Моды11

Празрыстыя сукенкі, карункі і адкрытае цела. Ці сапраўды «Аземпік» мяняе моду?

Прэпараты для пахудзення сталі настолькі папулярнымі, што вытворцам дарагой вопраткі даводзіцца пераглядаць памеры сваіх пастаянных кліентаў. Адначасова на подыумы вяртаюцца празрыстыя сукенкі, гарсэты і адкрытыя ўборы, а ў продажы расце колькасць адзення, якое можна падладзіць пад зменлівую фігуру. Ці звязаныя гэтыя тэндэнцыі з масавым выкарыстаннем «Аземпіка» і падобных прэпаратаў? У гэтым разбіралася Vogue Business.

Tom Ford. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

Парыжская спецыялістка па падборы люксавай вопраткі Ізабэль Бацані расказвае, што некаторым модным дамам давялося пераглядаць меркі пастаянных кліентаў, якія захоўваліся гадамі. Людзі прыкметна схуднелі, і ранейшыя памеры ім больш не падыходзяць. Паводле яе назіранняў, вытворцы дарагой вопраткі ўжо пачалі выпускаць больш рэчаў маленькіх памераў і скарачаць прапанову вялікіх.

Адной з магчымых прычын такіх змен называюць рост папулярнасці прэпаратаў для пахудзення накшталт «Аземпіка». Паводле Morgan Stanley Research, у 2025 годзе сусветныя продажы прэпаратаў гэтай групы дасягнулі $79 мільярдаў, а да 2035 года могуць вырасці да $190 мільярдаў.

А паводле прагнозу Consumer Goods Forum і Bain & Company, да 2030 года прэпараты гэтай групы могуць выкарыстоўваць кожны трэці амерыканец і кожны восьмы брытанец.

На гэтым фоне ў моднай індустрыі ўзнікае пытанне: ці могуць лекі, якія дапамагаюць людзям худнець, змяніць не толькі попыт на памеры, але і тое, як выглядае сучасная вопратка?

Вопратка, якая змяняецца разам з фігурай

Змена вагі можа прымушаць людзей часцей абнаўляць гардэроб або шукаць рэчы, якія можна падладзіць пад фігуру. Пры гэтым важны не толькі памер, але і камфорт. Паводле эксперткі аналітычнай кампаніі WGSN Лоры Янаку, каля 40% такіх спажыўцоў асаблівую ўвагу звяртаюць на камфорт, бо прыём лекаў можа суправаджацца пабочнымі эфектамі, у тым ліку павышанай адчувальнасцю скуры і ўздуццем жывата.

Jean Paul Gaultier. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

На гэтым фоне ўсё большую папулярнасць набірае адзенне з рэгуляванай таліяй, завязкамі і эластычнымі элементамі. Паводле кампаніі EDITED, у маі 2026 года колькасць новых мадэляў штаноў і спадніц з рэгуляванай таліяй, якія паступілі ў продаж, больш чым удвая перавысіла паказчык папярэдняга месяца. А колькасць новых мадэляў з паясамі вырасла на 50% у параўнанні з мінулым годам.

Падобныя рашэнні з'яўляюцца і ў калекцыях вядомых брэндаў. Miu Miu прадэманстраваў вопратку з крыжаванай шнуроўкай, Lemaire — спадніцы з маланкамі, а Prada — спадніцы з рэгуляванымі зашпількамі на ліпучках. У Max Mara шырокія штаны дапоўнілі тканкавымі паясамі, якія завязваюцца ўручную, у Celine выкарыстоўвалі асабліва шырокія паясы, а ў Valentino з іх дапамогай падкрэслівалі талію.

Max Mara. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

Дызайнеры таксама звяртаюць увагу на матэрыялы, якія добра прапускаюць паветра, расцягваюцца і захоўваюць форму. Такія тканіны дазваляюць вопратцы заставацца зручнай нават пры змяненні аб'ёмаў цела. Падобныя рашэнні можна ўбачыць у калекцыях Issey Miyake, Stella McCartney і CFCL.

Больш адкрытага цела але менш аблягаючага адзення

Яшчэ адна прыкметная тэндэнцыя сезона вясна—лета 2027 года — вяртанне адкрытых убораў. На паказах Tom Ford з'явіліся бюстгальтары з завостранымі чашачкамі і трусы з высокім выразам, у Balmain — гарсэты і спадніцы з падвязкамі, а празрыстыя тканіны і элементы ніжняй бялізны выкарыстоўвалі многія вядомыя брэнды.

Можна было б падумаць, што людзі, якія схуднелі, хочуць часцей дэманстраваць сваю новую фігуру, а дызайнеры ім у гэтым дапамагаюць. Аднак статыстыка паказвае больш складаную карціну.

Giorgio Armani. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

Паводле аналітычнай кампаніі Heuritech, колькасць новых карункавых маек з тонкімі шлейкамі ў продажы вырасла за год на 42% у Еўропе і ЗША і на 59% у Кітаі. У ЗША колькасць новых мадэляў карункавых шортаў, якія паступілі ў продаж, вырасла на 50%.

Расце цікавасць і да тонкіх, напаўпразрыстых тканін. Паводле Heuritech, колькасць новых мадэляў адзення з тонкіх карункаў павялічылася на 41% у Кітаі і на 19% у Еўропе. Асабліва прыкметная гэтая тэндэнцыя ў сукенках: адпаведныя паказчыкі павялічыліся на 49% у Кітаі, 37% у Еўропе і 19% у ЗША. У крамах таксама становіцца больш сукенак з шыфону і атласу, тады як сеткаватыя матэрыялы губляюць папулярнасць.

Пры гэтым вопратка, якая шчыльна аблягае фігуру, страчвае папулярнасць. Так, у Еўропе колькасць новых сукенак такога крою ў продажы скарацілася на 8%, а ў ЗША — на 6%. Вузкіх штаноў стала менш на 25% у Еўропе, на 21% у Кітаі і на 20% у ЗША.

Дызайнеры ўсё часцей адкрываюць цела з дапамогай празрыстых тканін, карункаў і выразаў, але не абавязкова імкнуцца падкрэсліць кожны яго абрыс.

Balmain. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

Ці сапраўды ва ўсім вінаваты «Аземпік»?

Эксперты пакуль не гатовыя сцвярджаць, што новыя тэндэнцыі на подыумах непасрэдна звязаныя з прэпаратамі для пахудзення. Так, аналітык Heuritech Фрыда Тордхаг адзначае, што даныя кампаніі не паказваюць прамой сувязі паміж распаўсюджваннем прэпаратаў і модай на адкрытыя ўборы.

Да таго ж празрыстую і аблягаючую вопратку ствараюць не толькі для худых людзей. Напрыклад, бельгійскі брэнд Ester Manas, вядомы адзеннем для розных тыпаў фігур, таксама прадставіў празрыстыя бодзі і гарсэты.

Ester Manas. Калекцыя вясна 2027. Фота: wwd.com

А дызайнерка Дзімітра Пеца паказала адкрытыя ўборы на мадэлях з рознымі фігурамі, у тым ліку пышнымі. На яе думку, такія фасоны могуць добра выглядаць незалежна ад памеру адзення.

Таму пакуль найбольш відавочны ўплыў прэпаратаў для пахудзення на моду — гэта рост попыту на зручную вопратку, якую можна рэгуляваць. А вось ці сталі яны прычынай вяртання празрыстых сукенак, гарсэтаў і адкрытых топаў, яшчэ трэба высветліць.

Каментары1

  • Žvir
    22.10.2026
    Pabočka Azempiku - abvastrennie razbeščanaści dy ehaizmu.

Цяпер чытаюць

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі пакажуць фільм пра кіраўніцу Theranos, асуджаную на 11 гадоў за буйное махлярства. Фільм б'е ўсе магчымыя рэйтынгі4

У Калінінградскай вобласці разбіўся вайсковы самалёт Су-30СМ6

Каля берагоў Амана заўважылі ружовых дэльфінаў. Чаму яны такога колеру — загадка ВІДЭА2

Зяленскі заявіў пра гатоўнасць да мірнага пагаднення з размежаваннем па цяперашняй лініі фронту16

У Расіі чарговы рэгіён скараціў выплаты сем’ям загінулых на вайне супраць Украіны3

Уіткаф назваў Пуціна гуманістам25

Кіраўнік кампаніі паспрабаваў уладкавацца на працу па вакансіі ў сваю фірму — і не прайшоў адбор6

Гродзенец прадае паштовую марку XIX стагоддзя. Просіць 1400 рублёў1

Пуцін прапанаваў Уіткафу абмеркаваць магчымую сустрэчу з Трампам у Кітаі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць