Беларуска атрымала ў Польшчы ДНЖ з памылкай у імені. Ці можна гэта выправіць?
Беларуска, якая афармляла дазвол на жыхарства ў Польшчы па ўз'яднанні сям'і, атрымала карту побыту з памылкай у імені. Замест Aliaksandra ў дакуменце было напісана Aliaksanra.

Most даведаўся, як дзяўчыне ўдалося замяніць картку і што рабіць, калі ў дакуменце выявілася памылка.
Заяву аб прадастаўленні часовага ДНЖ 17‑гадовай дачцэ падавала Анжаліка (імя зменена) — маці дзяўчыны. Гэта было ў сакавіку 2025 года. Станоўчае рашэнне атрымалі ў канцы мая 2026 года, а ў пачатку чэрвеня — карту побыту.
— Пры атрыманні карткі дачка праверыла прозвішча і пачатак імя, каб было Alia, а не Ale. А на канчатак ужо не звярнула ўвагі, — расказвае маці дзяўчыны. Гэта яна пазней выявіла памылку.
«Хвілін пяць мяне адчытвалі»
Спачатку Анжаліка праверыла рашэнне аб прадастаўленні ДНЖ. Там імя было напісана правільна. Тады яна патэлефанавала на інфалінію Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення (мясцовага самакіравання ўжонда).
— Хвілін пяць мяне адчытвалі: як жа так мы правяралі картку і падпісалі, што ўсё правільна. У выніку сказалі паспрабаваць падысці ў кабінет № 13 з пашпартам, карткай і рашэннем, — успамінае жанчына.
Дзяўчына прыехала ва ўжонд (мясцовае самакіраванне).
— Ва ўжондзе высветлілася, што ў інфармацыйнай сістэме імя напісана правільна. Проста нейкая чалавечая памылка пры вырабе пластыкавай карткі. Сказалі, што за два тыдні бясплатна памяняюць картку, — расказвае суразмоўніца.
Неабходныя дакументы для выпраўлення памылкі супрацоўнікі аформілі непасрэдна ва ўжондзе. Старую карту побыту забралі. Паўторна падаваць заяву на ДНЖ не спатрэбілася, як і плаціць за выраб новай карткі. Выпраўлены дакумент дзяўчына атрымала праз два тыдні.
Што рабіць, калі ў карце побыту выявілася памылка
На афіцыйным сайце Велікапольскага ваяводскага ўпраўлення апублікавана тлумачэнне для замежнікаў, якія выявілі памылку ў карце побыту пасля яе атрымання.
Ужонд рэкамендуе паведаміць аб памылцы, указаўшы, якія менавіта звесткі ў дакуменце няправільныя. Зрабіць гэта можна асабіста ў інфармацыйным пункце ведамства або накіраваўшы пісьмовы зварот.
Калі памылка ўзнікла па віне ўжонда, новую картку вырабяць бясплатна.
Калі ж няправільныя даныя першапачаткова прадаставіў сам заяўнік, можа спатрэбіцца стандартная працэдура замены карты побыту — wymiana karty pobytu. Яна апісана на дзяржаўным партале MOS.
Таму пры выяўленні памылкі варта спачатку параўнаць даныя ў пашпарце, рашэнні аб прадастаўленні ДНЖ і карце побыту. Затым звярнуцца ў ваяводскае ўпраўленне, якое выдала дакумент, і ўдакладніць парадак выпраўлення.
Цяпер чытаюць
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары