Стала вядома, што за новы будынак для БДУ паставяць у цэнтры Мінска
Раней стала вядома, што ў гістарычным дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску плануюць пабудаваць новы шматфункцыянальны корпус для студэнтаў. Цяпер праект вынеслі на грамадскае абмеркаванне, якое пройдзе з 26 кастрычніка да 10 лістапада, піша Times.by.

Будынак размесціцца ў квартале паміж вуліцамі Свярдлова, Ленінградскай, Бабруйскай і праспектам Незалежнасці. Ён будзе мець пяць-шэсць паверхаў і падземны ўзровень. Архітэктары імкнуліся ўпісаць новую пабудову ў гістарычнае асяроддзе, таму для яе абралі лаканічны канструктывісцкі стыль.
Праект распрацаваў інстытут «Белдзяржпраект», заказчыкам выступае БДУ. Для будаўніцтва выдзелілі ўчастак плошчай больш за 4 тысячы квадратных метраў.

У новым корпусе размесцяцца вучэбныя аўдыторыі, спартыўны цэнтр, кавярня, невялікі інтэрнат і музей. Памяшканні падзеляць на асобныя функцыянальныя зоны.
На першым паверсе прадугледжаныя хол з гардэробам, кавярня на 48 чалавек, вучэбныя класы і залы для кіна-лекцый. Другі паверх цалкам аддадуць пад спорт: там будуць спартыўныя і трэнажорныя залы, распранальні з душавымі, а таксама кабінеты трэнераў. На трэцім паверсе размесцяцца вучэбныя аўдыторыі і кабінеты выкладчыкаў.

Чацвёрты і пяты паверхі зойме інтэрнат на 56 чалавек. У ім будуць жылыя пакоі, бытавыя зоны і памяшканні для заняткаў. На шостым паверсе плануюць абсталяваць лекцыйныя аўдыторыі і музей. У будынку паставяць чатыры пасажырскія ліфты, два з якіх прызначаныя спецыяльна для інтэрната.

Корпус пабудуюць з маналітнага жалезабетону, а сцены выкладуць з керамзітабетонных блокаў. Дах будзе пляскатым, на ім зробяць адкрытую тэрасу з агароджай.
Праект прадугледжвае таксама ўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. У двор можна будзе заехаць з боку вуліцы Ленінградскай. Дарогі і тратуары выкладуць пліткай, каля галоўнага ўвахода паставяць лаўкі, сметніцы, велапаркоўкі і флагштокі.

У гаспадарчай частцы двара з'явяцца новая трансфарматарная падстанцыя і пляцоўка для раздзельнага збору смецця. Таксама прадугледжаныя два паркавальныя месцы для людзей з інваліднасцю і праезды для пажарных машын.
Азнаёміцца з эскізамі і схемамі будучага корпуса, а таксама даслаць заўвагі і прапановы можа кожны ахвотны на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.
Прапановы прымаюцца з 26 кастрычніка да 10 лістапада. Іх можна накіраваць у пісьмовай форме па адрасе: Мінск, праспект Дзяржынскага, 10, 220036, або па электроннай пошце [email protected] з пазнакай «Грамадскае абмеркаванне».
Усе атрыманыя заўвагі перададуць на разгляд архітэктурна-горадабудаўнічай рады пры галоўным архітэктары Мінска.
Каментары
Вельмі нагадвае ваенны факультэт, які на Кастрычніцкай.
Или может есть другие мнения?