Са скандальнага забудоўшчыка Волаха хочуць спагнаць амаль 5 мільёнаў. Калі ўдасца да яго дацягнуцца
Эканамічны суд Брэсцкай вобласці задаволіў пазоў аб прыцягненні бізнэсоўца Іллі Волаха да субсідыярнай адказнасці па абавязацельствах звязанага з ім ТАА «Генеральны падрадчык», піша Office Life.

З забудоўшчыка, які з’ехаў з Беларусі, пастаноўлена спагнаць амаль 4,8 мільёна рублёў нявыплачаных даўгоў перад крэдыторамі. Суд прыйшоў да высновы, што бізнэсмен наўмысна абцяжарваў актывы кампаніі закладамі і давёў яе да банкруцтва.
Пазоў падаў антыкрызісны кіраўнік пры падтрымцы падатковай інспекцыі Кобрынскага раёна. Суд вырашыў, што неплацежаздольнасць кампаніі наступіла выключна з віны Волаха, які фактычна кантраляваў прадпрыемства праз звязаныя з ім структуры.
У матэрыялах справы адзначаецца, што маёмасныя актывы кампаніі былі страчаныя ў выніку супрацьпраўных дзеянняў і па прамой віне былога дырэктара «Жылбудкамплекта» Волаха, а не праз звычайныя камерцыйныя рызыкі. Устаноўлена, што з мая 2016 года да канца лістапада 2020‑га бізнэсмен забяспечваў выдаткоўванне грошай, прыцягнутых для будаўніцтва аб’екта, на мэты, не звязаныя з яго ўзвядзеннем.
Як вынікае з судовага рашэння, Волах злоўжываў паўнамоцтвамі заснавальніка і службовай асобы, а таксама наўмысна стварыў умовы, пры якіх «Генеральны падрадчык» браў на сябе залогавыя рызыкі «Жылбудкамплекта», не маючы рэальнай магчымасці выканаць адпаведныя абавязацельствы.
На момант пачатку працэдуры банкруцтва ў ТАА «Генеральны падрадчык» было 25 аб’ектаў нерухомасці. Аднак яны былі абцяжараныя закладам па жыллёвых аблігацыях «Жылбудкамплекта». Пазней Следчы камітэт арыштаваў гэтую нерухомасць у межах крымінальнай справы, у выніку чаго актывы фактычна былі замарожаныя. Антыкрызісны кіраўнік не змог выставіць іх на аўкцыён і разлічыцца з бюджэтам ды іншымі крэдыторамі.
Суд прызнаў цалкам даказанай прамую прычынна-выніковую сувязь паміж дзеяннямі бізнэсмена і шкодай, нанесенай крэдыторам.
Падставай для рашэння сталі таксама высновы абвінаваўчага прысуду Ленінскага раённага суда Мінска. У маі 2024 года Іллю Волаха прызналі вінаватым у злоўжыванні ўладай і прычыненні маёмаснай шкоды. За крадзеж грошай дольшчыкаў скандальна вядомага даўгабуда «Грушаўскі пасад» — дамоў на праспекце Дзяржынскага і вуліцы Шчорса — бізнэсмена завочна асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі і штрафу сумай 200 тысяч рублёў. У выніку пацярпелі больш за 400 грамадзян і сем юрыдычных асоб.
Да гэтага Волах паспеў з’ехаць у Польшчу, дзе атрымаў грамадзянства і змяніў прозвішча на Слакатовіч. Беларусі не ўдалося дамагчыся яго выдачы. Пазней з’явілася інфармацыя, што ў Польшчы ён заняўся рэстаранным бізнэсам, але пацярпеў няўдачу і судзіцца са сваімі былымі падначаленымі. Вясной гэтага года з'явілася інфармацыя, што Ілля Волах адкрыў у Варшаве школу American Elite School, але гэта таксама аказалася цёмнай справай.
Кампанію «Жылбудкомплект» ліквідавалі ў 2025 годзе. Працэдуры банкруцтва і ліквідацыі таксама прайшлі некалькі іншых бізнэс-структур, звязаных з Волахам.
Бізнэсмен, асуджаны за махлярства ў Мінску, адкрыў школу ў Варшаве. У пэўны момант бацькі забілі трывогу
Беларускі бізнэсмен, якога шукае Інтэрпал, адкрыў рэстаран у Варшаве. Цяпер з ім судзяцца былыя падначаленыя
Вынеслі прысуд па справе крадзяжу сродкаў у дольшчыкаў ЖК «Грушаўскі пасад»
У Мінску ідзе суд аб крадзяжы грошай дольшчыкаў «Грушаўскага пасада». 430 пацярпелых і 58 мільёнаў рублёў шкоды
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары