Прайшла першая тэлефонная размова з Пуціным магчымых еўрапейскіх прадстаўнікоў на мірных перамовах з Расіяй
27 кастрычніка з Уладзімірам Пуціным пагаварылі прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ.

Ініцыятарамі размовы выступілі Стуб і Сцёрэ, паведаміла канцылярыя прэзідэнта Фінляндыі. Яны хацелі перадаць Пуціну пазіцыю Украіны адносна будучых перамоваў.
У канцылярыі асобна падкрэслілі: палітыкі ўдзельнічалі ў размове як кіраўнікі сваіх краін і не выступалі ад імя Еўропы ў цэлым.
«Размова была прамой і прадметнай. Мы — суседзі Расіі. Тое, як скончыцца вайна, паўплывае на бяспеку Фінляндыі і Нарвегіі, а таксама ўсёй Еўропы ў цэлым. Для спынення вайны неабходныя прамыя перамовы», — заявіў Стуб.
Сцёрэ сказаў, што падчас званка яны падкрэслілі важнасць дээскалацыі.
«Вайна прыносіць велізарныя чалавечыя пакуты і цягне за сабой велізарныя выдаткі. Вайна пакідае след на многіх пакаленнях», — адзначыў нарвежскі прэм'ер.
Крэмль па выніках размовы заявіў, што «Пуцін і лідары Фінляндыі і Нарвегіі дамовіліся і надалей падтрымліваць прамыя кантакты па тэлефоне».
«Пуцін у размове з лідарамі Фінляндыі і Нарвегіі даў ацэнку бягучай сітуацыі ў зоне канфлікту ва Украіне, нагадаўшы аб яго першапрычынах», — гаворыцца ў паведамленні Крамля. Далей ідзе традыцыйная формула Масквы, што «справядлівы доўгатэрміновы мір ва Украіне магчымы толькі з улікам інтарэсаў РФ. Пуцін у размове з лідарамі Нарвегіі і Фінляндыі ўказаў на канфрантацыйную палітыку краін НАТА і ЕС, якая зацягвае канфлікт ва Украіне». Таксама «Пуцін у размове са Стубам і Сцёрэ абмеркаваў забеспячэнне бяспекі ў рэгіёнах Балтыйскага мора і Поўначы Еўропы. Лідары краін пацвердзілі важнасць захавання міжнароднага марскога права і прынцыпу свабоды суднаходства», — паведамляе Крэмль.
Званок стаў працягам сустрэчы ў Осла 20 кастрычніка.
Імёны Стуба і Сцёрэ называлі ў якасці магчымых еўрапейскіх прадстаўнікоў на мірных перамовах з Расіяй. Менавіта з імі сустракаліся Зяленскі і Уіткаф перад апошнімі перамовамі Уіткафа з Пуціным.
Пасля размовы Стуб і Сцёрэ правялі званок з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары