Грамадства1111

Беларускі бізнэсмен, якога шукае Інтэрпал, адкрыў рэстаран у Варшаве. Цяпер з ім судзяцца былыя падначаленыя

Прадпрымальнік знаходзіцца ў вышуку па запыце Беларусі, дзе завочна асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па справе крадзяжу сродкаў у дольшчыкаў ЖК «Грушаўскі пасад». Яго ахвярамі сталі 430 чалавек. З'ехаўшы ў Польшчу, ён адкрыў рэстаран. Але нешта пайшло не так.

Ілля Волах

Непрыемную гісторыю, звязаную з бізнэсам беларуса ў Варшаве расказвае Gazeta Wyborcza.

27-гадовая ўраджэнка Беларусі Лізавета Кудраўцава на працягу некалькіх месяцаў працавала поварам ва ўстанове Eutymia ў варшаўскім раёне Вілянаў. Установа спецыялізавалася на арганізацыі вяселляў і святкаванні першага прычасця, але не мела добрага прыбытку і спыніла сваю дзейнасць. Яшчэ да таго, як яе закрылі, уладальнік перастаў выплачваць заробкі работнікам. Лізавеце ён вінны амаль 7 тысяч злотых (каля 1910 даляраў) за больш як 200 гадзін, што яна адпрацавала ў сакавіку і красавіку.

«Рэстаран закрылі, і ўладальнік перастаў адказваць на званкі. Я напісала яму, што перадам справу ў суд. Тады ён выйшаў на сувязь і пачаў мне пагражаць», — цытуе выданне словы Лізаветы.

Журналістам дзяўчына паказала смс-перапіску з былым працадаўцам на рускай мове.

«Установа зачыненая. Хочаш са мной пацягацца? Я цябе…», — напісаў ён у адным з паведамленняў, ужыўшы грубае, нецэнзурнае слова. У іншым ён пагражаў, што «разбярэцца» з Лізаветай і яна «апынецца на вуліцы».

Справа «Грушаўскага пасаду»

Як піша выданне, уладальнікам установы ў Вілянуве з'яўляецца Ілля Волах. Мінулай вясной яму, як дырэктару фірмы «Жылбудкамплект» прысудзілі ў Беларусі 10 гадоў пазбаўлення волі.

Згодна з матэрыяламі следства, у 2016—2020 гадах Волах заключаў дамовы на будаўніцтва жылля ў жылым комплексе «Грушаўскі пасад» і такім чынам прыцягнуў ад дольшчыкаў больш за 58 мільёнаў рублёў, але пры садзейнічанні свайго намесніка Аляксандра Зайцава вывеў з рахункаў фірмы каля 24 мільёнаў, якія выдаткаваў на ўласныя патрэбы.

У выніку пацярпелымі аказаліся 430 фізічных асоб і пяць суб'ектаў гаспадарання. А дабудоўваць жыллё прыйшлося сталічнаму УКБ «Захад».

Зайцаў атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі і адбывае пакаранне, а вось Волах быў асуджаны завочна. На той час ён ужо жыў у Польшчы, і нават паспеў атрымаць польскі пашпарт, у якім ён запісаны як Слакатовіч.

Недабудаваны дом у «Грушаўскім пасадзе». Фота: Realt.onliner.by

Чырвоная нота Інтэрпала

Як высветлілі журналісты выдання, бізнэсмен вышукваецца па чырвонай ноце Інтэрпала. Гэта азначае, што праваахоўныя органы па ўсім свеце маюць права яго затрымаць. З запытам на вышук звярнуўся беларускі суд. Нягледзячы на гэта, Волах, ён жа Слакатовіч, застаецца на волі.

«Мы ведаем гэтага чалавека, ведаем, што ён вышукваецца Інтэрпалам, і нават дапыталі яго ў сувязі з гэтай справай. Але, на жаль, пакуль не можам нічога зрабіць. Нашы рукі звязаныя», — цытуе Wyborcza прэс-сакратара Акруговай пракуратуры ў Варшаве Пятра Скібу.

Як тлумачыць прадстаўнік пракуратуры, у маі 2023 года Вярхоўны суд Польшчы пастанавіў, што экстрадыцыя з Польшчы недапушчальная ў дзяржавы, адносна якіх існуюць сумневы ў тым, што іх судовая сістэма паважае правы чалавека.

Але існуе і другая прычына — Слакатовіч мае польскае грамадзянства і згодна з Канстытуцыяй Польшча не пагаджаецца на экстрадыцыю сваіх грамадзян.

«Не мае значэння, якім чынам гэты чалавек атрымаў гэтае грамадзянства. Польскае права аднолькавае для ўсіх грамадзян, і чырвоная нота Інтэрпала гэтага не змяняе. Нават у сітуацыі, калі б мы мелі справу з злачынцам», — тлумачыць прэс-сакратар.

Новы бізнэс і старыя праблемы

Як піша Wyborcza, Слакатовіч акрамя рэстараннага бізнэсу працягвае займацца будаўніцтвам жылля ўжо ў Польшчы. Ён з’яўляецца ўладальнікам фірмы Community Park, якая будуе жылы комплекс у мястэчку Скерды пад Варшавай.

Аднак і да гэтай кампаніі ўзнікаюць пытанні. Паводле даных Нацыянальнага судовага рэестра, прадстаўнік кампаніі ігнаруе выклікі падатковай інспекцыі. Як высветлілася, прэтэнзіі звязаныя з тым, што фірма на працягу некалькіх гадоў не падае падатковыя дэкларацыі.

Што тычыцца рэстарана ў Вілянуве, то такіх яго былых супрацоўнікаў, як Лізавета Кудраўцава, як мінімум восем чалавек. Ім Слакатовіч вінны ад 2 да 11 тысяч злотых (ад 540 да 3000 даляраў). Найбольшую суму — намесніку шэф-павара Іллі Фіялкоўскаму.

«У канцы я пачуў толькі адно: грошай ты ўсё роўна не атрымаеш. І яшчэ каб я быў асцярожны, бо дом на павароце — вельмі небяспечнае месца. А мой дом якраз стаіць на павароце», — расказаў журналістам мужчына.

Спачатку падманутыя работнікі звярнуліся па дапамогу ў Дзяржаўную інспекцыю працы. 18 чэрвеня інспектары прыехалі ў рэстаран беларуса ў Вілянуве, але ён на той момант ужо быў закрыты, а кампанія, якая кіравала ўстановай, ужо была ліквідаваная.

У выніку ў іх застаўся толькі адзін шлях — звярнуцца ў суд, што і зрабіў Фіялкоўскі. У адказ на гэта ў ліпені да яго дома прыйшлі некалькі мужчын. Яны «параілі» былому намесніку шэф-павара адмовіцца ад судовых разборак, бо інакш у яго могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы.

Але повар не змяніў свайго рашэння. Ён таксама заахвоціў сваіх былых калег далучыцца да пазову. Пакуль атрымалася пераканаць шэсць чалавек.

Пяць з іх мелі афіцыйныя працоўныя дамовы, але не атрымалі не толькі часткі заробку, але і пасведчання аб працы — ключавога дакумента, які пацвярджае факт і ўмовы найму. Працадаўца, які не выдае работніку пасведчанне, парушае закон. Паводле польскага заканадаўства, за гэта можа быць накладзены штраф — ад 1 да 30 тысяч злотых (ад 270 да 8100 даляраў).

Паводле інфармацыі, пацярпелых было болей, але некаторыя з іх усё ж змаглі вярнуць свае грошы.

«Хтосьці спрабуе ачарніць рэстаратара»

Па словах журналістаў, яны звязаліся з Аляксандрай Катушонак — блізкай калегай Слакатовіча. Былыя працаўнікі ўстановы называлі яе дырэктаркай. У размове з Wyborczą яна рашуча заявіла, што ўсе прэтэнзіі да ўладальніка — гэта спробы дыскрэдытацыі, бо «ён нікому нічога не вінен».

Аднак, як пішуць аўтары, пасля размовы (і гэта яны могуць пацвердзіць дакументальна) Катушонак патэлефанавала адной з былых супрацоўніц і выказала незадавальненне з-за таго, што тая адважылася запатрабаваць нявыплачаны заробак.

Журналісты таксама змаглі датэлефанавацца да самога ўладальніка і спытаць не толькі пра нявыплачаныя грошы і запалохванне супрацоўнікаў, але і пра ўцёкі з Беларусі і змену прозвішча.

Слакатовіч заявіў, што ўся гэтая сітуацыя — «расісцкая кампанія пераследу» супраць яго. Нават абвінавачанні і судовы працэс у Беларусі ён таксама назваў часткай «кампаніі пераследу».

Як пішуць журналісты, Слакатовіч не лічыць, што зрабіў нешта не так, а тых, хто дамагаецца выплаты ад яго заробкаў, называе «наркаманамі, якія хочуць яго абрабаваць». Ён, маўляў, нікому нічога не вінен, а «былыя супрацоўнікі не заслужылі заробку».

Па словах аўтараў, праз некалькі дзясяткаў хвілін пасля заканчэння размовы Слакатовіч даслаў ім паведамленне, якое можна ўспрыняць як спробу запалохвання і ціску з мэтай перашкодзіць публікацыі артыкула. У ім ён папярэджвае, што тэкст, які яны рыхтуюць, будзе парушэннем закона і прывядзе да таго, што ён звернецца ў суд.

Каментары11

  • бабруйчанін
    29.07.2025
    Зноў Ілля Волах - Валах з ідіша румын
  • Мде
    29.07.2025
    Бедныя польскія паліцыянты. Куды не плюнь, паўсюль у іх звязаныя рукі. Як працаваць у такіх умовах.. А, ну правільна - ніяк.
  • Не белы ці што?
    29.07.2025
    "расісцкая кампанія пераследу"

    Ён прадстаўнік нейкай асобнай расы? Ці чарговы белорусский, які наслухаўся тэрмінаў і кідаецца.

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў2

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Усе навіны →
Усе навіны

Маджтаба Хаменеі афіцыйна стаў Вярхоўным лідарам Ірана3

У сына Хаменеі ёсць элітная нерухомасць у Лондане пад бокам у ізраільскай амбасады3

«З гендарнай дыскрымінацыяй баброў скончана». Каля Бабруйскай крэпасці паставілі скульптуру бабровай пары3

Прэзідэнт Ірана пазваніў Ільхаму Аліеву1

«Ноч ператварылася ў дзень». Іранцы расказалі пра ўдары па нафтасховішчах

Стала вядома, хто распрацаваў софт для тэрмінала, які адмовіўся абслугоўваць Лукашэнку3

Афрыканскі студэнт з Мінска зноў трапіў у нявыкрутку. Цяпер справа дайшла да міністра юстыцыі3

Беларускі дом у Вільні просіць дапамогі10

Двум каталіцкім святарам не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі. Без пастыраў засталіся шэсць парафій у трох раёнах9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў2

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць