Meta аштрафавалі на 25 мільярдаў даляраў за падман карыстальнікаў сацсетак наконт абароны іх даных
Першапачаткова памер штрафу для кампаніі, якая валодае Фэйсбукам, Інстаграмам, WhatsApp, склаў 219 млрд даляраў, зыходзячы з 5 000 даляраў за кожнае з 43 млн парушэнняў, устаноўленых прысяжнымі. Аднак суддзя знізіў суму да 25 млрд.

Кампаніі Meta, якая валодае, акрамя іншага, сацсеткамі Фэйсбук і Інстаграм і месенджарам WhatsApp, прызначаны найбуйнейшы ў яе гісторыі штраф па справе аб абароне персанальных даных. У сераду суддзя ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка абавязаў кампанію выплаціць 25 млрд даляраў, піша Бі-бі-сі.
Рашэнне было вынесена па выніках двухтыднёвага грамадзянскага працэсу, які адбыўся раней сёлета ў акруговым судзе Санта-Фэ. Большасць прысяжных прызнала, што Meta (раней вядомая як Facebook) на працягу многіх гадоў уводзіла ў зман карыстальнікаў, перш за ўсё Фэйсбука, адносна таго, як яна абыходзілася з іх персанальнымі данымі.
«Хлусня датычылася не толькі метадаў Facebook па працы з карыстальніцкімі данымі», — заявіў суддзя, дадаўшы, што яна закранала «саму аснову дзелавой практыкі Facebook».
Гэта найбуйнейшы штраф, калі-небудзь накладзены на Meta. Сёлета кампанія ўжо была аштрафавана па некалькіх іншых судовых справах або пагадзілася на іх урэгуляванне. У прыватнасці, яна заключыла пагадненне з урадамі кааліцыі штатаў і тэрыторый на чале з Каліфорніяй на суму 18 млрд долараў па справе аб бяспецы дзяцей.
«Наўмысная хлусня»
Падставай для судовага разбору стала роля Meta, якая тады называлася Facebook, у скандале вакол кампаніі Cambridge Analytica. Гэтая фірма, якая пасля закрылася, выкарыстоўвала даныя карыстальнікаў Facebook у сваёй дзейнасці па аказанні палітычных кансультацыйных паслуг, у тым ліку ў рамках праектаў, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША ў 2016 годзе, на якіх Дональд Трамп упершыню атрымаў перамогу.
Улады Нью-Мексіка падалі пазоў супраць кампаніі з-за шматлікіх заяў кіраўнікоў Meta, якія на працягу многіх гадоў сцвярджалі, што даныя карыстальнікаў ніколі не прадаваліся і не перадаваліся трэцім асобам. Насамрэч гэта адбывалася.
У сераду суддзя Фрэнсіс Мэцью вынес рашэнне аб штрафе, сума якога прыкладна адпавядае квартальнаму прыбытку Meta.
Па яго словах, парушэнні заканадаўства і ілжывыя заявы кампаніі пра тое, як выкарыстоўваліся і каму перадаваліся даныя карыстальнікаў Facebook, мелі «наўмысны» характар і працягваліся «больш за 11 гадоў» — з 2010 па 2021 год.
У сваёй пастанове суддзя Мэцью адзначыў, што перапіска паміж высокапастаўленымі кіраўнікамі кампаніі, уключаючы Марка Цукерберга, была «накіравана на ўвядзенне грамадскасці ў зман».
Першапачаткова памер штрафу, згодна з законам штата Нью-Мексіка, склаў 219 млрд даляраў, зыходзячы з 5 000 даляраў за кожнае з 43 млн парушэнняў, устаноўленых прысяжнымі. Аднак суддзя Мэцью знізіў суму да 25 млрд даляраў.
Meta заявіла, што падасць апеляцыю. «У аснове сваёй гэты пазоў імкнецца абкласці падаткам слова, з тым каб прымяняць новыя правілы аб тым, што людзі могуць гаварыць у інтэрнэце. Мы ўпэўнены, што пераможам у апеляцыйнай інстанцыі», — цытуе New York Times галоўнага юрыста Meta Сі Джэя Махоўні.
«Занадта доўга магутныя тэхналагічныя кампаніі дзейнічалі так, быццам іх памеры і ўплыў ставяць іх вышэй за закон. Сённяшняе рашэнне ясна паказвае, што ніводная карпарацыя не можа быць настолькі магутнай, каб яе нельга было прыцягнуць да адказнасці», — заявіў генеральны пракурор Нью-Мексіка Рауль Торэс.
Штат Нью-Мексіка патрабаваў аштрафаваць Meta на 40 млрд даляраў. Кампанія настойвала, што любы штраф звыш 3,4 млрд даляраў будзе неканстытуцыйным.
Нью-Мексіка стаў адным з найбольш актыўных праціўнікаў Meta ў судовых разборах. Раней у гэтым годзе суд штата абавязаў кампанію выплаціць амаль на 1 млрд долараў у выглядзе штрафу і шкоды за ўвядзенне грамадскасці ў зман адносна бяспекі яе сацыяльных платформ для дзяцей.
Суддзя, які разглядаў гэтую справу, параўнаў Meta з прамысловым прадпрыемствам, што забруджвае атмасферу.
Толькі ў выпадку Meta такім «забруджваннем», па яго словах, становяцца «псіхалагічная шкода і сэксуальная эксплуатацыя дзяцей».
Цяпер чытаюць
«Запрасіў мяне на спатканне і прыехаў на яго з пакетам памідораў замест кветак». Што ўспамінаюць пра Яна Памедора Рэуцкага, адміна шматтысячнай суполкі беларусаў Польшчы
Каментары