Спарыш лічыць, што падчас пратэстаў 2020 года варта было захапіць ЦУМ
«У той сітуацыі нехта павінен быў першым пайсці ў атаку і загінуць».

Былы палітвязень Сяргей Спарыш адрэагаваў на прызнанне Эдуарда Пальчыса. Нагадаем, блогер заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў.
Але Спарыш лічыць, што маршы «былі не зусім асэнсаванымі прагулкамі без мэты». А дзейнічаць трэба было іначай — напрыклад, заняць будынак ЦУМа.
«Гэта значыць, Пальчыс узяў на сябе асабістую адказнасць за тое, што не абвясцілі бестэрміновы пратэст, калі на вуліцах былі сотні тысяч. За тое, што не занялі будынкі ў цэнтрах гарадоў, калі гэта можна было зрабіць без страт. Напрыклад, ЦУМ», — разважае Спарыш.
Ён сам быў арыштаваны ў чэрвені 2020 года, таму не мог прыняць удзел у паслявыбарчых пратэстах.
«Людзі вясной ахвяравалі свабодай дзеля таго, каб падняць хвалю пратэстаў. Бо без ахвяр гэта было нерэальна. У той сітуацыі нехта павінен быў першым пайсці ў атаку і загінуць. А вынік іншыя людзі выкарысталі для арганізацыі прагулак», — піша Спарыш.
Сяргей Спарыш быў у «Народнай Грамадзе» Міколы Статкевіча. Атрымаў шасцігадовы тэрмін па справе чата «Армія з народам». Быў памілаваны ў верасні 2025 года і дэпартаваны ў Літву. У эміграцыі далучыўся да «Нашага дома» Вольгі Карач.
Каментары