Ва Украіне і Расіі ўзламалі сістэмы апавяшчэнняў. Людзям прыходзілі паведамленні пра хімічную небяспеку і ядзерную пагрозу
Увечары 1 лістапада ўкраінскі дадатак «Паветраная трывога» пачаў рассылаць папярэджанні пра ядзерную і хімічную небяспеку, а таксама вулічныя баі. Праз некалькі гадзін пра ўзлом свайго дадатку паведаміла МНС Расіі — расіян папярэдзілі пра пагрозу ядзернага ўдару.

Што адбылося ва Украіне
Першыя фальшывыя апавяшчэнні пачалі прыходзіць а 22:47 паводле кіеўскага часу ў нядзелю. У іх сцвярджалася, што па ўсёй Украіне абвешчаны чырвоны ўзровень паветранай трывогі, піша BBC.
Праз хвіліну карыстальнікі атрымалі паведамленне па-руску: «Прывітанне! Па ўсёй Украіне зараз будзе ядзерная трывога. Не хвалюйцеся, ляціць «Арэшнік»!»

Жыхарам Кіева і іншых гарадоў таксама прыходзілі папярэджанні пра радыяцыйнае заражэнне, хімічную атаку і вулічныя баі з заклікам не выходзіць на вуліцу.
Паветраныя сілы Украіны неўзабаве заявілі, што дадатак «зазнаў варожае ўздзеянне».
«Ніякай радыяцыйнай пагрозы няма! Захоўвайце спакой, сачыце за нашымі паведамленнямі ў нашым канале!» — паведамілі вайскоўцы.
Паводле паведамленняў, у Львоўскай вобласці праз збой у дадатку сігнал пра радыяцыйную небяспеку прагучаў і з вулічных гучнагаварыцеляў. Мясцовыя ўлады заявілі, што такой пагрозы няма.
Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях пазней паведаміла, што нацыянальная сістэма апавяшчэння працуе штатна. Жыхароў заклікалі сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі мясцовых уладаў і сігналамі гучнагаварыцеляў.
Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны паведаміла пра часовае адключэнне «Паветранай трывогі».
Распрацоўшчыкі пацвердзілі несанкцыянаванае ўмяшанне: яны адключылі пуш-апавяшчэнні і прыпынілі працу дадатку.
«Дадатак не захоўвае персанальных даных, таму пагрозы для карыстальнікаў няма. Просім ні ў якім разе не пераходзіць па спасылках з падазроных апавяшчэнняў», — заявіла каманда праграмы.
Уначы з’явілася паведамленне, што яе працу паступова аднаўляюць.
Што адбылося ў Расіі
Каля другой гадзіны ночы паводле маскоўскага часу пра кібератаку на свой мабільны дадатак паведаміла МНС Расіі.
«Зламыснікам удалося ажыццявіць рассылку фэйкавай інфармацыі насельніцтву», — заявілі ў ведамстве.
Карыстальнікі атрымлівалі, сярод іншага, папярэджанні пра пагрозу ядзернага ўдару.
МНС паведаміла, што ліквідуе ўразлівасць і аднаўляе працу дадатку. Пры гэтым ведамства падкрэсліла: узлом не паўплываў на асноўную сістэму апавяшчэння насельніцтва. Для яе выкарыстоўваюць сірэны, гучнагаварыцелі, СМС, тэлебачанне і радыё.
Паводле ўкраінскага выдання УНН, адказнасць за ўзлом расійскага дадатку ўзяў на сябе партызанскі рух «Атэш». Ён апублікаваў скрыншот паведамлення з заклікам тэрмінова назапасіць прадукты на тры тыдні і схавацца ў падвалах. BBC адзначае, што не змагла пацвердзіць сапраўднасць гэтага скрыншота.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары