Дзяржсакратар таксама дадаў, што абодвум бакам давядзецца ад чагосьці адмовіцца, і гэтыя размовы складаныя.

«Калі б не дапамога Злучаных Штатаў, у тым ліку пры адміністрацыі Трампа, цяпер Украіны не было б. Украіна як суверэнная дзяржава не існавала б», — сказаў Рубіа журналістам у сераду падчас візіту ў Індыю, піша РБК-Украіна.
Рубіа адказваў на пытанне пра публікацыю The Wall Street Journal. Паводле выдання, Ілан Маск, кіраўнік кампаніі SpaceX, загадаў запаволіць працу спадарожнікавай сістэмы Starlink. Яна дапамагае Украіне адбіваць расійскія паветраныя атакі.
Газета спасылаецца на ананімных амерыканскіх і іншых чыноўнікаў. Паводле іх слоў, Маск абмяркоўваў гэтае рашэнне з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам пасля таго, як інфармацыя пра запаволенне стала публічнай. Яшчэ адна крыніца выдання паведаміла, што Маск, саюзнік Трампа, размаўляў пра гэта з прадстаўнікамі адміністрацыі яшчэ да таго, як змены пачалі дзейнічаць.
«Няпраўда, што мы нейкім чынам ведалі пра гэта загадзя або кіравалі гэтым», — заявіў Рубіа ў адказ на пытанне пра матэрыял газеты.
Паводле яго слоў, яму невядома, ці ведаў прэзідэнт пра гэта загадзя. Акрамя таго, ЗША ў любым выпадку не могуць кантраляваць, што прыватная кампанія робіць са сваім прадуктам.
Рубіа дадаў, што ЗША больш не збіраюцца апраўдвацца ў гэтым пытанні. Ён таксама адзначыў, што ўкраінскія байцы вельмі мужна супрацьстаяць Расіі.
Паводле слоў Рубіа, цяпер працягваюцца вельмі складаныя перамовы аб завяршэнні вайны, якая ідзе ўжо пяты год.
Яны сканцэнтраваныя вакол лёсу Данбаса на ўсходзе Украіны. Каб дасягнуць паразумення, бакі ўжо прапанавалі некалькі нестандартных ідэй.
«Абодвум бакам давядзецца ад чагосьці адмовіцца, і гэтыя размовы складаныя. Я думаю, што галоўнае жаданне Украіны — забяспечыць доўгатэрміновую бяспеку, каб на яе больш ніколі не напалі», — сказаў Рубіа.
Каментары