Свет4141

«Цяпер мы ямо ўсяго раз на дзень». Жыццё ў пасляваеннай Сірыі пасля падзення рэжыму Асада цяжкае

Пасля змены ўлады сірыйцы спадзяваліся на хуткае паляпшэнне жыцця. Але скарачэнне субсідый і рост цэн зрабілі многія сем’і яшчэ бяднейшымі: людзі адмаўляюцца ад мяса і эканомяць на святле, каб выжыць. Пра расчараванне сірыйцаў эканамічнай палітыкай новых уладаў піша BBC.

Многія сірыйцы сталі жыць бядней пасля падзення рэжыму Башара Асада. Фота: Neha Sharma / BBC

У верасні ў сірыйскіх гарадах успыхнулі пратэсты. На плошчах і вуліцах пратэстоўцы палілі шыны, перакрывалі дарогі і скандавалі лозунгі, выказваючы абурэнне рашэннем урада зноў павысіць цэны на паліва. Гэта стала самай маштабнай праявай незадаволенасці рашэннямі ўрада з таго часу, як два гады таму да ўлады ў краіне прыйшоў Ахмед аш-Шараа.

Адзін з удзельнікаў пратэстаў у эфіры сірыйскага тэлеканала заявіў, што па-ранейшаму падтрымлівае ўлады, аднак яго становішча стала настолькі цяжкім, што яму больш няма за што купіць хлеб. «Шчыра кажучы, мы ўжо баімся таго, якое новае рашэнне прынясе нам наступная раніца», — дадаў іншы ўдзельнік акцыі пратэсту.

Чарговае павышэнне цэн на паліва — яшчэ адно звяно ў ланцугу рашэнняў урада, якія робяць насельніцтва ўсё бяднейшым.

Хлопчык на ровары глядзіць на прадаўца садавіны на фоне будынка, пашкоджанага падчас грамадзянскай вайны. Хомс, Сірыя, 1 кастрычніка 2026 года. Фота: AP Photo / Ghaith Alsayed

Пасля таго як паўстанцы на чале з аш-Шараа зрынулі рэжым Башара Асада, паклаўшы канец пяцідзесяцігадоваму жорсткаму праўленню сям'і Асадаў і трынаццацігадовай разбуральнай грамадзянскай вайне, дабрабыт многіх сірыйцаў значна пагоршыўся.

Заняўшы пасаду прэзідэнта, аш-Шараа пачаў прыкладаць намаганні для аднаўлення эканомікі, якая пацярпела ад доўгай вайны і санкцый.

Ніхто не сумняваўся, што гэта вельмі складаная задача. Аднак, святкуючы звяржэнне Асада, сірыйцы — магчыма, залішне аптымістычна — спадзяваліся на хуткія змены да лепшага. Але за два гады працы новых уладаў жыццё насельніцтва не палепшылася. Наадварот, фінансавае становішча значнай часткі насельніцтва працягвае пагаршацца, а эканамічная палітыка ўрада выклікае ў многіх расчараванне.

Цэны выраслі практычна на ўсё, у тым ліку на камунальныя паслугі і тавары першай неабходнасці. А чарговае, нечаканае павышэнне кошту паліва многія ўспрынялі як прыкмету таго, што ўрад адарваны ад рэальнасці.

«Нам не патрэбныя кругавыя развязкі! Кожны дзень будуюць новую развязку. Людзі падтрымалі вас і застаюцца на вашым баку, — сказаў яшчэ адзін пратэстовец, звяртаючыся да аш-Шараа, — але такія дзеянні могуць прывесці да выбуху».

Праз некалькі дзён, на фоне заклікаў да новых акцый пратэсту, рашэнне аб павышэнні цэн было адмененае.

«Цяпер мы харчуемся больш сціпла. Мы больш не можам купіць курыцу хаця б раз на тыдзень», — кажа Фаціма Салех Эйд.

У прыгарадзе Дамаска журналіст ВВС сустрэўся з Фацімай Салех Эйд. Яна прыйшла на рынак, каб купіць прадукты на тыдзень. Фаціме 50 гадоў, яна працуе прыбіральшчыцай, каб дапамагаць утрымліваць сям'ю.

«Нам давялося вельмі цяжка», — кажа яна. Яе муж нядаўна ўладкаваўся на керамічны завод, да гэтага ён год быў без працы. Яму яшчэ пашанцавала: многія іх знаёмыя ўжо доўгі час не могуць знайсці працу. На некаторых вуліцах мужчыны збіраюцца ў чаканні выпадковага заробку — часта дарэмна.

