«Маляваў сукамернікам вельмі мілых мульцяшных коцікаў, зайчыкаў і вожыкаў». Дзядок расказаў, як сядзеў у адной камеры са смяротнікам Скрундзікам
Экс-палітвязень расказаў, як перасекся з прысуджаным да смяротнай кары забойцам.

Віктар Скрундзік належаў да так званай слуцкай банды — групы з трох чалавек, што забіла ў 2019 годзе двух пенсіянераў 79 і 94 гадоў, а таксама збіралася забіць 85‑гадовую жанчыну, але не давяла справу да канца. Двух яго падзельнікаў у 2021 годзе асудзілі да працяглых тэрмінаў зняволення, а 29‑гадовага Скрундзіка прысудзілі да расстрэлу. Яго расстралялі ў 2022 годзе.
Мікола Дзядок піша, як перасекся з ім у СІЗА на Валадарскага.
«Ён вылучаўся бледнасцю. Калі я зайшоў у камеру №14 на Валадарцы, пасля абавязковай гарбаты наш «сматрачы» Саня Пазняк пачаў знаёміць мяне з яе насельніцтвам. Гэта — Юрык, сядзіць за махлярства. Гэта — Стары, аматар людзей нажамі рэзаць. Гэта — Дзюшэс, закладкі рабіў.
— А это… — Пазняк на секунду замяўся, — это Скрудж. Он со спецкоридора. Ну я не лез особо, не выяснял, что у него там… знаешь. Сам когда-то был под расстрельной статьёй.
Нічога дзіўнага, што пасля гэтых словаў Скрудж мяне зацікавіў і я хутка пайшоў з ім знаёміцца. Ён аказаўся на дзіва простым і камунікабельным. Вясковы 29‑гадовы хлопец, Віктар Скрундзік, цудоўна спраўляўся з усім, за што браўся: стаяў на «дарозе» (сродак міжкамернай сувязі з дапамогай працягвання вяроўкі між вокнамі суседніх камер), маляваў сукамернікам, па іх просьбе, вельмі мілых мульцяшных коцікаў, зайчыкаў і вожыкаў — для ўпрыгожвання лістоў і паштовак, што тыя слалі сям’ям. Пазітыўны, гумарны, ён нявольна абуджаў спачуванне. І, па шчырасці, рысамі твару сапраўды нагадваў Скруджа з «Качыных гісторый», хаця паганяла яму далі, вядома, па сугучнасці прозвішча.
І, паколькі ў размове Віцёк быў просты і адкрыты, то і я не пасаромеўся спытацца наўпрост, за што ён сядзіць.
— Два с половиной жмура! — з усмешкай патлумачыў хлопец. — Бабки старые. Но я не один был — с подельниками. Им 18 и 22, а мне — расстрел, представляешь! Но я допишусь! Лет 15, это ещё ладно. Но расстрел! За что? Я этого не делал!
Не скажу, што я быў шакаваны. Зразумела ж, на спецкалідор проста так не патрапляюць.
— Дык а чаго ж вы іх забівалі?, — удакладніў я. — Навошта?
— Ну деньги забрать… дома там что лежит. Хотелось пожить на красивую ногу!
— А раней сядзеў?
— Ага. На семнашке. Газовые баллоны с друзьями украли.
Скрундзік аказаўся ў камеры №14 пасля таго як у чэрвені 2020 Вярхоўны суд адмяніў прысуды яму і двум ягоным падзельнікам.
Ягоная справа была гучнай. У пошуках грошаў на выпіўку трое хлопцаў са Слуцкага раёна заходзілі ў дамы вясковых пенсіянераў, сваіх знаёмых, збівалі іх, душылі да непрытомнасці а пасля падпальвалі дом. Коштам жыцця былі сумы ў некалькі соцень рублёў і прыпасеныя ў пенсіянераў бутэлька-другая спіртнога.
Трэцюю ахвяру, 85‑гадовую жанчыну, душачы, Скрундзік напалохаў, што, калі тая не дасць грошы, будзе як з тымі, папярэднімі. Яе ўратавала, што на шум прыйшоў знаёмы Скрундзіка, што стаяў на вуліцы. Пасля іх сыходу жанчына выклікала міліцыю.
Спецкалідор Валадаркі — месца ўтрымання прысуджаных да смяротнай кары. Месца, авеянае для арыштантаў арэолам таямніцы і страху. Жорсткі рэжым: частыя ператрусы, забарона літаральна на ўсё. Цягам дня немажліва сесці на нару, толькі на лаўку. Усе перасоўванні — у пазіцыі «ластаўкі». За самае дробнае непадпарадкаванне — б'юць.
Раптоўная адмена прысуду дала Скрундзіку перадышку. Паколькі ён не грэўся — мы ўзялі яго ў нашую багатую (па СІЗАшных мерках) кампанію і ён перакусваў з намі ежай, аб якой і марыць не мог у сябе на спецкалідоры. На кожнае судовае паседжанне мы збіралі яму ссабойку.
Справа была накіраваная на новы разгляд, гэтым разам у Мінскі абласны суд. Папярэдні прысуд складаўся ў смяротнай кары — Скрундзіку, а ягоным падзельнікам, Мяцежу і Бушніну, 22 і 18 год пазбаўлення волі адпаведна.
Гэты факт дратаваў Скрундзіка найболей. Ён нястомна пісаў скаргі, змагаўся з пракурорам на судовых паседжаннях. Абураўся і нам у камеры
— Почему мне одному вышка? Давайте всем троим. Пускай всех трёх расстреливают — тогда я согласен. Хоть сейчас!
На судовых паседжаннях і ў камеры, пры гэтым, Скрудж даводзіў, што агаварыў сябе пад ціскам, а яўку з павіннай даў таму што «баяўся іншых фігурантаў справы». Казаў, што не ведаў, што старыкі былі яшчэ жывыя, калі ён падпальваў дамы, і, маўляў, нават спрабаваў выцягнуць іх з агню.
У нейкі момант я быў нават схільны паверыць у гэта. Ведаючы, як фабрыкуюцца справы ў нас, палітычных, нявольна думалася: можа і яго зацягнула ў той жа канвеер?
Падчас чарговага ад’езду Скрундзіка на суд наглядчык ахаладзіў мой імпэт:
— У него в деле все ОРМ (оперативно-разыскные мероприятия) есть. Ещё на ИВСе подсадному всё подробно рассказал. Как душил, как поджигал. Наверное, совесть мучила. А мусора всё записывали, конечно.
Нарэшце, настаў дзень фінальнага паседжання. Мінскі абласны суд мусіў вынесці новы прысуд замест адмененага. Інтрыга была немалой — адмена смяротнага прысуду ў Беларусі ў прынцыпе выключны выпадак, дый усім было цікава, як далей складзецца лёс Скрундзіка. Усё ж мы да яго прывыклі. Ягоныя мульцяшкі былі сапраўды ўдалыя і дужа падабаліся дзецям тых мужыкоў, якія слалі іх дадому.
На Валадарцы заўсёды была важная палёгка ў рэжыме: там можна было «падвырашыць пытанне з адміністрацыяй», каб, ездзячы на суды, не збіраць штораз усе свае пажыткі, уключаючы матрас. Бо звычайна Правілы ўнутранага распарадку патрабуюць выязджаць з камеры «як у апошні раз» і здаваць усе сумкі і матрас на склад. Залішняя, непатрэбная рэжымная цягамоціна: яна пераўтвараецца ў сапраўднае катаванне для тых, у каго бываюць дзесяткі і нават сотні судовых паседжанняў. Па дамове сматрашчага з аператыўнікам, тыя, хто ездзіў на суды з нашай камеры, рэчы не збіралі ніколі.
У той дзень пакінуў свае рэчы ў камеры і Скрудж. Мы ўсе развіталіся з ім, стрымана пажадалі ўдачы і заняліся сваёй штодзённай руцінай.
Скрундзік мусіў вярнуцца ў камеру толькі ў адным выпадку: калі Мінскі абласны суд заменіць яму смяротную кару на гады. Калі ж не, яго адправяць назад у камеру смяротнікаў. Гэта значыла, што мы мусім сабраць ягоныя рэчы і перадаць карпусному (галоўнаму наглядчыку), каб той занёс іх яму на спецкалідор.
Канвой звычайна прыязджаў на Валадарку блізу пятай гадзіны вечара. На вуліцы даўно сцямнела, гэта быў студзень.
Мы чуем, як па прадоле хлопаюць дзверы: па камерах разводзяць людзей з судоў. Толькі да нашых дзвярэй не падыходзіць ніхто — Скрундзіка ўсё няма. Праходзіць гадзіна, другая. «Напэўна, не вернецца…» — хлопцы пачынаюць дзяліцца здагадкамі адзін з адным.
І тут раптам адчыняецца кармушка. Нахіліўшыся ў праём, карпусны кажа:
— Скрундика вещи соберите.
І зачыняе кармушку.
Тая цішыня, якая павісла ў камеры пасля гэтых словаў, умясціла ў сябе ўсё.
Віктар Скрундзік быў расстраляны 16 ліпеня 2022 года».
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары
А так вельмі цікава было чытаць.