Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб расказаў, што падчас перамоў у Осла з удзелам спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа абмяркоўваліся пытанні бяспекі, энергетыкі і эканомікі ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны. Пра гэта фінскі лідар заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўнікамі Украіны і Нарвегіі ў Осла, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Па словах Стуба, перамовы адбываліся на двух узроўнях: абмеркаванне кароткатэрміновых задач і разгляд агульнай карціны магчымага мірнага ўрэгулявання.
«У агульнай карціне мы знайшлі некаторыя элементы міру, якія заўтра будуць перададзеныя ў Санкт-Пецярбург. Мы абмеркавалі і вызначылі ключавыя элементы, звязаныя з бяспекай, а таксама з эканомікай. Усе гэтыя прапановы былі старанна прапрацаваныя прадстаўнікамі ЗША, Украіны і ключавых еўрапейскіх краін», — сказаў прэзідэнт Фінляндыі.
Што да кароткатэрміновых задач, то гаворка ішла пра супрацьпаветраную абарону, энергетычную інфраструктуру і частковае спыненне агню, у тым ліку дзеля забеспячэння энергетычнай і харчовай бяспекі.
Стуб дадаў, што ў сераду Уіткаф павязе ў Санкт-Пецярбург прапановы, падрыхтаваныя на аснове абмеркаванняў паміж прадстаўнікамі ЗША, Украіны і еўрапейскіх краін.
«Мы цалкам разумеем, што публічна будзе шмат шуму, але на тэхнічным узроўні мы лічым, што перамовы прасоўваюцца вельмі добра», — адзначыў фінскі прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у перамоўным працэсе пастаянна дасягаецца прагрэс, хоць у публічнай прасторы гэта не заўсёды відавочна.
Каментары