Сяргей узяў грошы за кантракт і пайшоў здавацца ў палон пры першай магчымасці. Пакручасты лёс беларуса, які падпісаўся ваяваць за Расію
Ураджэнец Мінска, былы футбольны фанат Сяргей Грышачоў правёў за кратамі амаль 16 гадоў. Пасля чарговага забойства ў Пецярбургу ён меў выбар: сядзець у расійскай турме або адправіцца на вайну ва Украіну. Ён абраў другое, але меў хітры план, каб уратаваць сваё жыццё.

Біяграфія 38‑гадовага Сяргея Грышачова — гэта тыповы шлях рэцыдывіста. Ён некалькі разоў быў за кратамі ў Беларусі: за забойства, крадзёж і рабаванні. У перапынку паміж адсідкамі працаваў на розных нескладаных працах у Мінску. Пасля падаўся на заробкі ў Расію. Пра сябе кажа, што з дзяцінства, з 1999 года, быў футбольным хуліганам, фанатам мінскага «Дынама». Відэа з Грышачовым выйшла на ўкраінскім англамоўным ютуб-канале United24.
Апошні раз ён трапіў у СІЗА пасля таго, як падчас працы ахоўнікам у Санкт-Пецярбургу зарэзаў аднаго з мужчын, якія прыйшлі да яго на разборкі. За гэта яму пагражала да пятнаццаці гадоў калоніі.

Беларус вырашыў запісацца на вайну, каб не сядзець. 6 снежня 2025 года ён падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі, і праз некалькі дзён яго адпусцілі.
Аднак, паводле слоў самога Грышачова, ваяваць за расійскія інтарэсы ён не збіраўся. Пасля атрымання грошаў, якія ён перавёў сям'і, Сяргей збіраўся здацца ў палон пры першай жа магчымасці.
Рэальнасць расійскага войска яго збянтэжыла. Сяргей кажа, што сутыкнуўся з «зомбі-атрадамі» з наркаманаў і 60‑гадовых мабілізаваных, якіх застаецца толькі «абняць і плакаць». Армію ён называе падобнай да нейкага партызанскага атрада, а не да прафесійнага войска.

Пасля пераводу ў 79‑ы полк яго адправілі на штурм вёскі Зялёная разам з групай зэкаў і разведчыкаў. Умовы былі складанымі: камандзіры жылі ў гразі, штурмавікоў адпраўлялі на штурмы без надзеі на эвакуацыю, а пасадкі былі літаральна засцеленыя трупамі расійскіх салдат. Паводле яго слоў, «эвакуацыйныя групы» забіралі толькі гаманцы і тэлефоны загінулых, пакідаючы целы на месцы.
Падчас выканання чарговага задання група Сяргея трапіла пад шчыльны ўдар украінскіх дронаў. Калі камандзіры з яго групы пачалі гінуць і разбягацца, беларус зразумеў, што надышоў ягоны шанец. Разам з кантужаным прапаршчыкам ён аддзяліўся ад рэшткаў атрада і пайшоў здавацца ў палон, падняўшы рукі і паказаўшы рацыі ўкраінскаму беспілотніку.
Пабачыўшы дрон, ён «зігануў па старой звычцы» — так Сяргей намякнуў гледачам пра свае неанацысцкія погляды. Кажа, зігануў ад стрэсу.

Нягледзячы на сваё крымінальнае мінулае і ўдзел вайне на баку Расіі, Сяргей у сацсетках падпісаны на розныя беларускія суполкі. Укантакце ён пісаў: «Менавіта бел-чырвона-белы сцяг — гэта гістарычны і сапраўдны сцяг беларусаў». А афіцыйны чырвона-зялёны сцяг ён называе «захад над балотам» і кажа, што той «болей нагадвае сцяг Мадагаскара, чым сцяг беларускага народа».

Па яго словах, умовы ва ўкраінскім палоне лепшыя за ўмовы ў расійскім войску. Ён кажа, што лічыць, што ўкраінцы змагаюцца за выжыванне, і калі яны прайграюць гэтую вайну, то іх проста не стане як нацыі, не застанецца ні ўкраінскай культуры, ні ўкраінскай мовы.
Звяртаючыся да расійскіх салдат і такіх жа зэкаў, якіх кідаюць у мясныя штурмы, былы зэк дае прагматычную параду: забіваць камандзіраў і выходзіць з паднятымі рукамі да ўкраінцаў, каб захаваць сабе жыццё.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары