Харват прыйшоў уладкоўвацца ў тэхнакампанію, але замест гэтага спакусіўся на крадзеж даражэннага Bugatti ўладальніка
У Харватыі з тэрыторыі кампаніі прадпрымальніка і стваральніка інавацыйных гіперкараў Матэ Рымаца скралі Bugatti Chiron коштам 3 мільёны еўра. Злодзея затрымалі менш чым праз суткі дзякуючы сумеснай аперацыі паліцыі некалькіх краін і ўбудаванай у аўтамабіль сістэме тэлеметрыі. Сам Рымац з гумарам пацвердзіў здарэнне ў відэа ў сацыяльных сетках і расказаў, як такое ўвогуле магло адбыцца, піша Devby.io.

Рымаца часта называюць «балканскім Іланам Маскам». Заснаваная ім кампанія Rimac Automobili пачынала працу ў гаражы, а цяпер выпускае электрычны гіперкар Rimac Nevera, які лічыцца самым хуткім у свеце, і кантралюе марку Bugatti ў межах сумеснага прадпрыемства Bugatti Rimac.
Як высветлілася, бізнэсмен лічыў сваю краіну вельмі бяспечнай і на працягу многіх гадоў пакідаў ключы проста ў салонах сваіх аўтамабіляў. Гэта тычылася не толькі Chiron, але і эксклюзіўнага Nevera. Так рабілі выключна дзеля зручнасці супрацоўнікаў: на тэрыторыі кампуса машыны пастаянна перамяшчаюць, выпрабоўваюць і выкарыстоўваюць для працоўных патрэб.
Уезд на саму фабрыку абсталяваны сістэмай пропускаў, але знешняя тэрыторыя кампуса застаецца даступнай. Bugatti стаяў на двары, калі 36‑гадовы грамадзянін Харватыі проста зайшоў на паркоўку, сеў за руль і спакойна з’ехаў.
Знікненне аўтамабіля заўважылі не адразу. Калегі і сябры Рымаца рэгулярна бяруць яго машыны пакатацца, таму сам заснавальнік не заўсёды ведае, дзе ў пэўны момант знаходзіцца той ці іншы гіперкар. Трывогу забілі толькі пасля таго, як адзін з відавочцаў заўважыў падазронага кіроўцу за рулём Chiron і паведаміў пра гэта кампаніі. Супрацоўнікі пачалі перапісвацца ў чатах, спрабуючы высветліць, хто ўзяў машыну, і хутка зразумелі, што яе скралі.
Пакуль Рымац тэлефанаваў у паліцыю, ягоныя інжынеры падключыліся да сістэмы тэлеметрыі Bugatti. Гіперкар у рэальным часе перадаваў на серверы свае каардынаты, хуткасць і ўзровень паліва. Даныя паказалі, што злодзей на вялікай хуткасці рухаецца ў бок Славеніі.
Рымац сеў у свой Porsche 911 і кінуўся ў пагоню. Нягледзячы на значны адрыў злодзея, Матэ разлічваў, што рухавік Chiron, які спажывае шмат паліва, прымусіць таго заехаць на запраўку яшчэ да мяжы з Аўстрыяй.
План амаль спрацаваў: злодзей паспеў праехаць праз Харватыю і Славенію, але пазней яго затрымала аўстрыйская паліцыя на адной з заправачных станцый. Да таго часу праваахоўнікі трох краін ужо дзейнічалі разам, а аўстрыйскія паліцыянты атрымлівалі актуальныя каардынаты гіперкара непасрэдна з каманднага цэнтра Rimac.
Як высветлілася, першапачаткова мужчына прыйшоў у кампанію, каб уладкавацца на працу. Аднак, убачыўшы аўтамабіль і ключы, якія ляжалі на бачным месцы, ён вырашыў скрасці машыну і з’ехаць на ёй у Германію. Рымац не мае асабістых прэтэнзій да чалавека, які так і не стаў супрацоўнікам кампаніі, але з улікам кошту аўтамабіля паліцыя не пакіне яго без пакарання.
Прадпрымальнік асобна падзякаваў аўстрыйскім праваахоўнікам за аператыўную працу. Аўтамабіль вярнулі ўладальніку амаль непашкоджаным. Пасля гэтага Рымац вырашыў больш не пакідаць ключы ў салонах сваіх машын.
Каментары