Грамадства44

Таямніца аршанскіх падзямелляў: школьнік праваліўся пад зямлю і нечакана адкрыў для навукоўцаў падземны лабірынт

Вясной 1926 года выпадковы абвал зямлі на ўскраіне Оршы ледзь не каштаваў жыцця цікаўным падлеткам, але адкрыў уваход у загадкавае падзямелле. Мясцовыя жыхары спадзяваліся адшукаць там скарб, але аказалася, што хады пабудавалі не для гэтага. 

Студэнт аршанскага рабфака ў ходзе, які вёў у падземныя тунэлі. 1926 г. Фота: Наш край / Аршанскае краязнаўчае таварыства / каларызавана з дапамогай нейрасеткі 

Як паведамлялася ў далёкім 1926 годзе на старонках часопіса «Наш край», гісторыя гэтага адкрыцця пачалася 18 мая. Вучні адной з аршанскіх школ разам з настаўнікамі выправіліся на ўскраіну горада і бегалі па крутым узгорку, што ўзвышаўся над ручаінай Арэхаўкай на левым беразе Дняпра.

Зміцер Даўгяла ў сваім артыкуле «Аршанскія пячоры» зазначаў, што адзін з хлапчукоў няўдала скокнуў, зямля пад ім раптам правалілася, і ён ледзь не знік у глыбокім цёмным правале. Калі пярэпалах мінуў, настаўнікі зазірнулі ў правал і ўбачылі сапраўдны падземны калідор.

Звесткі пра дзіўныя лёхі — падземныя хады — імгненна даляцелі да Аршанскага акруговага краязнаўчага таварыства, актывісты якога разам са студэнтамі мясцовага рабфака зрабілі першы агляд і адразу зразумелі, што маюць справу з рукатворнай структурай.

Супрацоўнікі гістарычна-археалагічнай камісіі Інбелкульта. Сядзяць (злева направа): Д. І. Даўгяла, М. В. Доўнар-Запольскі, І. А. Сербаў. Стаяць (злева направа): С. А. Дубінскі, А. М. Паноў, П. В. Харламповіч, А. Л. Аніхоўскі. 1926. Фота: БДАКФФД

26 мая краязнаўцы звярнуліся па дапамогу ў Менск. Гістарычна-археалагічная камісія Інбелкульта адрэагавала аператыўна, і ўжо 2 чэрвеня ў Оршу прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе гісторыка Змітра Даўгялы, этнографа Ісаака Сербава і дасведчанага тапографа Аляксандра Аніхоўскага.

Працаваць навукоўцам давялося ў надзвычай небяспечных умовах, бо пячоры былі выкапаныя ў мяккай пясчана-гліністай глебе з вялікім дамешкам рачнога жвіру. Гэты пласт быў настолькі нетрывалым, што пагражаў абвалам у любую хвіліну.

Уваход у пячоры. З левага боку дубовы вушак, які захаваўся да раскопак. Зверху зямля абсыпалася і заваліла ўваход, застаўся толькі лёх, у які можна спаўзці — адтуль відаць галава студэнта аршанскага рабфака. 1926 г. Фота: Наш край / Аршанскае краязнаўчае таварыства

Даследчыца Аляксандра Вайтовіч у сваім артыкуле, прысвечаным біяграфіі Аляксандра Аніхоўскага, падкрэслівае важную ролю гэтага спецыяліста ў фіксацыі помніка. Менавіта ён узяў на сябе складаную тэхнічную частку і склаў дэталёвы план падзямелляў.

Дакумент зафіксаваў заблытаную сістэму з трох асноўных калідораў, дзе галоўны праход цягнуўся ўглыб гары больш чым на пяць метраў, маючы каля двух метраў у вышыню і каля метра ў шырыню. Ад яго адыходзілі яшчэ два калідоры, даўжыня самага вялікага з якіх перавышала восем метраў.

Архітэктура гэтых земляных лёхаў уражвала сваёй прадуманасцю, бо невядомыя будаўнікі рабілі сцены з правільным старчовым нахілам, а скляпенням надавалі паўкруглую або востракутную форму для трываласці.

Уздоўж калідораў навукоўцы выявілі значныя выемкі-нішы, а таксама невялікія пячуркі, вярхі якіх былі шчыльна пакрытыя сажай ад каганцоў або свечак.

План пячор каля Оршы, складзены А. Л. Аніхоўскім у 1926 г. Фота: Наш край

Народная свядомасць заўсёды імкнецца аздобіць любую яміну ў зямлі міфамі пра схаваныя багацці, і тутэйшыя жыхары таксама шчыра верылі ў існаванне незлічоных скарбаў пад узгоркам. Даходзіла нават да камічнага, пра што са схаванай іроніяй згадваў Зміцер Даўгяла ў сваёй публікацыі.

Нейкі грамадзянін Ахопік сцвярджаў, што прайшоў па лёхах вельмі далёка, але нічога каштоўнага не знайшоў, таму з расчаравання пачаў выкарыстоўваць частку заваленага калідора для захоўвання бульбы ўзімку.

Рэальнасць, якую адкрылі археолагі, аказалася далёкай ад легендаў, раскопкі не прынеслі ні золата, ні старажытнай зброі. Адзінымі артэфактамі, якія ўдалося знайсці пад пластамі абваленага пяску, былі невялікі фрагмент іржавага жалезнага нажа ды бляшаная пушачка (скрыначка — НН). Гэтая бляшанка, хутчэй за ўсё, і служыла тым самым прымітыўным каганцом, які асвятляў цемру падзямелля.

Манаскі след

Каб разгадаць таямніцу паходжання пячор, гісторык Даўгяла звярнуўся да архіўных дакументаў. Аўтар адзначае ў сваёй працы, што адказ знайшоўся ў плане генеральнага межавання ваколіц Оршы ад 1783 года. Гэтая папера, складзеная амаль два з паловай стагоддзі таму, выразна фіксавала прыналежнасць зямлі.

Рэнесансная Свята-Духаўская царква на тэрыторыі Куцеінскага манастыра ў Оршы і зрубная званіца ў стылістыцы храмаў поўначы Расіі. Фота: 1prof.by

У дакуменце пазначалася, што ўрочышча належала ігумену Куцеінскага манастыра Кірылу з браціяй. Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр, заснаваны ў 1636 годзе і славуты сваёй выдатнай друкарняй, знаходзіўся ўсяго за некалькі кіламетраў ад узгорка.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што пячоры з'яўляліся класічнымі манаскімі скітамі. Верагодна, яшчэ ў XVII стагоддзі нехта з браціі, шукаючы поўнага аддалення ад людской марнасці, выкапаў сабе гэтыя келлі ў крутым беразе над Дняпром.

Пячоры пад Оршай, выкапаныя ў нетрывалай пясчанай глебе, былі асуджаныя на разбурэнне самім часам. Аднак гэты манаскі скіт — далёка не адзіны падобны аб'ект на нашай зямлі. Як адзначаюць даследчыцы Людміла Дучыц і Ірына Клімковіч у працы «Сакральная геаграфія Беларусі», вялікіх прыродных пячор у Беларусі сапраўды няма, але традыцыя стварэння штучных падзямелляў сягае ў глыбокую даўніну.

Аўтаркі звяртаюць увагу чытача на тое, што яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя Адам Кіркор даследаваў пячору з вапнавымі калонамі каля вёскі Рэчкі на Вілейшчыне, якую мясцовыя жыхары называлі Гарадком або Замкам. Этнограф Павел Шпілеўскі ў сваіх працах згадваў пра пячору Татарка пад Мазыром, дзе нібыта знайшлі свой канец перакопскія татары, а пазней гомельскія археолагі ўвогуле выявілі на беразе Сажа цэлы комплекс з дванаццаці культавых падземных збудаванняў першых хрысціян.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Ёсік
    20.05.2026
    Шаноўная рэдакцыя НН, ужо ж на тым тыдні былі сутарэньні, няма ў беларусаў падзямельляў.
  • Смоўж
    20.05.2026
    ШІ:
    "На прыведзеным вамі гістарычным здымку 1926 года зафіксаваны сябры Гісторыка-археалагічнай камісіі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). Лёс практычна кожнага з гэтых выбітных навукоўцаў склаўся трагічна: у 1930-я гады яны сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі, многія былі расстраляны ці загінулі ў высылцы."
  • Ананiм
    20.05.2026
    Здаецца, у адным з творау слыннага аршанца Уладзiмiра Караткевiча нешта было пра падземныя хады у Оршы. Чытау вельмi дауно, не магу згадаць, што за твор.

Цяпер чытаюць

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся12

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопец, які чакаў дзяўчыну з букетам пад дажджом у Мінску, расчуліў Threads ВІДЭА9

Салігорац, які раней адбыў суткі за «Пагоню» і страціў працу, цяпер за кратамі за «Гаюна» і абразу службовай асобы1

Махляры загадалі мінчанцы прыйсці з усімі дакументамі да цэнтральнага ўваходу КДБ6

На станцыі метро ляжаў чалавек. Што адбылося?

Што стаіць за новымі пагрозамі Крамля «сістэмна біць па Кіеве» і каму яны накіраваныя?5

У Мінску прадаецца міні-кватэра ўсяго за 33 тысячы даляраў3

Крысціна Ціманоўская збіраецца стаць вядучай на «Белсаце»13

Радыкальныя змены ў транспартнай схеме Магілёва: закрыццё праспекта Міру закране 27 маршрутаў1

Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся12

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць