Беларуску з ЗША з пратэрмінаваным пашпартам адвялі на мяжы ў падвал і праверылі тэлефон. Беларускіх памежнікаў яна параўнала з анёламі
Ірына, аўтарка ютуб-канала «Беларуска ў Амерыцы», расказала, як яе дапытвалі на беларускай мяжы. Ёй задавалі пытанні пра працу, веру і стаўленне да палітыкі ў краіне.

Аўтарка ютуб-канала «Беларуска ў Амерыцы» жыве ў амерыканскім штаце Мінесота. Яна выклала відэа пра паездку ў Беларусь. Жанчына ехала да родных і хацела ўпершыню ўбачыць трохгадовага ўнука, з якім дагэтуль бачылася толькі па відэасувязі.
Яе беларускі пашпарт пратэрмінаваны каля паўтара года. Па яе словах, раней пашпарт можна было памяняць, не выязджаючы з Амерыкі, але «абставіны змяніліся». З верасня 2023 года беларускія консульствы не выдаюць і не мяняюць пашпарты. Каб ехаць, жанчына атрымала дазвол на ўезд, і дзеля гэтага ёй давялося ехаць у Вашынгтон, дзе знаходзіцца амбасада Беларусі. Да гэтага, як яна расказвала ў папярэднім відэа, яе дакументы трапілі не ў беларускую амбасаду, а ў амбасаду Нікарагуа. Гэта здарылася з-за памылкі супрацоўніка пошты і, як яна прызнае, яе ўласнай няўважлівасці.
Яны ляцелі па маршруце Мінеапаліс — Амстэрдам — Вільня, а з Вільні паехалі аўтобусам у Мінск. Аўтобус прастаяў на мяжы з поўначы да шостай раніцы. Здымаць на пункце пропуску не дазваляецца, таму падзеі, якія адбыліся там, яна пераказвае на камеру ўжо ў ЗША.
На беларускім пункце пропуску жанчына аддала памежніцы пратэрмінаваны пашпарт, дазвол на ўезд і амерыканскі пашпарт. Яе папрасілі адысці ўбок і пачакаць. Астатнія сямейнікі тым часам прайшлі кантроль.
«Праз нейкі час да мяне падышоў памежнік. Ён узяў дакументы ў жанчыны і сказаў: «Ідзіце за мной». І я пайшла за ім, зусім не разумеючы, што адбываецца і куды мяне вядуць», — расказвае яна.
Па яе словах, яны прайшлі некалькі калідораў і спусціліся ў сутарэнне. Там быў вузкі паўцёмны калідор з шасцю ці сямю крэсламі ўздоўж сцяны. «Бледнае святло, паўпустыя пакоі, доўгія калідоры. У некаторых памяшканнях я заўважыла краты», — апісвае жанчына. Тады ў яе, з ейных словах, мільганула думка, што той, хто сюды трапіў, адсюль ужо не выберацца.
Яна спытала ў памежніка, колькі ёй яшчэ чакаць. Ён адказаў: «Я не ведаю, вас паклічуць». Пазней яна спытала, за што яе сюды прывялі. Памежнік сказаў, што не ведае і што ёй усё растлумачаць.
Прыкладна праз 15—20 хвілін яе паклікалі ў кабінет. Ёй здалося, што для гэтага яны спусціліся яшчэ ніжэй. У пакоі памерам каля 4 на 4 метры за адным сталом сядзеў мужчына ў вайсковай форме, за другім — жанчына гадоў сарака, таксама ў форме. Мужчына папрасіў тэлефон і, задаючы пытанні, праглядаў яе сацсеткі. Ён пытаўся, чаму яна ўязджае з пратэрмінаваным пашпартам, дзе працуе і жыве, ці водзіць машыну, чым захапляецца і колькі збіраецца прабыць у Беларусі.
Пасля размова перайшла на веру і палітыку. Жанчына мяркуе, што супрацоўнік паглядзеў яе старонку ў фэйсбуку, дзе яна публікуе вершы і цытаты з Бібліі. «Я бачу, што вы чалавек веруючы», — сказаў ён і спытаў пра яе веравызнанне. Потым ён спытаў, як яна ставіцца да цяперашняй палітыкі Беларусі. Жанчына адказала, што не будуе жыццё на палітычных ідэях і што яе галоўны арыенцір — Біблія.
Яна кажа, што тэлефона не баялася: «Я не была ні ў якіх забароненых групах, не вяла забароненых перапісак, не пакідала палітычных каментарыяў супраць той ці іншай краіны. Я не спрабавала нешта загадзя выдаліць ці схаваць».
Пасля праверкі супрацоўнік вярнуў ёй тэлефон і сказаў, што яна вольная. Ён таксама вывеў яе з будынка, бо дарогі яна не ведала. Па дарозе ён растлумачыў, што яе «не затрымлівалі». Па яго словах, людзі, якія перасякаюць мяжу з пратэрмінаванымі дакументамі, часам праходзяць дадатковую праверку.
Аўтарка відэа падкрэслівае, што з ёй абыходзіліся карэктна: «Я не адчула ніякай грубасці, хамства ці непавагі». Яна згадвае, што перад паездкай чула гісторыі, як людзей на мяжы затрымлівалі, дапытвалі і як да іх ставіліся груба. Таму яна і вырашыла расказаць пра выпадак, калі «ўсё адбываецца спакойна і карэктна».
Памежнікаў жанчына параўнала з анёламі. Па яе словах, гадоў сем таму ёй сніліся анёлы, якія стаялі ўздоўж усёй мяжы Беларусі з аўтаматамі ў руках. На пункце пропуску яна ўспомніла той сон. «Я падумала, што гэтыя маладыя хлопцы — як анёлы. Яны стаяць на варце, ахоўваючы сваю радзіму, ахоўваючы рубяжы ад нападу любога віду ворага», — кажа яна.
Відэа яна апублікавала прыкладна праз месяц пасля вяртання з Беларусі. Раней выкласці яго, па яе словах, не дазволілі «некаторыя абставіны, якія склаліся». Якія менавіта, яна не ўдакладняе.
Цяпер чытаюць
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары