У Арыны Сабаленкі падчас тэлешоу скралі заручальны пярсцёнак за 800 тысяч даляраў
Беларуская тэнісістка, 2‑я ракетка свету Арына Сабаленка ледзь не страціла заручальны пярсцёнак коштам 800 тысяч даляраў падчас удзелу ў папулярным амерыканскім тэлешоу.

Гэты дарагі падарунак спартсменка атрымала вясной ад свайго жаніха, бразільскага бізнэсмена Георгіаса Франгуліса. Пара заручылася 3 сакавіка ў амерыканскім горадзе Індыян-Уэлс. Менавіта там 8 лістапада павінен пачацца выніковы турнір WTA, на якім Сабаленка плануе завяршыць цяперашні гульнявы сезон.
Пярсцёнак з дыяментам знік з пальца тэнісісткі падчас выступлення амерыканскага менталіста і ілюзіяніста Оза Перлмана, які запрасіў Сабаленку паўдзельнічаць у сваім нумары. Фокуснік непрыкметна зняў упрыгожанне, і спартсменка не адразу заўважыла знікненне. Праз некалькі хвілін, калі яна ўжо пачала хвалявацца, Перлман эфектна дастаў пярсцёнак са звычайнага жоўтага тэніснага мяча.
Сабаленка была ўражаная спрытам і майстэрствам ілюзіяніста.
«Я ў шоку і дагэтуль правяраю, ці той гэта пярсцёнак!» — з усмешкай падзялілася яна эмоцыямі ў сацыяльных сетках.
Пярсцёнак быў выраблены ювелірамі на заказ паводле індывідуальнага эскіза для будучай жонкі Франгуліса. Ягоны сапраўдны рынкавы кошт можа быць значна вышэйшы за згаданыя 800 тысяч даляраў.
Каментары