У Беларусі запусцілі першыя магутнасці новага калійнага камбіната
Калійны камбінат у Любанскім раёне пачала будаваць у 2016 годзе кампанія «Слаўкалій», створаная Міхаілам Гуцэрыевым.

У Любанскім раёне запусцілі першую і другую чэргі Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Як расказаў на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў, у 2026 годзе на новым прадпрыемстве плануюць атрымаць 500 тыс. тон калійных угнаенняў, піша БелТА.
Калійны камбінат у Любанскім раёне пачала будаваць у 2016 годзе кампанія «Слаўкалій», створаная расійскім бізнесменам Міхаілам Гуцэрыевым. Праект ацэньвалі ў $2 млрд, з іх $1,4 млрд — крэдыт Банка развіцця Кітая. Але ў 2021 годзе пасля ўвядзення заходніх санкцый супраць Гуцэрыева і калійнай галіны Беларусі фінансаванне праекта спынілася.
Будаўніцтва аднавілася ў канцы 2023 года. Правапераемнікам «Слаўкалія» стала дзяржаўнае прадпрыемства «Нетры Нежын», якое ў маі 2025 года ўзначаліў былы генеральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты. Тады ж падчас паездкі ў Любанскі раён кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг рашэнняў, накіраваных на завяршэнне будаўніцтва і адначасовае развіццё Любанскага раёна.
У верасні 2025 года на Нежынскім камбінаце атрымалі першую таварную прадукцыю. На сёння выпушчана каля 400 тыс. тон калійных угнаенняў, якія знайшлі сваіх пакупнікоў на знешніх рынках.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары