«Хлусня ледзь не каштавала жыцця больш чым 10 ветэрынарам». Ветклініка расказала пра выпадак шаленства
Толькі пасля раптоўнай смерці жывёлы высветлілася, што ў ката было шаленства.
У акаўнце мінскай ветэрынарнай клінікі «Доктар Вет» расказалі пра нядаўні выпадак з пацыентам. У відэа гаворка ідзе пра ката, якому спецыялісты аказвалі дапамогу, піша Onliner.by.
Толькі пасля раптоўнай смерці жывёлы высветлілася, што ў ката было шаленства. Пры гэтым гаспадары выключалі кантакт хатняга гадаванца з іншымі жывёламі. Зараз больш за 10 супрацоўнікаў вымушаныя праходзіць курс экстраннай вакцынацыі.
У відэа падрабязна расказалі храналогію здарэння.
Ката даставілі ў клініку «Доктар Вет» у стане агульнага прыгнечання і дэпрэсіі.
Таксама ў жывёлы назіралася поўная тазавая параплегія — параліч абедзвюх задніх лап. Вядома, што за тыдзень да гэтага былі скаргі на боль у паяснічным аддзеле і адмову ад ежы.
«Да гэтага гаспадары ўжо абышлі некалькі клінік, але беспаспяхова. Кот не быў прышчэплены, аднак доступу на вуліцу не меў, а кантакт з іншымі жывёламі гаспадар выключаў», — гаворыцца ў відэа.
Спецыялісты ветклінікі пачалі поўную дыягностыку жывёлы. Але завяршыць яе не паспелі — кот раптоўна памёр.
«Падчас лячэння гаспадары падазрона ўдакладнялі: «А гэта не можа быць шаленства?» Шаленства? Мы ўсяляк адкідалі гэтую версію, нягледзячы на неўралагічныя сімптомы, бо вірус нельга прынесці на вопратцы або абутку — патрэбны непасрэдны кантакт: укус, драпіна або траплянне сліны хворай жывёлы. Гаспадары гэта выключалі», — працягвае расказ ветэрынарны доктар.
Пасля смерці жывёлы гаспадары ў прыватным парадку вырашылі правесці даследаванне на шаленства.
«І якое ж было наша здзіўленне, калі прыйшоў станоўчы вынік. Як такое магчыма, кот жа хатні? У санэпідэмстанцыі нам сказалі, што гэты кот кантактаваў з кажаном, пра што нам падчас збору анамнезу нічога не паведамілі.
З-за таго, што гаспадары ўтаілі гэтую інфармацыю, больш за 10 маіх калег — дактароў і асістэнтаў нашай клінікі — апынуліся пад смяротнай пагрозай, былі шпіталізаваныя і проста цяпер праходзяць курс экстраннай вакцынацыі», — гаворыцца далей у відэа.
Спецыялістка асабліва падкрэсліла: шаленства невылечнае, пры жыцці яго нельга дыягнаставаць са стоадсоткавай дакладнасцю, а пасля з’яўлення сімптомаў смяротнасць складае 100%.
«Згодна з заканадаўствам Беларусі, вакцынацыя супраць шаленства абавязковая для ўсіх сабак і катоў. Ветэрынарныя ўрачы маюць права адмовіць у аглядзе непрышчэпленай жывёлы. Будзьце шчырымі з дактарамі — гэта пытанне жыцця людзей», — падкрэслілі аўтары допісу.

На момант публікацыі відэа набрала каля 150 тысяч праглядаў і 500 каментарыяў.
Цяпер чытаюць
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
«Запрасіў мяне на спатканне і прыехаў на яго з пакетам памідораў замест кветак». Што ўспамінаюць пра Яна Памедора Рэуцкага, адміна шматтысячнай суполкі беларусаў Польшчы
Каментары
[Зрэдагавана]
Ёсць такое ў Беларусі?