У Гродне завялі крымінальную справу праз незаконнае налічэнне заробкаў тром трэнерам футбольнай школы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ім налічылі больш за 8,5 тысячы рублёў за заняткі, якія яны не праводзілі, бо ў гэты час адсутнічалі на працоўным месцы. У табелі ўносіліся недакладныя звесткі. Падчас праверкі грошы былі цалкам вернутыя падазраванымі, піша выданне Betting.team.

Афіцыйныя органы не назвалі імёнаў фігурантаў справы, аднак Betting.team даведалася, што пытанні ў сілавікоў узніклі да Сяргея Саладоўнікава — вядомай асобы ў гісторыі гродзенскага футбола. Яго прозвішча ўжо прыбралі з афіцыйнага сайта клуба «Нёман», як і ягонага намесніка Аляксандра Балухі.
Сяргею Саладоўнікаву 67 гадоў. Ён нарадзіўся 2 лістапада 1958 года ў Іркуцку, але сваю гульнявую і трэнерскую кар’еру звязаў перадусім з Гроднам. З 1978 да 1989 года выступаў за мясцовы «Хімік», які пазней стаў называцца «Нёманам». За 12 сезонаў ён забіў больш за 100 галоў. У 1990 годзе футбаліст з’ехаў за мяжу і на працягу двух сезонаў гуляў за польскую «Ягелонію» з Беластока, пасля чаго вярнуўся ў Гродна. Усяго за «Хімік» і «Нёман» ён правёў 423 матчы і забіў 153 галы.
Трэнерскую кар’еру Саладоўнікаў пачаў у 1997 годзе, яшчэ да завяршэння выступленняў у якасці футбаліста. У агульным ліку ён працаваў у «Нёмане» каля 20 гадоў, а на пасадзе галоўнага трэнера правёў 391 матч у розных турнірах. З ягоным імем звязана адно з найбольшых дасягненняў клуба — срэбра чэмпіянату Беларусі 2002 года.
З 2019 года Саладоўнікаў займаў пасаду дырэктара спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы «Нёмана».
Паводле звестак Betting.team, па стане на 21 кастрычніка інфармацыя пра Саладоўнікава і ягонага намесніка знікла з афіцыйнага сайта клуба. У захаванай копіі старонкі ад 1 жніўня Саладоўнікаў яшчэ значыўся ў раздзеле адміністрацыі.
Сам Сяргей Саладоўнікаў, каментуючы сітуацыю, заявіў, што ў яго няма часу размаўляць на гэту тэму.
Каментары