Лудаман з Мінска ўзламаў сейф роднай сястры кансервавым нажом, каб сплаціць пазыкі
Суд адправіў мужчыну ў калонію ўзмоцненага рэжыму.

35‑гадовы мінчук, які пакутуе на лудаманію, скраў у роднай сястры сейф з грашыма і ювелірнымі ўпрыгожаннямі на больш чым 40 тысяч рублёў. Грошы яму былі патрэбныя, каб разлічыцца з пазыкамі, пішуць Мінск-навіны.
У мужчыны былі фінансавыя цяжкасці: пэўны час ён не працаваў, пазычаў грошы ў знаёмых і афармляў пазыкі. З часам крэдыторы пачалі настойліва патрабаваць вяртання грошай. Таму мужчына папрасіў у роднай сястры пазычыць яму пэўную суму, тая адмовіла, бо брат быў схільны да азартных гульняў.
Тады мужчына вырашыў скрасці сейф з пакоя сястры. Адкрыць яго было нескладана — з дапамогай кансервавага нажа. Унутры ляжалі грошы і ювелірныя вырабы на 40 257 рублёў.
Пасля крадзяжу зламыснік адправіўся ў банк і абмяняў частку чужога ашчадку — 3300 еўра і 3450 даляраў — на беларускія рублі, каб выплаціць пазыкі.
Вярнуўшыся дадому, жанчына адразу заўважыла знікненне сейфа і патэлефанавала брату. Спачатку той адмаўляў сваю датычнасць да злачынства, але пазней прызнаўся. Мінчанка звярнулася ў міліцыю.
Судова-псіхіятрычная экспертыза пацвердзіла, што мужчына пакутуе на расстройства ў форме паталагічнай схільнасці да азартных гульняў (лудаманію). На судовым пасяджэнні абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся.
Суд прызначыў яму два з паловай гады пазбаўлення волі. Пакаранне ён будзе адбываць у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму прызначаны штраф 50 базавых адзінак (2250 рублёў).
Акрамя таго, мужчына павінен кампенсаваць пацярпелай нанесеную маёмасную шкоду.
Каментары