«Нябачныя»: выйшла кніга Вольгі Вялічкі пра жонак беларускіх палітвязняў
Матэрыяламі для кнігі сталі размовы з жанчынамі, чые мужы трапілі за краты за свае перакананні

Выйшла кніга псіхалагіні Вольгі Вялічкі «Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў». Яна з’явілася ў продажы ў выдавецтве Gutenberg, піша «Белсат».
Матэрыяламі для кнігі Вольгі Вялічкі сталіся размовы з жанчынамі, чые мужы трапілі за краты за свае перакананні.
«Некаторыя з гераінь выступаюць пад уласным імем, як Святлана Ціханоўская, іншыя схаваныя за псеўданімамі. Але ва ўсіх тэкстах чуваць пратэст: супраць абставін, якія не пакінулі выбару», — гаворыцца ў апісанні кнігі.
Гэтая ўжо другая кніга Вольгі Вялічкі. Першая — «Ад двух да пятнаццаці. Мая маці ў турме» — нарадзілася падчас працы псіхалагіні з дзецьмі палітвязняў. Вялічка пачала збіраць іхныя гісторыі пра тое, як яны перажывалі рэпрэсіі супраць бацькоў, ператрусы ў іхных дамах, якія траўмы гэта пакінула ў маленькіх беларусаў.
Саму Вольгу Вялічку ў Беларусі завочна пакаралі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў дзевяццю гадамі зняволення, а таксама штрафам у памеры 12 000 рублёў.
Са снежня 2020 года псіхалагіня жыве за мяжой. У Беларусі яна кіравала дзіцячым хоспісам у Гродне. Ён быў ліквідаваны паводле рашэння гродзенскіх уладаў.
Каментары