтуюць калектыўны пазоў супраць банка, паведамляе «Медуза».
Першыя скаргі з'явіліся 28—29 кастрычніка. Кліенты выявілі, што іх рахункі перасталі паказвацца ў банкаўскім дадатку. Некаторым карыстальнікам таксама адмовілі ў адкрыцці новых рахункаў. Пры звароце ў аддзяленні супрацоўнікі Galicia тлумачылі закрыццё рахункаў «камерцыйным рашэннем» банка. Іншых падрабязнасцяў яны не паведамлялі.
«Што ні дзень, то прыгода. З учорашняга дня ў мяне не бачны рахунак у Galicia. Сёння я схадзіла ў банк. Сказалі: банк закрыў вам рахунак паводле ўнутранага рашэння. І больш ніколі вы яго не зможаце адкрыць. Пу-пу-пууууу. Ні электроннага ліста, ні якога-небудзь апавяшчэння я, вядома, не атрымала», — расказала адна з кліентак.
Пацярпелым прапанавалі забраць рэшту сродкаў у аддзяленнях банка, аднак, паводле слоў кліентаў, зрабіць гэта можна не ў кожным аддзяленні.
Пры гэтым блакаванне закранула не ўсіх расіян, украінцаў і беларусаў. Некаторыя кліенты з расійскім грамадзянствам працягваюць карыстацца рахункамі без абмежаванняў. На закрыццё рахункаў таксама скардзяцца аргенцінцы.
Амаль 500 чалавек з Расіі і Беларусі рыхтуюць калектыўны пазоў, каб высветліць прычыны закрыцця рахункаў. Да чата пацярпелых далучыліся больш за 400 чалавек.
Кліенты мяркуюць, што закрыццё рахункаў можа быць звязанае са зліццём Galicia з аргенцінскім падраздзяленнем HSBC. Пацвярджэнняў гэтай версіі няма. Афіцыйна банк сітуацыю пакуль не каментаваў.
Galicia — адзін з буйных прыватных банкаў Аргенціны, папулярны ў тым ліку сярод замежнікаў.
Каментары
Вы прыехалі ў краіну 3-га свету, прызвачайвайцеся. Затое паветра свежае!
Банк, мабыць, шукае шляхі выжывання ў сувязі з макраэканамічнай сітуацыяй. Праз яе, HSBC і прадала свае актывы ім, і сышла з Аргентыны. Рызыкі занадта вялікія.
2 гады крэдытнай накачкаю ўнутранага банкаўскага сектару адміністрацыі Мілея ўдалося раскачаць крыху прыватны сектар эканомікі, але як адваротны радок балансу - інфляцыя застаецца непераможнаю (>30%), а песа вельмі нестабільным (ляціць на 2-3-5 дно). Міленіалы і Z-ніалы могуць пачынаць пра тое як Лукашэнка, смясціўшы Багданкевіча, які спыніў інфляцыю жорсткім зажымам крэдытнага рынку, рабіў падобнае ў 96-97м годзе , праводзячы па сутнасці скрытую дэвальвацыю пад лозунгам "нам трэба стымуляваць экспарт".
Вось буйныя банкі, шукаюць грошы на сусветных рынках, каб стабілізаваць свае рэзервы і перакрэдытаваць пазыкі. І праз гэта ім прылятае ад крэдытораў і інвестараў розныя камплаенс рызыкі.
І вось тады яны проста нафіг чысцяць праблемных кліентаў, каб не замарачвацца. Без папярэджання, без 1 месяца на вывад сродкаў. Не праходзячы цераз "старт". Афуэра!