У восем гадоў у дзяўчыны пачалі імкліва расці грудзі і не спыніліся дагэтуль
28‑гадовая шатландка Самэр Роберт мае грудзі, якія, паводле яе слоў, важаць больш за 25 кілаграмаў. Як яна жыве з такой асаблівасцю?

Як расказала Самэр Роберт у інтэрв'ю The Sun, першыя змены пачаліся ў восем гадоў. Усяго за адны выходныя грудзі дзяўчынкі выраслі настолькі, што спатрэбіўся бюстгальтар памеру C. І гэта быў толькі пачатак. Цяпер дзяўчыне 28 гадоў, яна жыве ў Глазга. Пры росце каля 150 сантыметраў яе грудзі, паводле ўласнай ацэнкі, важаць больш за 25 кілаграмаў.
У дзяўчыны макрамастыя — стан, пры якім тканіны малочных залоз празмерна разрастаюцца. Асабліва цяжкія выпадкі называюць гігантамастыяй. Гэта рэдкая медыцынская праблема, якая можа ўзнікаць у перыяды гарманальных змен, у тым ліку падчас палавога выспявання. Прычыны яе развіцця не заўсёды ўдаецца дакладна вызначыць.

Ад школьных насмешак да вялікіх заробкаў
Самэр прыгадвае, што ў дзяцінстве ёй было складана нават падабраць школьную форму. Настаўніцы рабілі заўвагі і патрабавалі апранацца так, каб яна не адцягвала ўвагі хлопчыкаў. Дзяўчынка таксама сутыкалася з непажаданай увагай дарослых мужчын.
З гадамі праблема толькі пагаршалася. Цяпер Самэр носіць бюстгальтар брытанскага памеру 30R, але сцвярджае, што і ён ужо замалы. Аднойчы яна заплаціла за выраблены на заказ бюстгальтар каля $1170, аднак праз чатыры тыдні ўжо не магла яго насіць.
Да 26 гадоў шатландка працавала ў сферы турызму. Але пасля шматлікіх непажаданых каментароў кліентаў вырашыла паспрабаваць зарабляць на сваёй знешнасці і завяла старонку на платформе OnlyFans.
Поспех прыйшоў амаль адразу. За першую ноч яна зарабіла каля $1070, а цяпер, паводле яе слоў, атрымлівае ў сярэднім каля $200 тысяч штомесяц. У інстаграме ў Самэр амаль 370 тысяч падпісчыкаў.
Пастаянны боль і адмовы ў аперацыі
Аднак вялікія заробкі не азначаюць, што яе жыццё стала лёгкім. Паводле слоў Самэр, яна штодня пакутуе ад болю ў спіне і плячах. Каб палегчыць яго, дзяўчына тройчы на тыдзень ходзіць на масаж, выдаткоўваючы на гэта каля $18700 на год. Яшчэ да $13400 сыходзіць на спецыяльную бялізну.
Цяжка ёй і падарожнічаць. Дзяўчына часта лётае па працы, але праз памер грудзей не можа камфортна размясціцца ў звычайным самалётным крэсле. Таму ёй даводзіцца купляць дарагія білеты ў бізнэс-клас.
Самэр неаднаразова думала пра аперацыю па змяншэнні грудзей. Паводле яе слоў, яна шэсць разоў звярталася да дактароў, але атрымлівала адмовы. Спачатку ёй казалі, што яна занадта маладая, пасля спасылаліся на высокі індэкс масы цела. Пазней, як сцвярджае дзяўчына, медыкі тлумачылі, што праз яе стан грудзі могуць зноў вырасці пасля аперацыі.
Самэр не выключае, што аднойчы зробіць аперацыю па змяншэнні грудзей, калі боль і фізічная нагрузка стануць невыноснымі. Але пакуль яна не спяшаецца. Паводле слоў дзяўчыны, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна любіць сваё цела.
Каментары