У Мінску пачалі выпрабоўваць анлайн-сістэму маніторынгу якасці вады. Яна дазваляе адсочваць сітуацыю ў розных частках горада з дапамогай спецыяльнай карты і аператыўна рэагаваць на магчымыя адхіленні, паведамілі ў эфіры тэлеканала СТБ.

Як патлумачыў генеральны дырэктар «Мінскводаканала» Фёдар Рымашэўскі, у найбольш важных пунктах водаправоднай сеткі паставілі датчыкі мутнасці вады. Яны перадаюць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу. Калі паказчыкі змяняюцца, дыспетчар атрымлівае сігнал і можа хутка адрэагаваць на нестандартную сітуацыю. Пакуль сістэма працуе не ў поўным аб’ёме і працягвае дапрацоўвацца.
У Мінску таксама працягваецца абнаўленне водаправодных і каналізацыйных сетак. Да канца 2026 года ўлады плануюць замяніць больш за 65 кіламетраў камунікацый. Работы ўжо набліжаюцца да завяршэння.
Акрамя таго, праводзіцца маштабная рэканструкцыя Мінскай ачышчальнай станцыі. Работы вядуцца па пяці асноўных напрамках, два з якіх плануюць завяршыць да канца года.
У сталіцы таксама скончылі неабходную падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду. Спецыялісты праверылі пажарныя гідранты, гідратэхнічныя збудаванні і помпавае абсталяванне.
Асобная ўвага надаецца снегаплавільным пунктам. Цяпер у Мінску працуюць два такія аб’екты. Трэці будуюць на вуліцы Ціміразева. Завяршыць будаўніцтва плануюць у лістападзе, каб у пачатку снежня пункт мог паўнавартасна працаваць.
На выпадак моцных маразоў сталічныя жыллёва-камунальныя службы падрыхтуюць дадатковыя аварыйныя брыгады і зацвердзяць графікі дзяжурстваў адказных супрацоўнікаў. Прадугледжаныя таксама пазапланавыя праверкі сістэм цеплазабеспячэння, цеплавых сетак і індывідуальных цеплавых пунктаў.
У Мінску каля 7,5 тысячы жылых дамоў з цэнтралізаваным ацяпленнем — гэта найбольшая колькасць у краіне. Таму надзейнае цеплазабеспячэнне зімой застаецца адной з галоўных задач гарадскіх службаў.
Каментары