Выдавецтва Універсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы выпусціла фундаментальны збор публіцыстычнай спадчыны беларускага палітыка і музыказнаўцы міжваеннага часу Альбіна Стаповіча. Кніга — плён шматгадовай працы прафесаркі Алены Глагоўскай, піша Bellit.info.

Альбін Стаповіч (1894—1934) — адзін з найпрыкметнейшых беларускіх дзеячаў у Вільні ў 1920‑я — 1930‑я гады. Выкладчык і кіраўнік хора Віленскай беларускай гімназіі, віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выдавец газеты «Беларуская крыніца». Два гады быў прадстаўніком беларускіх інтарэсаў у польскім Сойме (абраны паслом у 1928 годзе). Памёр у Вільні ў 1934 годзе, пахаваны на могілках Росы.
За сваё нядоўгае жыццё Стаповіч напісаў нямала публіцыстычных артыкулаў. Пачаўшы ад нататак у «Нашу Ніву» ў 1912 годзе, не спыняў працу да самых апошніх дзён. У кнізе «Ад музыкі да палітыкі», укладзенай Аленай Глагоўскай, змешчана больш за 100 тэкстаў з беларускіх газет, прамовы пасла Стаповіча ў польскім парламенце, а таксама больш за 90 артыкулаў для ліберальнай польскай газеты Przegląd Wileński, якая выступала за супрацоўніцтва з беларусамі.
Апрача самога збору публіцыстыкі, які ахоплівае 450 старонак вялікага фармату, кніга змяшчае багаты ілюстратыўны матэрыял з літоўскіх, польскіх і беларускіх архіваў. Асабліва вылучаецца комплекс паштовак і фотаздымкаў 1910‑х — 1930‑х гадоў, якімі з Аленай Глагоўскай падзяліліся нашчадкі Стаповічаў. Сярод іх нямала месца аддадзена ліставанню Альбіна з братам Канстанцінам Стаповічам (паэтам Казімірам Сваяком). Фота і паштоўкі пададзеныя каляровым друкам.
Завяршаецца кніга падрабязным бібліяграфічным апісаннем, куды ўключаныя архіўныя матэрыялы пра Альбіна Стаповіча, прысвечаныя яму навуковыя працы, а таксама поўная бібліяграфія ягоных уласных публікацый.
Кніга Альбіна Стаповіча «Ад музыкі да палітыкі» з’яўляецца карысным дапаможнікам па гісторыі палітычнай думкі Заходняй Беларусі, а таксама грунтоўным даведнікам па музыказнаўстве. Абедзве праявы Стаповіча пададзеныя ў гэтым томе ў поўным аб’ёме.
Каментары