Вайна2727

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Амаль паўтара года ўкраінскі вайсковец Канстанцін Уласенка правёў на баявой пазіцыі на купянскім кірунку. Больш за сем месяцаў ён заставаўся адзін, без магчымасці выбрацца да сваіх. Калі праз цяжкія раненні пачалося адміранне тканак, салдат быў вымушаны самастойна ампутаваць сабе ступню звычайным нажом. Ён ужо амаль не верыў, што вернецца жывым. Але ўрэшце яго ўдалося выратаваць дзякуючы незвычайнай аперацыі. Знаёмім з падрабязнасцямі.

Канстанцін Уласенка. Скрын відэа: ButusovPlus / YouTube

19 кастрычніка стала вядома пра незвычайную аперацыю ўкраінскіх вайскоўцаў, якую ва Украіне назвалі першай у свеце эвакуацыяй параненага з перадавой з дапамогай цяжкага паветранага беспілотніка.

Цяпер з'явіліся падрабязнасці гісторыі выратаванага салдата. Ім аказаўся 49‑гадовы Канстанцін Уласенка з Крывога Рога, які правёў на баявой пазіцыі 491 дзень. Пра тое, як ён выжываў, страціў абедзве ступні і чаму адмовіўся здавацца ў расійскі палон, вайсковец расказаў у вялікім інтэрв'ю ўкраінскаму ваеннаму журналісту Юрыю Бутусаву.

Па словах мужчыны, да вайны ён працаваў кіроўцам вялізнага 130‑тоннага БелАЗа на горна-ўзбагачальным камбінаце, вайсковага досведу не меў і раней у арміі не служыў. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання вырашыў пайсці на фронт.

Як згадвае Канстанцін, трапіць у войска яму ўдалося не адразу. Ён меў браніраванне ад мабілізацыі як работнік прадпрыемства, але сам дамогся, каб яго прызвалі. У выніку Уласенка апынуўся ў другім механізаваным батальёне 30‑й асобнай механізаванай брыгады імя князя Канстанціна Астрожскага. У войску атрымаў пазыўны «Магура».

Пазіцыя на доўгія месяцы

3 чэрвеня 2025 года Канстанцін заступіў на баявую пазіцыю на купянскім напрамку фронту. Ён прыйшоў на замену вайскоўцу, які наступіў на супрацьпяхотную міну «Пялёстак», калі ішоў забіраць скінутыя беспілотнікам прадукты. На пазіцыі Уласенка застаўся разам з іншым байцом. Удваіх яны павінны былі трымаць абарону да наступнай ратацыі, аднак затрымаліся там на доўгія месяцы.

Сховішчам для двух вайскоўцаў служыла бетонная дрэнажная труба. У ёй прабілі адтуліну, праз якую можна было трапіць унутр, і паступова абсталявалі месца для жыцця. З двух канцоў трубы салдаты маглі назіраць за мясцовасцю. Як згадвае Уласенка, яны з пабрацімам стараліся зрабіць сваё падземнае жыллё больш зручным і нават пашыралі яго, каб пасля ратацыі там маглі размясціцца ўжо чатыры чалавекі.

Аднак сітуацыя на фронце змянялася. Расійскія войскі нарошчвалі колькасць разведвальных і ўдарных беспілотнікаў, і любы рух па адкрытай мясцовасці станавіўся надзвычай небяспечным. Замяніць вайскоўцаў не атрымлівалася. Групы, якія спрабавалі дабрацца да іх, траплялі пад удары, былі загінулыя.

Так міналі тыдні і месяцы. Прадукты, ваду, батарэі для радыёстанцыі і іншыя неабходныя рэчы салдатам перадавалі з дапамогай дронаў. Яны жылі ў сховішчы, назіралі за праціўнікам і падтрымлівалі сувязь з камандаваннем.

Смерць пабраціма і прапанова здацца

У лютым 2026 года становішча рэзка пагоршылася. Пасля адлігі бетонную трубу затапіла, а калі зноў ударыў мароз, вада пачала замярзаць. Да таго часу абодва салдаты былі моцна аслабленыя. Па словах Уласенкі, пасля многіх месяцаў пад зямлёй мышцы амаль не слухаліся, перасоўвацца даводзілася на карачках.

14 лютага яны пакінулі затопленае сховішча і перабраліся ў разбураны будынак школы. Камандаванне працягвала скідаць ім ежу і сухую вопратку, але дастаўкі заўважылі расійскія разведвальныя беспілотнікі. Неўзабаве пачаліся атакі.

Падчас аднаго з удараў Канстанцін быў паранены ў левую нагу. Яна была настолькі прамёрзлай, што цяжар пашкоджання ён адчуў не адразу. На правую яшчэ мог абапірацца, але пазней, калі спяшаўся забраць чарговую пасылку сярод бетонных абломкаў і арматуры, вывіхнуў і яе.

Як згадвае Уласенка, пасля чарговага скіду прадуктаў таварыш папоўз да пасылкі, забраў ежу і вярнуўся да яго. Неўзабаве расійскі дрон скінуў боепрыпас, які цяжка параніў байца. Канстанцін падцягнуў яго да сябе і паспрабаваў знайсці рану. Але ўжо цямнела, ліхтарыка не было, а паранены толькі стагнаў і не мог нічога растлумачыць. Да раніцы 16 лютага ён не дажыў.

З таго дня і да 4 кастрычніка 2026 года побач з Канстанцінам больш не было ніводнага ўкраінскага вайскоўца.

За гэты час расіяне даведаліся, што на пазіцыі застаўся адзін паранены салдат. Яны вырашылі схіліць яго да здачы ў палон. Аднойчы расійскі беспілотнік скінуў побач са сховішчам гучнагаварыцель.

«Братуха, мы ведаем, што ты тут. Твае таварышы табе не дапамогуць. Чуў выбух? Наступны можа быць у цябе. Мы не хочам цябе забіваць. Пастаў слоік або бутэльку на акно, і мы будзем ведаць, што ты гатовы. Белы ліхтар выведзе цябе. А далей палон, абмен і дадому», — гэтае паведамленне, па словах Уласенкі, паўтаралася зноў і зноў.

Пазней расіяне атакавалі сховішча цяжкімі боепрыпасамі. Ад выбухаў рушыліся бетонныя пліты, сыпалася цэгла. Канстанцін хаваўся ў рэштках старой печы пад чыгуннымі рашоткамі і ў нейкі момант падумаў, што застаўся пахаваным пад заваламі. Але выжыў. І нават пасля выбухаў працягваў чуць запіс з абяцаннямі палону, абмену і вяртання дадому.

Здавацца ён не збіраўся. Калі журналіст спытаўся, як яму ўдалося вытрымаць усё перажытае, Канстанцін адказаў:

«Трэба. Мая зямля, мае людзі, трэба абараняць, стаяць да апошняга. Хоць і прапаноўвалі ў палон здацца, я не мог сабе гэтага дазволіць».

Ампутацыя звычайным нажом

Тым часам стан ног Канстанціна пагаршаўся. Праз раненні і холад яны моцна распухлі, і салдат ужо не мог на іх стаяць. Даводзілася паўзком выбірацца са сховішча, каб забраць прадукты і лекі, якія скідвалі беспілотнікамі. Як згадвае Уласенка, з ран паступова пачалі выходзіць нават аскепкі, што засталіся ў целе пасля выбухаў.

Камандаванне працягвала падтрымліваць яго, перадаючы дронамі ваду, ежу і неабходныя медыкаменты — бетадзін для апрацоўкі ран, антыбіётыкі і абязбольвальныя. Асабліва Канстанцін дзякуе свайму ротнаму камандзіру, які, паводле яго слоў, пастаянна сачыў за сітуацыяй. Абязбольвальныя салдат прымаў каля месяца-паўтара, але потым адмовіўся ад іх, бо баяўся прызвычаення.

Нягледзячы на дапамогу, стан ног працягваў пагаршацца. З часам пачаўся некроз — адміранне тканак. У красавіку 2026 года левая ступня настолькі згніла, што аддзялілася сама. Калі пачаўся крывацёк, Канстанцін перацягнуў нагу кроваспыняльным жгутом, а пазней замяніў яго павязкай.

Правая нага, якую ён раней вывіхнуў, таксама паступова адмірала. Паводле Уласенкі, ён амаль не адчуваў яе, а ступня ўжо фактычна вісела на пашкоджаных тканках. Костка выйшла праз скуру і ўсё больш агалялася кожны раз, калі салдат поўз па ежу. Ён баяўся, што некроз распаўсюдзіцца да калена, і ў маі вырашыў самастойна ампутаваць правую ступню.

Ніякіх хірургічных інструментаў у яго не было, толькі звычайны тупы нож, якім ён адкрываў бляшанкі з тушонкай. Уласенка паклаў нагу на цэглу і пачаў адразаць пашкоджаную ступню.

На пытанне журналіста, ці адчуваў ён боль, салдат адказаў, што адчуваў. Паводле яго слоў, боль быў настолькі моцны, што ён плакаў і не змог стрымаць мачавыпусканне. Але працягваў, бо баяўся заражэння і лічыў, што іншага выйсця не мае.

Пасля ампутацыі ён нават паспрабаваў пажартаваць у размове са сваім камандзірам. Сказаў, што цяпер у яго больш няма ні плоскаступнёвасці, ні 44‑га памеру абутку.

Пасля страты левай ступні Канстанцін выкінуў яе праз акно сховішча. У маі, калі яму давялося самастойна ампутаваць правую, ён зрабіў тое самае. Як згадвае вайсковец, у адмерлых тканках былі лічынкі насякомых. Пазней, калі пацяплела, ён заўважыў каля таго месца мноства аранжава-чорных матылькоў — паводле яго падлікаў, каля дзвюх соцень.

«Думаю: Божа, з маіх ног яшчэ і матылькі атрымаліся», — згадвае Уласенка і заўважае, што сам здзіўляецца, як здолеў пазбегнуць цяжкага заражэння.

Сем месяцаў у адзіноце

Пры гэтым нават страта абедзвюх ступняў не азначала для Канстанціна заканчэння баявой службы. Ён працягваў назіраць за мясцовасцю, прыслухоўвацца да гукаў, сачыць за перамяшчэннем праціўніка і перадаваць інфармацыю камандаванню па радыёстанцыі.

Па словах салдата, адным з самых цяжкіх выпрабаванняў была адзінота. Ён чакаў кожнага сеанса радыёсувязі, каб пачуць галасы пабрацімаў. Размовы давалі адчуванне, што ён не пакінуты і што пра яго памятаюць.

Трымацца Канстанціну дапамагалі і маленькія радасці. Разам з неабходнымі рэчамі пабрацімы часам скідвалі яму шакалад, чай, цыгарэты. Аднойчы жонка Таццяна, з якой ён жыве ў другім шлюбе, перадала яму праз вайскоўцаў кнігу Стывена Кінга «Чужынец». Канстанцін вельмі любіць гэтага пісьменніка, хоць, як ён сам згадвае, жонка нават не падазравала, наколькі моцна.

Думкі пра блізкіх таксама дапамагалі яму не страчваць надзею. За доўгія месяцы ў адзіноце Уласенка шмат разважаў пра сваё жыццё і пра тое, што не паспеў зрабіць. Асабліва часта ўспамінаў дачку Хрысціну і шкадаваў, што раней не надаваў ёй дастаткова ўвагі. Калі б удалося вярнуцца дадому, ён хацеў бы гэта змяніць.

Выратаванне з паветра

Аднак магчымасці выбрацца з пазіцыі ўсё яшчэ не было. Украінскія вайскоўцы неаднаразова спрабавалі арганізаваць замену, але групы не маглі дабрацца да Канстанціна праз пастаянныя атакі расійскіх дронаў. Некаторыя салдаты загінулі падчас гэтых спроб.

Спроба выкарыстаць наземную рабатызаваную платформу таксама скончылася няўдачай: расіяне заўважылі і знішчылі апарат.

Канстанцін разумеў, што кожная новая спроба яго выратавання можа каштаваць жыцця іншым людзям. Урэшце ён папрасіў камандаванне больш нікога да яго не пасылаць.

«Я ўжо хацеў, каб за мной ніхто не ішоў. Ужо згодны быў застацца там назаўсёды», — прызнаваўся ён.

Але ягоныя пабрацімы працягвалі шукаць выйсце. Начальнік разведкі другога механізаванага батальёна з пазыўным «Алекс» пачаў рыхтаваць незвычайную аперацыю: эвакуяваць параненага не па зямлі, а па паветры, з дапамогай вялікага грузавога беспілотніка.

Звычайная наземная эвакуацыя была практычна немагчымая. Падыходы да пазіцыі кантраляваліся расійскімі дронамі, дарогі былі замінаваныя. Да таго ж Канстанцін знаходзіўся на левым беразе ракі Аскол, што дадаткова ўскладняла задачу.

Для аперацыі выбралі ўкраінскі цяжкі беспілотнік Heavy Shot «Аюдаг-6» вытворчасці Gurzuf Defence, здольны падымаць груз масай да 130 кілаграмаў. Апарат абсталявалі сістэмай, якая дазваляла транспартаваць чалавека на спецыяльнай падвесцы.

Падрыхтоўка, паводле арганізатараў, заняла каля шасці месяцаў. У ёй удзельнічалі вайскоўцы некалькіх падраздзяленняў, спецыялісты па беспілотніках, наземных робатах і радыёэлектроннай барацьбе. Трэба было не толькі падрыхтаваць сам апарат, але і прадумаць, як абараніць яго ад расійскіх атак падчас палёту.

Напярэдадні эвакуацыі Канстанціну скінулі альпінісцкі рыштунак, карабіны і тэлефон з відэаінструкцыяй, якая паказвала, як правільна замацавацца на падвеснай сістэме.

4 кастрычніка 2026 года цяжкі беспілотнік прыляцеў да пазіцыі.

Пасля пасадкі і спынення рухавікоў Уласенка сам падпоўз да апарата, прымацаваў да сябе неабходны рыштунак і падаў у камеру знак, што гатовы. Ён таксама склаў рукамі сэрца. Потым беспілотнік узляцеў, падняўшы параненага салдата на лябёдцы.

Канстанцін згадвае, што самой вышыні амаль не баяўся. Найбольш яго непакоіла магчымасць, што расіяне саб'юць дрон над ракой. Ён не ўмее плаваць і разумеў, што пасля падзення ў ваду з такімі раненнямі не зможа выратавацца.

Падчас палёту дзьмуў моцны вецер, з вачэй цяклі слёзы. Ахоўных акуляраў у яго не было, а навушнікі ён не паспеў надзець.

Для прыкрыцця асноўнага беспілотніка ўкраінскія вайскоўцы адначасова запусцілі іншыя апараты. Адзін з іх быў збіты расіянамі, але дрон, які перавозіў Канстанціна, змог пераадолець небяспечны ўчастак, перасекчы Аскол і дабрацца да месца сустрэчы.

Там параненага перасадзілі на наземную рабатызаваную платформу «Міратворац», якая даставіла яго далей, пасля чаго вайскоўца перадалі медыкам. Так 4 кастрычніка 2026 года скончылася ягонае 491‑дзённае знаходжанне на баявой пазіцыі.

Цяпер Канстанцін знаходзіцца ў ваенным шпіталі. Ён дзякуе камандаванню і ўсім, хто дапамагаў яму выжыць і арганізаваў эвакуацыю.

Каментары27

  • Пабрацімы©
    21.10.2026
    Сітуацыя па Ўкраіне зразумела, пакажыце мне беларусаў-патрацімаў? Чарка-шкварачнікі гатовыя за пляшку хату родную прадаць а вы кажаце, не газэта а Хлус нейкі
  • Вадзім
    21.10.2026
    Бедныя людзі. Гэтулькі пакутаў. Гэтулькі гора. Гэтулькі мужнасьці.
  • ♡
    21.10.2026
    фантастычная гісторыя.
    калі бачыла тое фота з дронам, падумала - няўжо ён без ног?..
    які найзвыш мужны чалавек. напэўна пра яго напішуць кнігі і здымуць кіно...

Цяпер чытаюць

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі27

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Гроднам прадаецца недабудаваны санаторый за тры мільёны даляраў2

Рубіа дапусціў, што ЗША затрымліваюць перадачу Украіне купленых Еўропай ракет-перахопнікаў5

У мінскім грамадскім транспарце збіраюцца вярнуць кнопкі для адчынення дзвярэй4

У цэнтры Мінска адрэстаўравалі дом, пабудаваны для турэмшчыкаў Валадаркі2

Стыў Уіткаф сустрэнецца з Пуціным заўтра1

Маргарыта Ляўчук вяртаецца на сцэну. Будуць і выступленні з Павуком26

На месцы некалі планаванага ГЗЦ «Трайпла» будуюць тры шматпавярховікі

Збой Google Cloud праз праблему ў дата-цэнтры ў Лондане парушыў працу сэрвісаў па ўсёй Еўропе1

«Да Магілёва 20 хвілін, а да Дрыбіна — больш за гадзіну». Вясковыя пенсіянеры выступілі супраць змены межаў раёнаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі27

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць