«Бывае стан, калі не можаш спаць, бо дрэнна». Чым скончылася перасадка касцявога мозгу ў маладога беларускага музыкі Генры
«На апошніх двух сканаваннях усё чыста, так што ўсё атрымалася, здаровы чалавек!» Малады беларускі музыка Генадзь Буракоўскі, які ў 30 гадоў даведаўся пра вялікую пухліну ў грудзях, расказаў Радыё Свабода, як аднаўляецца пасля перасадкі касцявога мозгу.

Генадзю Буракоўскаму 31 год. Ён жыве ў Варшаве. Па адукацыі музыка і будаўнік атамных электрастанцый, працуе ў таксі. Гісторыя яго хваробы пачалася больш за два гады таму. Нечакана пачало моцна свярбець усё цела, паўгода Генадзю не маглі паставіць правільны дыягназ. Лекары вырашылі, што ў яго праблемы са скурай, выпісвалі мазі. Нарэшце на грудзях з’явілася ўшчыльненне. Гэта была лімфома Ходжкіна — пухліна 15 на 12 сантыметраў, якая ціснула на лёгкія і нават зламала грудзіну.
Паўгода хіміятэрапіі не дапамаглі. Каб арганізм справіўся з наватворам, Генры трэба было зрабіць перасадку касцявога мозгу і прайсці яшчэ адзін курс хіміятэрапіі, які цалкам знішчае імунітэт. У гэты перыяд Генадзю нельга было выходзіць з дому, бо ён быў вельмі ўразлівы да любых вірусаў. Перасадку яму зрабілі летась у кастрычніку. Свабода размаўляла з ім перад аперацыяй.
Генры прызнаецца, што перасадка касцявога мозгу была складанай. Асабліва цяжкім быў прыкладна тыдзень.
«Усе сістэмы арганізма знясіленыя. Бывае стан, калі не можаш спаць, бо дрэнна. Сіл не было настолькі, што ні ўстаць, ні паесці, нават пагаліцца не было сіл. Пастаянна ванітавала. Проста ляжаў у паўдрымотным стане. Я вельмі стараўся есці, бо гэта было надзвычай важна. Калі паціху пачаў актывізавацца касцявы мозг, стаў адчуваць, быццам унутры зноў агеньчык загараецца», — расказвае ён.
У першы час пасля перасадкі Генры моцна дапамог яго сябар Аляксей, які спецыяльна на некалькі месяцаў пераехаў да яго з Вільні.
«Ён займаўся гатаваннем, прыбіраннем, сачыў і нагадваў мне правілы — што бяспечна, а што не», — дзеліцца суразмоўца.
Чыстае сканаванне
Пасля перасадкі касцявога мозгу прайшло амаль пяць месяцаў. Генадзь вяртаецца да звычайнага жыцця.
«Мой стан паказвае, што касцявы мозг прыжыўся добра, і ў цэлым мы дасягнулі ўсіх задач перасадкі. У лютым было апошняе сканаванне, і на ім няма ніякіх слядоў хваробы. Паказчыкі крыві яшчэ зніжаныя, але на гэта, хутчэй за ўсё, уплывае падтрымліваючая таргетная хіміятэрапія», — расказвае Генадзь.
Ад прэпарату, які хлопцу будуць уводзіць да кастрычніка, ён часам адчувае сябе не вельмі добра.
«Бываюць дні пасля кропельніцы, калі я вельмі рассеяны і нібыта хворы. Ёсць яшчэ адзін пабочны эфект — баляць рукі і нямеюць кончыкі пальцаў, бо гэтая тэрапія крыху шкодзіць нервы. Аднак з хіміятэрапіяй значна ніжэйшая рызыка рэцыдыву. Адна доза раз у тры тыдні, пару дзён слабасці і рассеянасці, але потым жывеш амаль звычайным жыццём», — тлумачыць Генадзь.
Далей Генадзя чакаюць новыя сканаванні цела, каб праверыць, ці не вярнулася пухліна. Калі ўсё будзе добра праз год пасля перасадкі касцявога мозгу, то бок сёлета ў кастрычніку, хлопца прызнаюць вылечаным. Але лекары будуць і далей назіраць яго.
«З лімфомай так: чым даўжэй няма рэцыдыву, тым меншая верагоднасць, што ён здарыцца. Праз пяць гадоў рызыка ўжо не большая, чым у звычайнага здаровага чалавека. Яшчэ бывае, трывожуся з-за патэнцыйнага рэцыдыву — зажывае костка грудной клеткі, якую зламала пухліна, там часам нешта пабольвае, і мне здаецца, што яна зноў расце. Але пасля сканавання ўсё праходзіць», — прызнаецца Генадзь.
Праца, музыка і ровар
Генадзь ужо вярнуўся да працы ў таксі.
«Лекары дазволілі мне паціху вяртацца да працы. Аналізы ўжо стабільныя, хоць паказчыкі яшчэ не вельмі высокія. Але я зрабіў прышчэпкі, паставіў спецыяльны ахоўны экран у машыну — і выязджаю ў горад. Увогуле прыемна. Хоць першы час было цяжкавата, бо адвык доўга сядзець у аўтамабілі», — расказвае хлопец.

У лютым Генадзь яшчэ і дапамагаў з тэхнічнай часткай у адным тэатральным праекце.
«Даволі насычаны люты атрымаўся», — падсумоўвае ён.
У яго планах больш адпачываць і займацца музыкай. Пасля таго як канчаткова паправіцца, ён абяцаў зладзіць канцэрт для людзей, якія падтрымалі яго, у тым ліку грашыма, падчас лячэння.
«Вельмі хачу ўлетку выступаць! Абавязкова хачу зрабіць канцэрт са сваімі песнямі ў ўтульным месцы. Думаю зрабіць і стрым з гэтага канцэрта і абавязкова падзялюся пра гэта на ўсіх пляцоўках, дзе ладзіў збор», — расказвае музыка.
Ён мяркуе, што тры-чатыры дні працы ў таксі будзе дастаткова, каб утрымліваць сябе, а астатні час хоча прысвячаць творчасці.
«Яшчэ вельмі хачу купіць ровар — якраз надвор’е дазваляе дадаць спорту. Але пакуль ад гэтай вясны і лета ў мяне ёсць дакладнае чаканне: я не хачу нікуды і ні за чым бегчы, проста запаволіцца, шпацыраваць, чытаць, слухаць, нешта спяваць», — дзеліцца Генры сваімі планамі.
Каментары