Закрылі яшчэ адзін збор амаль на 2 мільёны даляраў для хворага дзіцяці
У трохгадовага Улада Гладкага з Навагрудка — спінальная мышачная атрафія (СМА) трэцяга тыпу. Каб дапамагчы сыну, бацькі абвясцілі дабрачынны збор на прэпарат «Золгенсма», які спыняе прагрэсаванне хваробы. Яго кошт складае 1 мільён 815 тысяч даляраў. Цяпер стала вядома, што неабходную суму ўдалося сабраць, піша «Анлайнер».

«Дзякуй абсалютна кожнаму, хто падтрымаў нашу сям’ю, працягнуў руку дапамогі і не прайшоў міма. Вы — нашы анёлы-ахоўнікі. Ваша дабрыня падарыла Уладу будучыню! Наша ўдзячнасць проста бязмежная», — напісалі бацькі хлопчыка ў сацыяльных сетках.
Яшчэ два месяцы таму, калі пра гісторыю Улада напісаў «Анлайнер», было сабрана каля 74 тысяч даляраў. Збор ішоў марудна: паводле апошніх справаздач у сацыяльных сетках, на дабрачынным рахунку хлопчыка было толькі 11,27% ад неабходнай сумы.
У Беларусі «Золгенсму» ўводзяць толькі дзецям, вага якіх не перавышае 13,5 кілаграма. У жніўні Уладу да гэтай крытычнай мяжы заставалася набраць усяго 500 грамаў.
Журналісты звязаліся з маці хлопчыка Ксеніяй, каб даведацца, як за такі кароткі час удалося сабраць астатнія грошы і дзе Улад атрымае неабходнае лячэнне.
Паводле слоў маці, сям’і вельмі дапамог Беларускі саюз жанчын, які пералічыў грошы, якіх не хапала, са свайго дабрачыннага рахунку. Ксенія прызналася, што магчымасць закрыць збор стала для іх нечаканасцю і вялікай радасцю, бо раней ён прасоўваўся вельмі марудна.
«Мы ўжо прыехалі ў «Маці і дзіця» і рыхтуемся да ін'екцыі. Думаю, Уладзіку ўвядуць прэпарат у канцы наступнага тыдня. Пакуль аналізы праходзім, УГД, кардыяграму. Вядома, я хвалююся, як сын будзе паводзіць сябе на працэдуры і як яна пройдзе. Гэта будзе кропельніца, яму трэба будзе ляжаць нейкі час, напэўна, прыйдзецца ўключаць мульцікі», — дзеліцца Ксенія.
Каментары
І зноў - закрылі только дзякуючы таму, што большая частка (значна большая!) патрэбнай сумы прыйшла з аднаго грашовага пераводу. Ад вельмі багатага чалавека, ці багатай установы, ці багатай фірмы. Ахвяраванняў простых людзей не хапала. І не будзе хапаць для збору мільёнаў у валюце. Дзяржава павінна дапамагаць.