Прышчэпкі ад грыпу можна зрабіць ужо амаль месяц, але вакцыны пакуль толькі расійскія
У Беларусі пакуль няма еўрапейскіх вакцын ад грыпу — французскага «Ваксігрыпу» і нідэрландскага «Інфлювака». У шэрагу дзяржаўных паліклінік прапануюць толькі расійскі прэпарат «Грыпол плюс», а прыватныя медыцынскія цэнтры ў некаторых выпадках увогуле прыпынілі вакцынацыю ў чаканні імпартных паставак, даведаўся «Белсат».

Пра адсутнасць еўрапейскіх вакцын «Белсат» даведаўся ў некалькіх беларускіх медустановах. Нягледзячы на тое, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвясціла пра пачатак кампаніі вакцынацыі яшчэ 1 кастрычніка, у пацыентаў пакуль няма магчымасці выбраць паміж расійскім і еўрапейскім прэпаратамі.
У Брэсцкай цэнтральнай паліклініцы пацвердзілі, што французскай і нідэрландскай вакцын пакуль няма. Медустанова прапануе толькі расійскія прэпараты як ад грыпу, так і ад каранавіруса.
Падобная сітуацыя склалася і ў мінскай паліклініцы № 16. Там для бясплатнай вакцынацыі выкарыстоўваюць «Грыпол». Па словах супрацоўнікаў установы, французская і нідэрландская вакцыны пакуль не паступілі, таму медыкі чакаюць паставак і працягваюць прышчапляць людзей расійскім прэпаратам.
Як паведамляе Tochka.by, у шэрагу дзяржаўных медустаноў таксама ёсць толькі «Грыпол плюс». Прыватныя медыцынскія цэнтры «Ладэ», «Гарызонт» і «Экамедсервіс» пакуль не праводзяць вакцынацыю праз адсутнасць еўрапейскіх прэпаратаў.
У медцэнтры «Гарызонт» разлічваюць атрымаць еўрапейскія вакцыны не раней за 26 кастрычніка. У дзвюх іншых установах не змаглі назваць тэрміны пачатку вакцынацыі.
На гарачай лініі Міністэрства аховы здароўя паведамілі, што платныя вакцыны павінны з’явіцца прыкладна праз адзін-два тыдні.
Пры гэтым само міністэрства называе кастрычнік аптымальным часам для прышчэпкі ад грыпу і раіць не адкладаць вакцынацыю да лістапада.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары