Свет55

Ці стане Францыя рызыкаваць Парыжам, баронячы Варшаву? Французскі «ядзерны парасон» такі ж сумнеўны, як амерыканскі

Замест амерыканскага «ядзернага парасона», у надзейнасці якога Еўропа ўсё больш сумняваецца, Францыя прапануе ўласны, да якога ўжо далучыліся дзесяць еўрапейскіх краін. Але ці гатовы Парыж рызыкаваць сабой дзеля абароны саюзнікаў? Пра гэта піша The Wall Street Journal.

Знішчальнік ВПС Францыі Dassault Rafale, здольны несці ядзерную зброю, падчас Дубайскага авіясалона 13 лістапада 2023 года. Фота: AP Photo / Jon Gambrell

У 1961 годзе прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь спытаў у амерыканскага калегі Джона Кенэдзі, ці гатовыя ЗША ахвяраваць Нью-Ёркам дзеля выратавання Парыжа. Адказу ён так і не атрымаў.

Сумневы ў тым, што Вашынгтон рызыкне ўласнай бяспекай дзеля еўрапейскіх саюзнікаў, сталі адной з прычын стварэння незалежнага французскага ядзернага арсенала, які застаўся па-за сістэмай ядзернага планавання НАТА.

Праз больш чым шэсць дзесяцігоддзяў гэтае пытанне, як піша міжнародны аглядальнік The Wall Street Journal Яраслаў Трафімаў, зноў стала актуальным. Збліжэнне Вашынгтона з Масквой, энергетычныя дамоўленасці з Расіяй і ціск на Украіну толькі ўзмацнілі сумневы еўрапейцаў у надзейнасці амерыканскіх гарантый бяспекі.

Пры гэтым рэч не толькі ў палітыцы Дональда Трампа. У еўрапейскіх сталіцах лічаць, што велізарны стратэгічны ядзерны арсенал ЗША прызначаны перадусім для абароны самой Амерыкі. А ў выпадку канфлікту ў Еўропе Вашынгтон, хутчэй за ўсё, абмяжуецца размешчанымі ў саюзнікаў ядзернымі авіябомбамі B-61. Яны распрацоўваліся яшчэ ў 1960‑я гады, а цяпер іх магчымасці нанесці ўдар па Расіі істотна абмежаваныя з-за ступені развіцця расійскай супрацьпаветранай абароны.

Што прапануе Францыя

На гэтым фоне прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з канцэпцыяй «перадавога ядзернага стрымлівання». Яна прадугледжвае размяшчэнне французскіх знішчальнікаў Rafale, здольных несці ядзерную зброю, у іншых еўрапейскіх краінах, а таксама супрацоўніцтва ў сферы разведкі, сувязі і ранняга папярэджання аб пагрозах.

Да ініцыятывы далучыліся дзесяць дзяржаў: Вялікабрытанія, Германія, Нідэрланды, Бельгія, Польшча, Грэцыя, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя і Данія. Краіны Балтыі, якія асабліва ўразлівыя перад расійскай пагрозай, у праект не ўвайшлі, а Італія адмовілася ад удзелу.

Францыя мае каля 290 ядзерных боегаловак, што значна менш, чым ЗША ці Расія. Аднак яе крылатыя ракеты ASMP-A, якімі ўзброеныя знішчальнікі Rafale, прызначаныя для ўдараў па буйных расійскіх гарадах і, паводле вайсковых экспертаў, маюць высокія шанцы пераадолець расійскую СПА.

Сэнс французскай ініцыятывы не ў тым, каб замяніць амерыканскі «ядзерны парасон», а ў тым, каб стварыць дадатковую нявызначанасць для Крамля. Масква павінна ўлічваць, што ў выпадку канфлікту можа сутыкнуцца і з французскай ядзернай зброяй, прычым французскія самалёты могуць знаходзіцца за межамі Францыі.

Але ці будзе Парыж рызыкаваць сабой дзеля Варшавы?

Французскія чыноўнікі лічаць, што іх гарантыі могуць быць больш пераканаўчымі за амерыканскія. У адрозненне ад ЗША, Францыя знаходзіцца на адным кантыненце са сваімі саюзнікамі, таму іх бяспека непасрэдна звязаная з яе ўласнай.

Макрон таксама заяўляе, што жыццёва важныя інтарэсы Францыі не абмяжоўваюцца яе межамі. Аднак дзе менавіта яны заканчваюцца, Парыж наўмысна не ўдакладняе і безумоўных гарантый саюзнікам не дае. Рашэнне аб выкарыстанні ядзернай зброі ў любым выпадку застаецца выключна за французскім прэзідэнтам.

Пакуль Францыя стварыла асобныя групы для перамоў з кожнай з дзесяці дзяржаў, але агульнага механізму ядзернага планавання няма. У выніку, як расказваюць высокапастаўленыя прадстаўнікі абаронных ведамстваў краін-партнёраў, ім даводзіцца пастаянна сазвоньвацца, каб параўнаць, што кожнай з краін паведаміў Парыж.

Да таго ж, надзейнасць французскага «ядзернага парасона» залежыць ад таго, хто будзе кіраваць краінай. Эксперты асцерагаюцца, што прыход да ўлады ультраправага «Нацыянальнага аб'яднання», звязанага з Марын Ле Пэн, якая раней падтрымлівала цёплыя адносіны з Пуціным, можа падарваць давер еўрапейскіх саюзнікаў да Парыжа.

На думку былога высокапастаўленага супрацоўніка Пентагона Віпіна Наранга, французская ініцыятыва лепшая, чым нічога, але разглядаць яе як замену амерыканскім гарантыям бяспекі не варта.

І галоўнае пытанне застаецца тым самым, якое некалі дэ Голь задаваў Кенэдзі. Толькі цяпер яно адрасаванае Парыжу.

«Незразумела, ці пераканаўча для расіян выглядае тое, што французы будуць рызыкаваць ударам у адказ па Парыжы дзеля, напрыклад, Варшавы. Але расіяне, безумоўна, звяртаюць на гэта ўвагу», — адзначае экспертка па Расіі і ядзернай палітыцы Ніколь Граеўскі з парыжскага ўніверсітэта Sciences Po.

Каментары5

  • Поцык
    26.10.2026
    Всё верно, есть страны Восточной и Северной Европы, у которых вопрос нападения России гораздо актуальнее. С ними и надо разрабатывать своё ядерное оружие, несмотря на угрозы.
  • Опенхаймер як Кольт
    26.10.2026
    Кожная краіна мусіць мець ядзерную зброю і магчымасць памножыць на нуль суседа. Тады ўсе будуць ветлівыя.

    Раз жывем у гэтак званым мульціпалярным свеце, кожны сам сабе полюс.
  • /*
    26.10.2026
    Ну Варшаву можа і будзе абараняць, а вось Латвію -не.

Цяпер чытаюць

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў46

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук паказаў, як разам з суседзямі прывёў у парадак пад’езд18

9 модных сукенак гэтага сезона восень-зіма5

У Сербіі праходзяць датэрміновыя парламенцкія выбары: Вучычу супрацьстаіць студэнцкі рух

Былую рэзідэнцыю Гітлера «Арлінае гняздо» адновяць пасля пажару

Беларус аказаў супраціў паліцэйскім у Францыі. Цяпер суд абавязаў яго заплаціць ім амаль 1000 еўра2

Пінчанка пайшла ў банк абмяняць 100 даляраў — і трапіла ў непрыемнасці

Беларуску з ЗША з пратэрмінаваным пашпартам адвялі на мяжы ў падвал і праверылі тэлефон. Беларускіх памежнікаў яна параўнала з анёламі20

У «Мінсктрансе» патлумачылі, чаму праезд у сталіцы дагэтуль нельга аплаціць банкаўскай картай4

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў46

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць