Меркаванні77

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь

Ці можа Трамп сапраўды аддаць Украіну Маскве? Ці спрабуе ён паўтарыць манеўр Ніксана наадварот — зблізіцца з Расіяй, каб адарваць яе ад Кітая? І што тады будзе з Беларуссю, якую ў асяроддзі трампістаў ужо часта ўспрымаюць як частку расійскай прасторы? 

Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў Анкорыджы на Алясцы ў жніўні 2025 года. Фота: Contributor / Getty Images

Спачатку Уладзімір Пуцін прапанаваў сустрэцца ў Кітаі ўтрох — з Дональдам Трампам і Сі Цзіньпінам — і абмеркаваць у тым ліку заканчэнне вайны ва Украіне, але без Уладзіміра Зяленскага і еўрапейцаў. Затым Трамп заявіў, што не супраць такой сустрэчы, і дадаў: магчыма, Украіне ўжо патрэбны нехта іншы для перамоў.

Але ўжо 21 кастрычніка сюжэт зрабіў чарговы паварот. Пасля сустрэчы амерыканскага спецпасланніка Стыва Уіткафа з Пуціным Масква пагадзілася ў прынцыпе аднавіць перамовы з Украінай і ЗША. Зяленскі такі фармат таксама падтрымаў. Пачаць перамовы могуць у лістападзе, хоць галоўныя супярэчнасці — тэрыторыі, гарантыі бяспекі, будучыня Данбаса — нікуды не зніклі. 

Ці можа Трамп сапраўды аддаць Украіну Маскве? Ці спрабуе ён паўтарыць манеўр Ніксана наадварот — зблізіцца з Расіяй, каб адарваць яе ад Кітая? І што тады будзе з Беларуссю, якую ў асяроддзі трампістаў ужо часта ўспрымаюць як частку расійскай прасторы?

Пра гэта «Наша Ніва» пагаварыла са старэйшым навуковым супрацоўнікам Фінскага інстытута міжнародных адносін Рыгорам Ніжнікавым і доктарам палітычных навук, дырэктарам Інстытута палітычнай сферы Андрэем Казакевічам.

«Сказаць «забірай Украіну» можна. Але як гэта зрабіць?»

Рыгор Ніжнікаў не раіць успрымаць кожную рэзкую заяву Трампа як ужо прынятае геапалітычнае рашэнне. На яго думку, цяперашняя рыторыка амерыканскага прэзідэнта шмат у чым разлічаная на ўнутраную аўдыторыю перад лістападаўскімі выбарамі ў Кангрэс.

Разам з тым, гэта не робіць ціск на Украіну менш небяспечным. Вашынгтон можа скараціць дапамогу, затрымаць пастаўкі, абмежаваць доступ да разведвальнай інфармацыі і падштурхоўваць Кіеў да балючага кампрамісу. Але паміж жаданнем Трампа заключыць здзелку і здольнасцю навязаць яе ляжыць вялікая адлегласць.

«Трамп не можа вырашаць лёс Украіны без Украіны. Тут я стаўлю кропку. Нават калі ён заўтра скажа Пуціну: «Добра, забірай Украіну», застанецца самае складанае пытанне: як гэта зрабіць? Пакуль Украіна гатовая змагацца і атрымлівае еўрапейскую дапамогу, рашэнне за яе спінай нічога канчаткова не вырашае. Яно зробіць вайну цяжэйшай, але не спыніць змагання за незалежнасць», — перакананы Ніжнікаў.

Нават поўнае спыненне амерыканскай дапамогі не прывяло б да імгненнага краху: Украіна мае ўласную армію і абаронную прамысловасць, а значная частка замежнай падтрымкі цяпер прыходзіць з Еўропы.

Андрэй Казакевіч разчэй ацэньвае намеры Белага дома. На яго думку, у Трампа няма ні этычных, ні палітычных табу на размову пра Украіну без яе ўдзелу.

«Калі гэтая адміністрацыя палічыць, што прасцей наўпрост размаўляць з Пуціным ці Сі Цзіньпінам, яна так і будзе рабіць. Пытанне ў іншым: ці можа гэта гарантаваць мір. Няма ўпэўненасці, што пра такія рэчы ўвогуле магчыма дамовіцца без Украіны і Еўропы», — кажа эксперт.

Чаму Трамп цісне на Зяленскага, а не на Пуціна

Найбольш прыкметная рыса палітыкі Трампа — няроўнасць ціску. Трамп размаўляе з Пуціным як з патэнцыйным партнёрам, а з Зяленскім — як з праблемным падначаленым. Кіеў ён значна часцей абвінавачвае ў нежаданні скончыць вайну, чым патрабуе саступак ад краіны, якая яе пачала.

Рыгор Ніжнікаў бачыць тут простую логіку: на Украіну можна паўплываць хутка, а ціск на Маскву патрабуе часу і можа дорага каштаваць самім ЗША.

«На Пуціна можна ціснуць, але ў Трампа няма інструмента, які дасць імгненны эфект. Можна ўводзіць санкцыі і тарыфы супраць купцоў расійскай нафты, але гэта закране Кітай і ўдарыць па саміх Злучаных Штатах. Таму Трамп цісне на слабейшага. Зяленскі ў пэўных пытаннях залежыць ад ЗША, і Трамп гэтым карыстаецца».

Да палітычнага разліку прымешваюцца асабістыя крыўды. Украінскае пытанне апынулася ў цэнтры першага імпічменту Трампа ў 2019 годзе. Пазней адносіны двух прэзідэнтаў не раз пераходзілі ў публічны канфлікт. Рыгор Ніжнікаў лічыць, што Трамп успрымае некаторыя заявы Зяленскага як асабістую абразу і не збіраецца іх забываць.

Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі ў Белым доме 28 лютага 2025 г. Фота: AP Photo / Ben Curtis

Пуцін жа прапануе Трампу тое, што яму блізка: размову паміж «моцнымі лідарамі», перспектыву вялікай здзелкі, эканамічныя праекты і хуткі сімвалічны поспех.

«Пуціна Трамп паважае як моцнага. Пуцін прапануе Трампу залатыя горы — фактычна, адзін палітычны хабар за другім. Таму ў логіцы Трампа з Зяленскім трэба ціснуць, а з Пуціным — дамаўляцца», — разважае эксперт.

І тут не важна, ці здолее Трамп сапраўды выканаць усё, што абяцае Маскве. Пуцін выйграе ўжо ад самога працэсу. Ён перастае выглядаць ізаляваным агрэсарам і вяртаецца ў ролю чалавека, з якім абмяркоўваюць лёс Еўропы. Нават без мірнай дамовы Масква можа атрымаць паслабленне санкцый, раскол паміж ЗША і Еўропай і статус раўнапраўнага ўдзельніка «мірнага працэсу».

Чаму гэта яшчэ не новая Ялта

Магчымую сустрэчу Трампа, Пуціна і Сі ўжо назвалі новай Ялтай: тры вялікія дзяржавы дзеляць свет, а краіны, пра якія яны размаўляюць, чакаюць за дзвярыма.

Але аналогія кульгае. У 1945 годзе за сталом сядзелі лідары кааліцыі пераможцаў. Цяпер няма ні пераможцаў, ні агульнай кааліцыі, ні супольнага бачання будучыні.

«Для Ялты патрэбная кааліцыя пераможцаў, якія вырашаюць, якім будзе свет пасля вайны. Тут перамогі яшчэ няма, а інтарэсы Трампа, Пуціна і Сі вельмі розныя. Таму Ялта як пагадненне аб падзеле сфер уплыву цяпер немагчымае», — мяркуе Андрэй Казакевіч.

Пуцін хоча замацаваць за Расіяй выключныя правы на постсавецкую прастору. Але самі краіны рэгіёна гэтаму супраціўляюцца: Украіна — зброяй, Азербайджан — дыстанцыяваннем ад Масквы, дзяржавы Цэнтральнай Азіі — лавіраваннем паміж Расіяй, Кітаем, Захадам і Турцыяй.

Трамп хоча хуткай здзелкі, якую можна прадаць амерыканскаму выбарцу як уласную перамогу. Сі Цзіньпін можа атрымаць статус аднаго з кіраўнікоў, без якіх ужо немагчыма вырашаць сусветныя крызісы. Аднак незразумела, навошта яму дапамагаць Трампу замацоўваць расійскія прэтэнзіі на Усходнюю Еўропу. Кітай не прэтэндуе тут на выключную сферу ўплыву і можа проста чакаць, пакуль пазіцыі Вашынгтона аслабнуць яшчэ больш.

«Кітайцы лічаць, што час на іх баку. Навошта ім дамаўляцца цяпер, калі праз год пазіцыя можа быць яшчэ лепшай? І навошта заключаць вялікую дамову з Трампам, калі праз два ці тры гады ў ЗША будзе іншы прэзідэнт і давядзецца дамаўляцца зноў?» — кажа Рыгор Ніжнікаў.

Трохбаковая сустрэча можа адбыцца, але пакуль больш рэалістычна выглядае саміт з гучнымі заявамі і фотаздымкамі. Праўда,

нават такі фармат быў бы падарункам Пуціну: ён вяртае яго ў клуб лідараў, якія нібыта вызначаюць будучыню свету, і адсоўвае пытанне адказнасці за агрэсію.

Разам з тым Рыгор Ніжнікаў бачыць больш глыбокі працэс: міжнародны парадак сапраўды развальваецца.

«Звычайна звышдзяржавы занепадаюць паступова. Тут мы ўпершыню назіраем, як сусветны лідар сам хутка разбурае ўласныя пазіцыі. Трамп робіць гэта вельмі эфектыўна. Мы яшчэ не ведаем, які парадак прыйдзе на змену, але ранейшым ён ужо не будзе», — канстатуе эксперт.

Ці могуць памяняць Украіну на разрыў Масквы з Пекінам

Паводзіны Трампа часта тлумачаць стратэгіяй «зваротнага Ніксана». У 1970‑я ЗША пайшлі на збліжэнне з Кітаем, каб паглыбіць яго раскол з СССР. Цяпер частка людзей з кола Трампа прапануе люстраны манеўр: дамовіцца з Расіяй і адарваць яе ад Кітая.

Уладзімір Пуцін і кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін. Фота: Kristina Solovyova, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Андрэй Казакевіч пацвярджае: такая ідэя сапраўды абмяркоўваецца ў амерыканскім палітычным і экспертным асяроддзі. Яе прыхільнікі лічаць, што папярэднія адміністрацыі самі падштурхнулі Маскву да Пекіна.

Але Вашынгтон не можа прапанаваць Маскве тое самае, што і Пекін, не падрываючы ўласнай бяспекі і бяспекі еўрапейскіх саюзнікаў.

«Залежнасць Расіі ад Кітая шматбаковая. Злучаныя Штаты не змогуць замяніць Маскве Кітай. Яны не будуць купляць у Расіі тыя аб’ёмы нафты і газу, якія купляе Пекін, і не змогуць пастаўляць Маскве многія высокія тэхналогіі і тэхналогіі ваеннага прызначэння. Сам лозунг прыгожы і мае прыхільнікаў, але невідавочна, як ён можа выглядаць у рэальнасці», — тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Рыгор Ніжнікаў выказваецца яшчэ больш рэзка:

«Гэта канапавая геапалітыка. Ніякіх перадумоў для адрыву Расіі ад Кітая няма. Калі нехта ў амерыканскай адміністрацыі сапраўды верыць у такую магчымасць, гэта толькі дэманструе яго непрафесіяналізм».

Галоўная небяспека такога падыходу ў тым, што Пуцін можа прыняць амерыканскія саступкі і нічога не аддаць узамен. Расія атрымае паслабленне санкцый, гандлёвыя магчымасці і палітычную легітымнасць, захаваўшы пры гэтым стратэгічнае партнёрства з Кітаем. Украіна ў такой схеме рызыкуе заплаціць за здзелку, якой насамрэч не адбудзецца.

Ці могуць у ЗША спыніць Трампа

Дональд Трамп мае шырокія паўнамоцтвы ў замежнай палітыцы, але не кантралюе яе цалкам. Кангрэс кантралюе бюджэт, можа замацоўваць санкцыі законам, праводзіць расследаванні і абмяжоўваць фінансаванне асобных рашэнняў.

Рыгор Ніжнікаў мяркуе, што пасля лістападаўскіх выбараў прастора для манеўру ў Трампа можа звузіцца. Нават частковая перамога дэмакратаў дасць Кангрэсу больш інструментаў для кантролю.

«Трамп можа рабіць выгляд, што мае неабмежаваныя магчымасці, але гэта не так. Ён залежыць ад грамадскай думкі і абмежаваны амерыканскімі інстытутамі. Ён не здольны аднаасобна прыняць рашэнне, якое цалкам пераверне палітыку адносна Украіны, НАТА, Расіі і Кітая».

Аднак ЗША могуць пагрузіцца ва ўнутраны палітычны канфлікт. Гэта ўскладніць вялікую здзелку Трампа, але зробіць краіну менш здольнай падтрымліваць саюзнікаў.

Таму Украіну, хутчэй за ўсё, не «прададуць» адным подпісам. Яе становішча могуць пагаршаць паступова: затрымліваць дапамогу, змякчаць санкцыі супраць Масквы, абмяжоўваць доступ да амерыканскіх тэхналогій і патрабаваць ад Кіева новых саступак.

Для часткі трампістаў Беларусь — ужо «проста частка Расіі»

Андрэй Казакевіч даследаваў падыходы аналітычных цэнтраў, блізкіх да MAGA — палітычнага руху Дональда Трампа, назва якога паходзіць ад лозунга Make America Great Again («Зробім Амерыку зноў вялікай»). Эксперт размаўляў з прадстаўнікамі гэтага асяроддзя і, паводле яго, Беларусь і Украіну там успрымаюць зусім па-рознаму.

«Украіну пераважная большасць успрымае як незалежную самастойную краіну. У дачыненні да Беларусі дамінуе стэрэатып, што гэта проста частка Расіі. Для іх Беларусь — сатэлітная краіна, зусім не падобная да Украіны, якая якраз не хоча быць расійскім сатэлітам», — кажа эксперт.

Такім чынам, залежнасць Беларусі ад Масквы ўспрымаюць як цалкам натуральны стан, які не патрабуе выпраўлення.

Адміністрацыя Трампа наладзіла асобны дыялог з Лукашэнкам. Мінск вызваліў частку палітвязняў, ЗША паслабілі некаторыя санкцыі, а першая за чатыры гады партыя беларускага калію накіравалася ў Новы Арлеан праз расійскі порт. 

Тэарэтычна доступ да заходніх рынкаў мог бы даць Мінску больш свабоды ад Масквы. На практыцы экспарт застаецца прывязаны да расійскай лагістыкі. Беларусь атрымлівае валюту, Расія — транзіт, эканамічную выгаду і дадатковы аргумент для зняцця санкцый.

Рыгор Ніжнікаў называе беларуска-амерыканскі трэк контрпрадуктыўным. На яго думку, ён не спыніў рэпрэсій, не паменшыў удзелу Беларусі ў расійскай ваеннай інфраструктуры і не аслабіў залежнасці ад Масквы.

«Лукашэнка атрымаў ад гэтага працэсу асабістыя выгады, але не выгады для беларускай дзяржаўнасці. Пагроза беларускаму суверэнітэту толькі павялічваецца. Мы не павінны прыкрываць гэта тым, што ён выпусціў некалькі сотняў палітвязняў. Інакш мы пачынаем гуляць паводле правілаў Лукашэнкі і Пуціна: выпускаем чалавека — і прапануем заплюшчыць вочы на ўсё астатняе», — лічыць эксперт.

Джон Коўл і Аляксандр Лукашэнка. Фота: Belarusian Presidential Press Service via AP

Беларускі трэк можа стаць выпрабавальным палігонам для большай здзелкі ўжо з Масквой. Калі санкцыі супраць Мінска змякчаюцца ў абмен на вызваленне палітвязняў, падобную формулу можна прапанаваць і Расіі — вызваленне людзей або іншая кропкавая саступка ў абмен на эканамічнае паслабленне.

«Беларускі трэк стаў своеасаблівым дынамітам пад расійскія санкцыі. Любы прагрэс у перамовах з Мінскам можна выкарыстоўваць як аргумент, чаму трэба здымаць абмежаванні і з Расіі. Для Пуціна пазітыўны беларуска-амерыканскі дыялог цалкам выгадны», — мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Больш за тое, амерыканцы могуць падаваць беларускі калій як бонус для самой Масквы: Лукашэнка атрымае грошы, а значыць, Расіі давядзецца менш траціць на яго падтрымку.

Рыгор Ніжнікаў называе такую прапанову «астапбэндэраўшчынай»:

«Для расійскага кіраўніцтва Беларусь і так знаходзіцца пад яго кантролем. А тут яму спрабуюць прадаць тое, што ён ужо лічыць сваім: маўляў, ваш Лукашэнка атрымае грошы, і вам будзе выгадна. У Маскве могуць адказаць: мы і без вас зробім з ім усё, што захочам».

Андрэй Казакевіч не верыць, што Беларусь можна паспяхова прадаць Кіеву і ЕС як прыклад «прымальнага міру»:

«Падпарадкаванне Маскве адбылося са згоды беларускага кіраўніцтва і было часткай знешняй палітыкі Мінска на працягу трох дзесяцігоддзяў. Украіна, наадварот, не хоча быць расійскім сатэлітам і ўжо шмат гадоў аказвае гэтаму ўзброены супраціў».

Еўропа здольная падтрымаць Украіну. Калі сама не расколецца

Нават далейшае скарачэнне амерыканскай падтрымкі не азначае аўтаматычнай паразы Украіны. Еўрапейскія краіны разам з Вялікабрытаніяй і Нарвегіяй ужо выдаткавалі на падтрымку Украіны больш, чым Злучаныя Штаты. Паводле Ukraine Support Tracker, з пачатку поўнамаштабнай вайны да жніўня 2026 года еўрапейская дапамога склала 236 мільярдаў еўра, амерыканская — 115 мільярдаў. 

Разам з тым, захоўваюцца галіны, дзе роля ЗША крытычная: разведка, спадарожнікавыя сістэмы, асобныя сродкі супрацьпаветранай абароны і некаторыя віды ўзбраенняў. 

«Аказалася, што еўрапейцы могуць падтрымліваць Украіну без амерыканцаў. Еўропа зрабіла пасля 2022 года дзесяць крокаў наперад. Трэба было зрабіць трыццаць, але ўжо гэтыя дзесяць — значна больш, чым ад яе чакалі», — кажа Рыгор Ніжнікаў.

Галоўную пагрозу ён бачыць у магчымым палітычным расколе самой Еўропы. Расія разлічвае на ўзмацненне «Альтэрнатывы для Германіі», Нацыянальнага аб’яднання Марын Лё Пэн у Францыі і іншых сіл, якія патрабуюць спыніць падтрымку Украіны і аднавіць адносіны з Масквой.

Аслабленне еўрапейскага адзінства выгаднае і Маскве, і частцы трампістаў. Раздробленай Еўропе будзе цяжэй падтрымліваць Кіеў, уплываць на ўмовы міру і праводзіць асобную палітыку ў дачыненні да Беларусі.

«Для Украіны і Беларусі большая пагроза — не асобная заява Трампа, а прыход да ўлады антыеўрапейскіх сіл, якія пачнуць разбураць агульную геапалітычную здольнасць Еўропы, што з’явілася пасля расійскага ўварвання», — кажа Рыгор Ніжнікаў.

Што заканчэнне вайны зменіць для Беларусі

Галоўная небяспека для беларусаў палягае нават не ў магчымай дамове Трампа з Пуціным, Беларусь можа заставацца ў расійскай сферы ўплыву і без пагаднення — праз працяг вайны, ізаляцыю і ўсё большую залежнасць ад Масквы.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: Maxim Shipenkov Pool Photo via AP

Андрэй Казакевіч лічыць, што зацягванне ваеннага канфлікту азначае для Беларусі доўгую стагнацыю і адставанне. Асобныя прадпрыемствы, звязаныя з расійскім ваенна-прамысловым комплексам, могуць зарабляць, але Беларусь у цэлым губляе рынкі, інвестыцыі, спецыялістаў і магчымасці развіцця.

«Пакуль працягваецца вайна, сапраўднай нармалізацыі адносін Беларусі з заходнімі краінамі не адбудзецца. Захаваюцца ізаляцыя і санкцыі, магчымасцяў для развіцця будзе мала», — кажа эксперт.

Вайна падтрымлівае і ўнутраную логіку рэпрэсій. Улады могуць вызваляць асобных палітвязняў і адначасова затрымліваць новых, захоўваючы ў краіне атмасферу сталага надзвычайнага становішча. Мір сам па сабе не зробіць Беларусь дэмакратычнай. Затое ён можа стварыць для Мінска практычную патрэбу ў нармалізацыі адносін з Польшчай, Літвой і іншымі краінамі ЕС. Маштабныя і дэманстратыўныя рэпрэсіі будуць гэтаму перашкаджаць.

«Калі беларускія ўлады захочуць нармалізаваць адносіны з Еўропай, яны будуць вымушаныя пайсці на ўнутрыпалітычную дэскалацыю. Пакуль ідзе вайна, калідор для дамоўленасцяў вельмі вузкі: асобныя лагістычныя праекты, прыгранічнае супрацоўніцтва. Для спынення рэпрэсій павінны спыніцца ваенныя дзеянні», — рэзюмуе Андрэй Казакевіч.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Лёлік з-пад Лімасола
    22.10.2026
    Час трампа сконьчваецца. у пачатку наступнага году пачне працаваць кангрэс з большасцю дэмакратаў, якія будуць астатнія два трампаўскія гады будуць блакаваць яго бздуру і ініцыяваць праверкі бздуры, якая была зроблена да таго. І тут будзе цікава паглядзець колькі гульцоў з яго мага-гуртка з'едуць з зша. ІА самае цікавае, што кітай і расея ўжо зараз разумеюць у якім становішчы трамп апыніцца зусім хутка (у палітычным вымярэнні часу)
  • user
    22.10.2026
    Трампу просто нужно отвлечь внимание от войны в Иране перед выборами в сенат
  • Тудаўлянін
    22.10.2026
    Любая дамова з Пуціным, з Масквою - гэтае ўгода з д'яблам.
    Імперыя павінна быць знішчана!

Цяпер чытаюць

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь7

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША эвакуююць дыпламатаў і перамяшчаюць войскі на Блізкім Усходзе. Трамп разглядае новыя ўдары па Іране1

У Мінску адбудзецца маштабны сход людзей з імем Андрэй4

Беларуская прадпрымальніца прадала вілу ў Юрмале амаль за 7 мільёнаў еўра10

У выніку расійскага ўдару па Кіеве разбураныя некалькі гандлёвых цэнтраў ФОТЫ

Беларуска спрабавала даць хабар кіраўніку расійскай калоніі, каб сына перавялі ў іншы атрад

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода3

У Літве выбухнулі і загарэліся кантрабандныя шары

Палітолаг Валер Карбалевіч назваў самы важны дзень у сваім жыцці5

У Беларусі абмежавалі доступ да сайтаў з-за мяжы праз небяспечныя памылкі ў PHP3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь7

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць