Віталь Рымашэўскі з прыхільнікамі ўжо правялі сход свайго крыла БХД
Пакуль палітык Павел Севярынец рыхтуе аб’яднаўчы з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Беластоку ў гэту суботу, іншае крыло арганізацыі ўжо правяло ўласны сход у Варшаве і абрала чатырох сустаршыняў, піша «Белсат».

17—18 кастрычніка ў Варшаве прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя грамадска-палітычнага руху «Беларуская салідарнасць/Беларускія хрысціянскія дэмакраты». Паводле Віталя Рымашэўскага, у ім узялі ўдзел больш за 80 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі моладзевай і жаночай арганізацыяў. Сустаршынямі абралі Вольгу Алейнік, Дзяніса Садоўскага, Ксенію Палуэктаву і Віталя Рымашэўскага. У Раду арганізацыі ўвайшлі 17 асобаў.
Як патлумачыў «Белсату» Рымашэўскі, ягоная каманда плануе ператварыць хрысціянска-дэмакратычны рух у шырокую грамадска-палітычную арганізацыю, якая будзе працаваць не толькі з былымі партыйцамі, але і з новымі актывістамі.
Сярод прыярытэтаў на 2027—2028 гады — падтрымка беларусаў унутры краіны і ў эміграцыі, абарона іхных правоў, захаванне сувязяў з ЕС і супрацьдзеянне расейскай гібрыднай агрэсіі.
Чаму хрысціянскія дэмакраты не могуць дамовіцца?
Віталь Рымашэўскі тлумачыць падзел прынцыпова розным разуменнем хрысціянскай дэмакратыі. Сваё крыло ён называе больш прагрэсіўным, а групу Севярынца і Дзмітрука — рэлігійна-кансерватыўнай.
Адно з галоўных разыходжанняў датычыць ролі рэлігіі ў палітыцы.
«Мы не лічым, што хрысціянізацыя беларусаў, беларусізацыя хрысціян — гэта задача палітычнай партыі ці грамадска-палітычнага руху. Гэта задача царквы», — заявіў Рымашэўскі.
Паводле яго, хрысціянская дэмакратыя мусіць заставацца нерэлігійным рухам, адкрытым для людзей незалежна ад іхнага веравызнання.
Яшчэ адным каменем спатыкнення стала гендарная роўнасць. За апошнія чатыры гады каманда Рымашэўскага распрацавала асобную платформу, прысвечаную правам жанчын. Рымашэўскі не выключае, што ў выніку дзве плыні будуць мець асобныя праграмныя платформы, але змогуць супрацоўнічаць у супольных грамадскіх кампаніях.
Пагадненне могуць падпісаць яшчэ да з’езду Севярынца
Нягледзячы на супярэчнасці, Рымашэўскі запэўнівае, што ягоная каманда не разглядае паплечнікаў Севярынца як канкурэнтаў. Паводле палітыка, бакі ўжо каля двух месяцаў вядуць інтэнсіўныя перамовы, і апошнім часам дыялог стаў больш канструктыўным.
«З нашага боку ніякіх канфліктных рэчаў няма. Мы зараз вядзем перамовы пра тое, каб першаснае пагадненне аб супрацы было падпісанае, можа быць, яшчэ да сходу 24-га, які адбудзецца ў Паўла Севярынца і Георгія Дзмітрука», — сказаў ён.
Налета Рымашэўскі спадзяецца правесці супольную канферэнцыю і фармалізаваць супрацоўніцтва двух крылаў. Пры гэтым яны могуць захаваць арганізацыйную самастойнасць. У якасці прыкладу палітык прыводзіць нямецкія Хрысціянска-дэмакратычны і Хрысціянска-сацыяльны саюзы (ХДС/ХСС), якія дзейнічаюць як палітычныя партнёры.
На пытанне, ці будзе ён удзельнічаць у з’ездзе 24 кастрычніка, Рымашэўскі адказаў, што ягоная каманда як мінімум накіруе вітанні. Не выключаная і асабістая прысутнасць яе прадстаўнікоў.
Рымашэўскі адхіляе меркаванне, што два асобныя сходы могуць сведчыць пра барацьбу за лідарства ў БХД.
«Пра якую палітычную барацьбу сёння можа ісці гаворка, калі ўсе грамадска-палітычныя лідары беларускія знаходзяцца за мяжой?» — задаецца пытаннем ён.
Паводле яго, замест змагання за пасады дэмакратычныя сілы мусяць займацца практычнымі праблемамі беларусаў. Сярод канкрэтных задачаў ён назваў выдачу праязных дакументаў уцекачам на тры гады замест аднаго, супрацьдзеянне дыскрымінацыі эмігрантаў і захаванне магчымасцяў для беларусаў падарожнічаць і атрымліваць адукацыю ў Еўропе.
Рымашэўскі таксама падкрэсліў, што цяпер немагчыма правесці паўнавартасны партыйны з’езд з удзелам сябраў БХД, якія застаюцца ў Беларусі, таму гаворка можа ісці найперш пра развіццё хрысціянска-дэмакратычнага руху ў эміграцыі.
Ці атрымаецца пераадолець шматгадовы раскол, пакажа далейшае развіццё перамоваў.
Цяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары
Так у партии Латушки или там остальных - цели ж (декларируемые) точно такие же, не?