Прэпарат пакуль эксперыментальны і не мае дазволу на продаж.
Кампанія Veradermics апублікавала вынікі даследаванняў 19 кастрычніка. У даследаванні ўдзельнічалі 536 мужчын з лёгкім або ўмераным аблысеннем мужчынскага тыпу. Іх выпадковым чынам размеркавалі на тры групы: дзве атрымлівалі прэпарат з рознай частатой прыёму, трэцяя — плацэба. Вынікі параўналі праз паўгода.
Паводле кампаніі, у групах, якія прымалі прэпарат, колькасць валасоў на ўчастку скуры, дзе ацэньвалі рост, павялічылася ў сярэднім прыкладна на 29—36 на квадратны сантыметр. У групе плацэба — прыкладна на сем.
Прэпарат мае працоўную назву VDPHL01. Яго аснова — мінаксідыл, які ўжо выкарыстоўваюць супраць выпадзення валасоў, у тым ліку ў сродках для нанясення на скуру галавы.
Асаблівасць распрацоўкі Veradermics — паступовае вызваленне мінаксідыла з таблеткі. Кампанія разлічвае так зрабіць яго дзеянне больш раўнамерным.
Паводле распрацоўшчыка, за паўгода ў новым выпрабаванні не зафіксавалі сур’ёзных пабочных эфектаў, звязаных з лячэннем. Аднак пабочныя эфекты былі: у апублікаванай табліцы згадваюцца ацёкі і залішні рост валасоў на целе ці твары. Таму сцвярджаць, што прэпарат зусім не мае непажаданых эфектаў, нельга.
Важна і тое, з чым параўноўвалі вынік. У гэтым даследаванні кантрольная група атрымлівала плацэба, а не звычайны мінаксідыл. Таму яно пакуль не дае адказу, ці лепшая новая форма за ўжо існыя прэпараты.
Гэта трэцяя, позняя фаза клінічных выпрабаванняў, вынікі якіх выкарыстоўваюць пры разглядзе дазволу на продаж. Такога дазволу ў VDPHL01 пакуль няма. Да канца года кампанія плануе прадставіць і больш працяглыя назіранні за ўдзельнікамі іншага даследавання — пасля года лячэння.
Каментары