Свет

У ЗША затопяць легендарны акіянскі лайнер. Ён стане найбуйнейшым штучным рыфам у свеце

Легендарны амерыканскі акіянскі лайнер SS United States, які калісьці перавозіў сусветных лідараў, галівудскіх зорак і тысячы эмігрантаў праз Атлантычны акіян, рыхтуюць да апошняга падарожжа — на дно Мексіканскага заліва. Там ён павінен стаць найбуйнейшым штучным рыфам у свеце, піша The Independent.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons

Месца затаплення знаходзіцца прыкладна за 41 кіламетр на паўднёвы захад ад Дэстына і за 59 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Пенсаколы, штат Фларыда. Дакладныя тэрміны аперацыі могуць змяніцца ў залежнасці ад надвор’я і стану мора.

Даўжыня SS United States складае амаль 305 метраў — больш чым на 30 метраў перавышае даўжыню «Тытаніка». Лайнер стаў адным з выдатных інжынерных дасягненняў сярэдзіны XX стагоддзя. Яго праектавалі таксама з улікам магчымасці выкарыстання для перавозкі вайскоўцаў.

Падчас першага рэйса ў 1952 годзе судна паставіла рэкорд хуткасці перасячэння Атлантыкі. Сярэдняя хуткасць лайнера перавышала 66 кіламетраў за гадзіну, або 36 вузлоў. Маршрут ён пераадолеў за тры дні, 10 гадзін і 40 хвілін, апярэдзіўшы папярэдняга рэкардсмена RMS Queen Mary на 10 гадзін. SS United States захоўвае рэкорд хуткасці перасячэння Атлантычнага акіяна сярод пасажырскіх суднаў дагэтуль.

Амаль тры дзесяцігоддзі лайнер прастаяў каля берагоў ракі Дэлавэр у Філадэльфіі. Увесь гэты час прыхільнікі захавання гістарычнай спадчыны шукалі магчымасць аднавіць яго, аднак амбіцыйныя праекты рэстаўрацыі неаднаразова зрываліся праз надзвычай высокі кошт работ.

Урэшце працяглы судовы канфлікт паміж некамерцыйнай арганізацыяй, якая апекавалася суднам, і ўладальнікам прычала праз плату за стаянку і арэнду скончыўся рашэннем суда аб неабходнасці вызваліць прычал.

У сакавіку лайнер на працягу 12 дзён буксіравалі ў порт Мабіл у штаце Алабама. Там некалькі месяцаў рыхтавалі яго да затаплення: дэмантавалі электраправодку, шкло і пластыкавыя элементы, а таксама выдалялі небяспечныя хімічныя рэчывы.

Супраць затаплення выступіла прыродаахоўная арганізацыя New York Coalition. Яна звярнулася ў федэральны суд у Пенсаколе, спрабуючы спыніць аперацыю дзеля захавання гістарычнай спадчыны. Аднак мясцовыя ўлады лічаць ператварэнне лайнера ў штучны рыф адзінай рэалістычнай альтэрнатывай разборцы на металалом.

Прэзідэнтка некамерцыйнай арганізацыі SS United States Conservancy Сьюзан Гібс заявіла, што лайнер натхняў мільёны людзей ва ўсім свеце як сімвал амерыканскага гонару і дасканаласці. Паводле яе слоў, ператварэнне судна ў штучны рыф дазволіць захаваць яго ў якасці ўнікальнай гістарычнай славутасці як над вадой, так і пад ёй.

На рэалізацыю праекта акруга Акалуса плануе выдаткаваць у агульным ліку 10,1 мільёна даляраў. Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё судна, яго транспартаванне, ачыстку і затапленне. Яшчэ адзін мільён даляраў у межах агульнага бюджэту прызначаны для стварэння на беразе музея, прысвечанага гісторыі лайнера.

Знайсці фінансаванне дапамагло супрацоўніцтва мясцовых арганізацый. Прадстаўнікі турыстычнай галіны Пенсаколы выдзелілі 1,5 мільёна даляраў, а прыродаахоўная арганізацыя Coastal Conservation Association Florida — яшчэ 500 тысяч даляраў. Для апошняй гэта найбуйнейшая аднаразовая ахвяраваная сума за 40 гадоў яе існавання.

Пасля затаплення SS United States увойдзе ў сетку з больш як 500 штучных рыфаў у акрузе Акалуса. Сярод іх ужо ёсць каля дзясятка меншых затопленых суднаў.

Лайнер будзе ляжаць на марскім дне на глыбіні каля 55 метраў, а яго верхнія палубы апынуцца прыкладна за 18 метраў ад паверхні вады. Гэта зробіць яго даступным для падводных пагружэнняў як пачаткоўцаў, так і дасведчаных аквалангістаў. Прыкладна за 22 кіламетры ад гэтага месца знаходзіцца авіяносец USS Oriskany, затоплены ў 2006 годзе для стварэння дайвінгавай пляцоўкі.

Мясцовыя ўлады разлічваюць, што новы аб’ект стане важнай турыстычнай славутасцю. Бізнэс, у тым ліку крамы абсталявання для дайвінгу, кампаніі, якія арганізуюць рыбалку з чартарных суднаў, а таксама гатэлі, спадзяюцца атрымліваць дзякуючы яму мільёны даляраў турыстычных даходаў штогод.

Старшыня рады акругі Акалуса Пол Міксан заявіў, што праект адкрые для наведнікаў новыя магчымасці і будзе спрыяць развіццю турыстычнай эканомікі Фларыды. Камісар акругі Мэл Пондэр таксама назваў лайнер спадчынай, якую можна будзе перадаць наступным пакаленням. Паводле яго слоў, карысць ад праекта атрымаюць не толькі дайверы і рыбакі, але і ўся мясцовая супольнасць.

Акрамя турыстычнага значэння, затоплены лайнер павінен стаць новым жыццёвым асяроддзем для марскіх арганізмаў. Кіраўнік турыстычнай арганізацыі Visit Pensacola Дар'ен Шэфер адзначыў, што стварэнне найбуйнейшага штучнага рыфа ў свеце дасць рэгіёну магчымасць прыцягнуць міжнародную ўвагу. Выканаўчы дырэктар Coastal Conservation Association Florida Браян Горскі назваў праект унікальнай магчымасцю паўдзельнічаць у стварэнні такога аб’екта.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла20

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Усе навіны →
Усе навіны

Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны1

Варонеж атакавалі дроны. У горадзе пажары8

Былы палітзняволены Павел Спірын месяц жыў у лесе ў Літве. Навошта?1

Лула да Сілва пераабраўся на пасаду прэзідэнта Бразіліі4

Вароны прымаюць рашэнні ўдвая хутчэй за людзей і малпаў9

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі23

Мінчанку са шпіцам высадзілі з аўтобуса — і ўсё па правілах, аказваецца7

Расійскага дэпутата з татуіроўкай Z на шыі прывезлі ў Брэст як ганаровага госця. У мінулым ён амерыканскі баец13

Зяленскі пра мірныя перамовы: Украіна не пагодзіцца на абмежаванне войска і нейтралітэт7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла20

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць