У Беларусі з'явяцца тэрміналы для самастойнага атрымання электроннага лічбавага подпісу
У Беларусі распрацоўваюць тэрміналы самаабслугоўвання, з дапамогай якіх грамадзяне і прадстаўнікі бізнэсу змогуць самастойна атрымліваць сродкі электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП). Праект знаходзіцца на завяршальным этапе распрацоўкі і цяпер праходзіць выпрабаванні. Пра гэта 21 кастрычніка паведаміў начальнік рэспубліканскага засведчвальнага цэнтра Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Уладзімір Басько, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Тэрміналы прызначаныя для фізічных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і кіраўнікоў арганізацый. Яны дазволяць прайсці ўсе неабходныя працэдуры без непасрэднага ўдзелу супрацоўніка рэгістрацыйнага пункта.
Каб атрымаць электронны лічбавы подпіс, карыстальніку трэба будзе паказаць адпаведны дакумент і прайсці біяметрычную ідэнтыфікацыю. Спецыяльныя сканеры правераць сапраўднасць дакумента, тэрмін яго дзеяння і іншыя параметры. Таксама сістэма параўнае фатаграфію ўладальніка з данымі рэгістра насельніцтва.
Паводле слоў Уладзіміра Басько, праверка асобы будзе адбывацца ў некалькі этапаў. Спачатку сістэма пацвердзіць, што перад тэрміналам знаходзіцца жывы чалавек, пасля чаго праверыць дакумент з дапамогай спецыяльнага спектральнага аналізу і запытаў да дзяржаўных інфармацыйных сістэм. Дадатковую біяметрычную ідэнтыфікацыю правядуць і падчас стварэння асабістага ключа, каб пераканацца, што электронны подпіс атрымлівае менавіта той чалавек, які звярнуўся па паслугу.
Пасля паспяховай праверкі сістэма сфармуе асабісты ключ на адпаведным носьбіце і выпусціць сертыфікат адкрытага ключа. У выніку карыстальнік атрымае носьбіт са сродкам электроннага лічбавага подпісу.
Прэзентаваць распрацоўку плануюць 26—27 кастрычніка на Міжнародным форуме па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях. Пасля завяршэння выпрабаванняў тэрміналы павінны прайсці сертыфікацыю і неабходныя працэдуры праверкі абароны інфармацыі. Затым іх плануюць паставіць у пунктах аказання паслуг па ўсёй Беларусі.
У Беларусі распрацоўваюць сэрвіс для заключэння дамоў анлайн
У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн
Кадастравае агенцтва паведаміла пра «гістарычную здзелку з нерухомасцю»
У Беларусі збіраюцца ўвесці лічбавыя пашпарты
У Беларусі выдадзена ўжо больш за 520 тысяч ID-карт
Каментары