Пабіты сабака з Віцебска, якога Лукашэнка падарыў Баскаву, дагэтуль жыве ў апошняга
У канцы красавіка 2022 года па інтэрнэце разышлося відэа, дзе дзяўчына ў Віцебску збівае нагамі маленькага сабаку. Міліцыя пасля яе затрымала. Дзяўчыну асудзілі па двух адміністрацыйных артыкулах — жорсткае абыходжанне з жывёламі (16.29) і непадпарадкаванне (23.4). А сабачку Одзі, якому тады быў год і тры месяцы, забралі.

У выніку Аляксандр Лукашэнка перадаў яго хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву падчас трэніроўкі.

Цяпер Баскаў расказаў на СТБ, што сабака дагэтуль жыве ў яго сям'і.

«Ён як маленькае дзіця — гуляе, есць, спіць, адпачывае, весяліцца, дзеці часцяком задзейнічаюць у розных спартыўных гульнях. Ён ужо гуляе і ў хакей, і ў футбол», — падзяліўся Баскаў.

Баскаў нядаўна, пасля заканчэння 5‑гадовай дыскваліфікацыі ад Міжнароднай федэрацыі хакея, узначаліў наглядальны савет ХК «Дынама-Мінск».
Сенатар, ён таксама развівае бізнэс пад лукашэнкаўскім брэндам Lepshy. І разам з партнёрамі забудоўвае Мінск і ваколіцы.
Баскаў быў на Плошчы Перамен у Мінску падчас нападу на Рамана Бандарэнку ў лістападзе 2020 года.
Каментары