Урад аш-Шараа ў рамках палітыкі жорсткай эканоміі істотна скараціў субсідыі, якія дзейнічалі ў краіне шмат гадоў пры Асадзе. Пасля гэтага цэны на хлеб — асноўны прадукт харчавання ў Сірыі — выраслі ў дзесяць разоў. Кошт паліва ў Сірыі цяпер адпавядае сярэднесусветным паказчыкам. Рэзкі рост цэн на паліва ўдарыў па фермерах, таксама падаражэлі ўсе перавозкі, а тарыфы на электраэнергію для многіх кампаній выраслі на сотні працэнтаў.

Улады паспрабавалі знізіць напружанасць, праіндэксаваўшы заробкі ў дзяржаўным сектары, а таксама пенсіі, аднак праз пастаянны рост цэн гэтыя прыбаўкі да заробкаў і пенсій практычна не адчуваюцца.

«Цяпер мы харчуемся значна больш сціпла. Мы больш не можам дазволіць сабе ні курыцу, ні мяса. Ямо толькі гародніну, але нават яна каштуе дорага, — расказвае Фаціма. — Дай Бог, цэны калі-небудзь знізяцца».

Пажылы мужчына побач таксама прызнаўся, што перастаў купляць мяса. Іншы, якому каля дваццаці гадоў, расказаў, што яго сям'я больш не можа купляць лекі для бацькі, у якога хворае сэрца. Адна маладая жанчына прызналася, што яна і яе чацвёра дзяцей могуць дазволіць сабе паўнавартасны абед толькі раз на два дні.

«Я баюся рахунку за электрычнасць»

68‑гадовы пенсіянер Марван Башур кажа, што яго штомесячны даход складае каля 90 даляраў — гэта мінімальны памер аплаты працы ў дзяржаўным сектары. «Гэтага зусім недастаткова», — кажа ён.

Паводле звестак Праграмы развіцця ААН, у 2025 годзе 90% сірыйцаў жылі ў беднасці.

Марван Башур расказаў, як яму ўдаецца выжываць на 90 даляраў у месяц.

«Часам я пазычаю грошы, часам прадаю рэчы з дому. Напрыклад, стары рондаль, талеркі, якімі мы ніколі не карысталіся, або падарункі, якія нам калісьці дарылі. Даводзілася нават прадаваць мэблю», — расказвае ён.

Былі і іншыя цяжкасці. Як і многія сірыйцы, Марван раней разлічваў на дапамогу гуманітарных арганізацый. Але цяпер гэтая падтрымка спынілася: праз скарачэнне фінансавання арганізацыі былі вымушаныя скараціць аб'ёмы дапамогі.

Сірыя таксама адчула на сабе наступствы супрацьстаяння ЗША і Ірана. Паводле заявы ўрада, павышэнне цэн на паліва, якое справакавала пратэсты, часткова было выкліканае ціскам на энергетычныя рынкі, што ўзнік праз гэты канфлікт.

ВВС сустрэлася з яшчэ адным пенсіянерам — 63‑гадовым Набілем аль-Рэмхейнам. Ніводнае з яго чацвярых дарослых дзяцей не змагло знайсці працу.

«Цяпер мы ямо ўсяго раз на дзень. Гэта сапраўдная трагедыя. І так не толькі ў мяне — так жыве ўсё насельніцтва. Мы ўсе галадаем… Мы задыхаемся пад цяжарам росту цэн», — кажа ён. На яго твары чытаецца стомленасць.

Набіль адвёў журналіста да сябе дадому, у бедны раён з вузкімі вулачкамі і сціплымі пабудовамі. Калі яны прыйшлі, яго жонка займалася хатнімі справамі. У доме было цёмна, але яна не ўключала святло.

«Я баюся рахунку за электрычнасць, — прызнаўся Набіль. — Мы сталі радзей уключаць святло ў доме, а халадзільнік адключаем прыкладна на пяць гадзін у дзень».

І ўсё ж апошні рахунак склаў прыкладна траціну сямейнага даходу. Набіль яго так і не аплаціў.

Хаід Хаід, сірыйскі публіцыст і запрошаны эксперт лонданскага аналітычнага цэнтра Chatham House, адзначыў, што становішча «значнай часткі насельніцтва» стала горшым, чым да падзення рэжыму Асада.

Паводле яго слоў, эканамічны крызіс — адна з «найбольш небяспечных праблем» для ўрада, прычым часткова ён сам стаў яго прычынай.

«Часткова [крызіс] звязаны з недахопам [фінансавых] рэсурсаў і спадчынай ранейшага рэжыму, — патлумачыў ён. — Але гэта таксама прамое наступства новай палітыкі, накіраванай на пераход [Сірыі] да свабоднай рынкавай эканомікі, якая зусім не ўлічвае, якімі будуць наступствы пераўтварэнняў для людзей».

Прадстаўнік Міністэрства эканомікі і прамысловасці Сірыі паведаміў, што ніхто з супрацоўнікаў ведамства не можа пракаментаваць сітуацыю і даць інтэрв'ю.

Безумоўна, сірыйскаму кіраўніцтву ўдалося дасягнуць пэўных важных вынікаў.

Былі знятыя міжнародныя санкцыі, уведзеныя яшчэ пры Башары Асадзе, а ЗША выключылі краіну са спісу дзяржаў — спонсараў тэрарызму.

Сітуацыя ў сферы бяспекі застаецца нестабільнай і выклікае трывогу, аднак у цэлым у краіне стала спакайней.

Прэзідэнт працягвае ўмацоўваць сваю ўладу: у прыватнасці, раней сёлета ён вярнуў пад свой кантроль багаты на рэсурсы паўночны ўсход, выцесніўшы адтуль курдскія фарміраванні. (Пры гэтым друзы па-ранейшаму ўтрымліваюць раёны на поўдні, імкнучыся стварыць там аўтаномнае ўтварэнне, а Ізраіль акупуе частку паўднёва-заходніх тэрыторый.)

Аднак пра рэальнае аднаўленне эканомікі пакуль гаварыць не даводзіцца. Значныя тэрыторыі Сірыі па-ранейшаму ляжаць у руінах пасля вайны, якая забрала жыцці паўмільёна чалавек і прывяла да таго, што палова насельніцтва была вымушаная пакінуць свае дамы.

Многія сем'і, не маючы сродкаў на арэнду жылля, вымушаныя туліцца ў часткова разбураных будынках.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, на аднаўленне краіны спатрэбіцца 216 мільярдаў даляраў — без замежнай дапамогі і інвестыцый сірыйцам будзе немагчыма адбудаваць яе нанова.

Сірыйскі эканаміст Самір Аіта з парыжскага аналітычнага цэнтра «Кола арабскіх эканамістаў» ахарактарызаваў цяперашні крызіс як «вынік палітыкі, пры якой улады не змаглі сфарміраваць рэалістычныя чаканні грамадства, што спарадзіла толькі нязбытныя надзеі».

На пытанне пра тое, як ён ацэньвае будучыню, Аіта адказаў: «Сітуацыя няўстойлівая. Калі курс не зменіцца, баюся, нас чакае хаос».

Сірыйцы, знясіленыя шматгадовай вайной і практычна пазбаўленыя выбару, тым не менш працягваюць спадзявацца на лепшае.

Абу Махмуд, кіроўца таксі, сказаў ВВС: «Краіна дасталася ім ужо банкрутам, таму людзям трэба набрацца цярпення. Такія рэчы за адзін дзень не робяцца».

Каментары41

  • Эканоміка
    01.11.2026
    Тамака патрэбны такія як Лешек Бальцэровіч чы Лі Куан Ю
  • Lik
    01.11.2026
    На Беларусі будзе тое ж самае, калі абрынецца рэжым лукі. Зараз дыктатар хаця б дзеліцца трохі тым, што прысабечвае ў кішэні сям'і. Насамрэч эканоміка ў залежнасьці ад масковіі і таму ў глыбокай дупе. Аднаўляцца будзе вельмі цяжка, бо ва ўладу лёгка ўскочаць папулісты
  • Бела-чырвона-белы
    01.11.2026
    Трэбы трошкі і пагаладаць, бо дэмакратыя не хутка будуецца. Так будзе і на Беларусі, пасля Лукашэначкі. Спачатку інтарэсы бізнэсоўцаў, а потым і вам трошкі.

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Арт-менеджару Алегу Ларычаву выклікалі хуткую на суд4

У ЗША ўпершыню абралі мусульманіна ў Сенат. Раней Трамп называў гэтага кандыдата «джыхадыстам»11

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў10

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць