Новая праграма «Чалы. Дарэчы» выйдзе сёння.

Чым яго новая праграма здзівіць гледачоў, што адбываецца ў беларускай палітыцы і якім будзе фінал «серыялу», які мы сёння пражываем, ён расказаў тэлеканалу.
— З 2011 года вы з'яўляецеся вядоўцам праграмы «Эканоміка на пальцах», з 2022 года — «Навіны з Чалым» і «Чалы: эканоміка», якая ў 2019—2022 гадах выходзіла на тэлеканале «Белсат». Як вы ставіцеся да новага вяртання на наш канал?
— Нармальна (смяецца). На самай справе гэта пераўтварэнне праграмы, якая была. Праграма «Навіны з Чалым» заканчваецца ў сакавіку. Па сутнасці, гэта пераўтварэнне навіннай праграмы, якая будзе аналізаваць усе палітычныя падзеі, толькі ў жывым эфіры.
— Які хранаметраж праграмы?
— Прыкладна 40—45 хвілін. Гэта значыць, яна будзе выходзіць кожную сераду пасля выпускаў «Аб'ектыву» і «Студыі» — а 21:30, і асноўная ўвага будзе надавацца аналізу палітычных падзей у краіне.
— Якой вы бачыце сваю аўдыторыю?
— Асноўная аўдыторыя — гэта тыя, хто хацеў бы зразумець, што ж адбываецца. Гэта значыць, мы будзем не распавядаць што, а тлумачыць, чаму гэта ўсё здараецца, што гэта азначае. Будзем шукаць простыя адказы на складаныя пытанні.
Што вызначае якасць аналітыка? Тое, што вам не даводзіцца рэгулярна з паступленнем новай інфармацыі круціцца як флюгер. І, прынамсі, я так лічу, што мая галоўная канкурэнтная перавага — гэта ўменне знаходзіць менавіта нейкія важныя моманты, якія кажуць пра тое, што, а вось цяпер тэндэнцыя памянялася. Яны бываюць нячаста. Затое потым гэтыя трэнды працуюць дастаткова доўга.
— А «Эканоміка з Чалым» застаецца?
— Так, «Эканоміка» — гэта праграма з 15‑гадовым стажам. Узнікла ідэя сканцэнтравацца на рэчах, якія ў яе не ўваходзяць. То бок, гэта, па вялікім рахунку, працяг. Апошнім часам, мне здаецца, я нават больш працую цяпер не на нас, а на іх — тлумачу чыноўнікам, у якую дурную сітуацыю яны трапілі пасля ўсіх гэтых падзеяў. Нават не 2020 года, а пасля лішніх выбараў 25‑га — з гэтым жа Лукашэнкам ім давядзецца жыць яшчэ нейкі час. Увогуле тлумачу ім, да чаго гэта ўсё прыводзіць.
Беларусь як «серыял»
— Думаеце, яны гэтага не разумеюць?
— Не, яны, вядома, гэта ўсё разумеюць да пэўнага моманту. Але кожнаму чалавеку ж хочацца думаць пра тое, што ён не злодзей, ён не нягоднік.
Кожны тлумачыць сваё знаходжанне там тым ці іншым спосабам для сябе. Фактычна атрымліваецца, што значна прасцей нейкія рэчы пачуць з боку, чым самому гэтыя рэчы прамаўляць. Нават калі ты пра іх і здагадваешся. Мая ідэя для новай праграмы заключаецца ў тым, каб паказаць развіццё сітуацыі ў дынаміцы.
Гэта значыць, у Беларусі працуе ўжо эфект серыялу. Многія людзі памятаюць нейкія высновы, якія рабіліся раней. Яны, галоўным чынам, рэдка мяняюцца, таму што ў большасці сваёй яны верныя. Часам карэктуюцца, часам развіваюцца. Але асноўнае — гэта дэманстрацыя трэндаў, у якіх краіна і апынулася пасля ўсіх гэтых выбараў.
— Вы самі ў 1994 годзе працавалі ў перадвыбарным штабе Лукашэнкі. Якім чалавекам вы тады яго запомнілі?
— Цяпер ён ужо зусім іншы. Па-першае, усе яго асабістыя якасці, добрыя або тыя, якія дапамагалі яму калісьці, яны ўжо даўно зніклі. Па-другое, ён вельмі абленаваўся, гэта цалкам выразна відаць. Звярніце ўвагу, што ўвесь яго цяпер «modus operandi» [вобраз дзеяння] выяўляецца так: зрабіце мне, дайце мне эканоміку, дайце мне гэта, зрабіце за мяне вось гэта. А ў мяне ёсць праца, якая мяркуе, што я буду проста размаўляць пра мір ва ўсім свеце.
У яго ўсе ідэі даўно скончыліся, і ён на самай справе з'яўляецца ўжо тормазам нават той сістэмы, якую выбудаваў.
Якое лагічнае следства таго, што вы кажаце «зрабіце за мяне ўсё»? Паўстае пытанне: а навошта ты патрэбен тады? Адпаведна, яму трэба дэманстраваць, што ён патрэбны. А як дэманстраваць? Значыць, трэба ўмешвацца ў тыя рашэнні, якія яму прынеслі.
Лукашэнка робіць так: давайце я папраўлю, давайце я там што-небудзь прыдумаю. Як здрабнелі яго «vanity projects» [праекты ганарыстасці]: калісьці гэта было АЭС, а цяпер гэта існая дробязь — цяляты.
Узгадайце, з чаго пачынаў Лукашэнка ў Беларусі? З кантрабанды алкаголю, потым, значыць, цукар з кубінскага трыснёгу і гэтак далей. У нас любяць пасмяяцца, тыпу паказваць пра Хрушчова, пра кукурузу, і цяпер вось гэтыя асацыяцыі з Лукашэнкам. Гэта пазнавальны трэнд для старэйшага пакалення.
Пракалоўся на святле
— А гэтая гісторыя з забаронай уключаць святло ў гарадах вечарам… беларусы пачалі смяяцца…
— Са святлом наогул атрымалася цудоўная гісторыя, у сувязі з тым, што тут мы назіраем адразу дзве рэчы вельмі важныя.
Першая гэта тое, што раней у дзяржапараце функцыянавала абарона ад дурня. Гэта значыць, калі ў яго з'яўлялася нейкая тупая ідэя, яны ўсё ж такі прымудраліся яе альбо спусціць на тармазах, альбо перарабіць нейкім такім чынам, каб яна ўсё ж такі наносіла карысць, а не шкоду. Тут жа адбылося тое, што яго ўказанне немагчыма было выканаць нейкім іншым спосабам, бо ён жа назваў гадзіны, у якія трэба ўключаць і выключаць святло. Таму не было нейкага сурʼёзнага люфту, дзе можна было б нешта выправіць. А па-другое, яшчэ раз, гэта дэманстратыўнае выкананне тупога, зусім, загаду. Гэта быў на самай справе дэманстратыўны яму паказ таго, што ты гэтага хацеў, вось ты атрымаў вынік: глядзі, што будзе, калі ты вось так будзеш сваімі тупымі ідэямі сюды лезці.
Што самае важнае было?
Упершыню адлегласць па часе паміж ідыёцкім рашэннем і відавочным — калі ўсім стала ясна, што гэта па-дурному. Ніколі не было так хутка.
— Што наогул адбываецца з Лукашэнкам?
— Апошнім часам ён становіцца даволі прадказальным чалавекам. На жаль. Мы назіраем апошняе аддзяленне даволі эпічнай драмы. Чалавек жа думаў, што ён будзе гістарычнай асобай. Ён думаў, што ўвойдзе ў падручнікі як які-небудзь Пілсудскі. На самай справе ён будзе універсальна пракляты і выхаду ў яго ўжо няма, няма спосабу неяк сваю рэпутацыю падправіць.
Фінал блізка?
— Куды, як лічыце, ідзе Беларусь у гэтым «серыяле», які мы глядзім? Ці будзе хэпі-энд, вясёлы фінал?
— Ну, наконт вясёлага не ведаю. Я не бачу добрага выхаду ў плане развароту. Я не веру наогул ні ў якую магчымасць.
Лукашэнка не можа сказаць, што з гэтага моманту мы пачынаем жыць па-іншаму: усё адмяняем, усе рэпрэсіі адмяняем, усім даруем, усіх выпускаем і гэтак далей. Гэта проста немагчыма, таму што тое, дзе цяпер апынулася краіна і ён, з'яўляецца вынікам усіх папярэдніх рашэнняў.
Гэта значыць, груба кажучы, гэта эфект Калі [багіня ў індуізме, якая ўвасабляе разбурэнне і трансфармацыю. — Рэд.] — ён гэтую яму сабе капае далей.
І выбрацца, я думаю, адтуль ужо немагчыма. Пытанне толькі ў тым, як глыбока гэтая яма будзе выкапаная і ў якіх жахах, гэта значыць у якіх руінах потым краіна пасля яго застанецца.
— Які сцэнар, на вашу думку, чакае Беларусь?
— Ёсць вялікая рызыка, што мы атрымаем венесуэльскі варыянт — але не ў плане выкрадання Мадуры, а тое, што сістэма там пасля гэтага не памянялася зусім ніяк. Так, прыйшлося там Дэльсі Радрыгес [выконваючая абавязкі прэзідэнта Венесуэлы. — Рэд.] выпусціць некалькі палітвязняў. У астатнім там прыкладна тое ж самае, толькі цяпер з ЗША не лаемся, а сябруем.
Вось у гэтым я бачу цяпер самую вялікую пагрозу, таму што ўсё ж такі Лукашэнка — гэта прадукт, які адыходзіць, лядашчы стары. Але я проста баюся, што яго могуць змяніць людзі, якія проста не будуць валодаць легітымнасцю, і гэта азначае, што заставацца ва ўладзе будуць толькі з дапамогай чыстага гвалту. Можам атрымаць яшчэ горшы варыянт. Таму гаворка не пра персаналіі — пра тое, каб Лукашэнку прыбраць, замяніць ці ён кудысьці ўцячэ — гаворка пра тое, каб як у тым анекдоце, што «усю сістэму мяняць трэба». Пытанне ў дэмакратызацыі яе, але іншая справа, што гэта пакуль немагчыма, як я ў пачатку сказаў, да таго часу, пакуль яны гэтую чару да дна не вып'юць.
Яны ж рэпрэсіі для чаго пачалі? Каб супакоіцца — ворагаў знішчыць. Цяпер праблема заключаецца ў тым, што ты быццам бы ўсіх ужо пасадзіў, усіх выгнаў, усіх знайшоў, усіх збіў, а шчасце не надыходзіць, страх нікуды не знік.
Выснова якой з гэтага робіцца — трэба шукаць ворагаў схаваных. Таемная паліцыя павінна працаваць. Гэта значыць, у гэтай сістэмы няма рэакцыі адкруціць. Яна будзе капаць глыбей. Пакуль яна гэты шлях увесь не пройдзе да канца, яна павінна пачаць жэрці сваіх — пакуль яны не прыйдуць да гэтага лагічнага завяршэння свайго шляху, я думаю, што нічога не будзе.
«Вярнуцца, каб прыбіраць завалы»
— Асабістае пытанне: як вам у эміграцыі жывецца?
— Неяк звыкся ўжо, што ўсё, што было зароблена — сышло ў даход казіно. Як кажуць: што табе дала Радзіма? У мяне Радзіма ўсё забрала. Тут ужо ідзе зусім іншае новае жыццё. Я ад'язджаў з адным заплечнікам, і адпаведна ўсё, што цяпер ёсць, — гэта нажытае, набытае. У мяне ўжо шмат знаёмых людзей, якія разважаюць: было б добра атрымаць польскае грамадзянства. Балазе не так ужо і доўга засталося.
Я разумею людзей, у мяне і самога скончыўся беларускі пашпарт. Але я па-ранейшаму думаю вярнуцца, каб прыбіраць тыя завалы, якія пасля яго застануцца.
Праграму «Чалы. Дарэчы» глядзіце на канале «Белсат» кожную сераду а 21:30 у жывым эфіры, альбо на Youtube-канале «Belsat News».
Цяпер чытаюць
Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі
Каментары