Беларус аказаў супраціў паліцэйскім у Францыі. Цяпер суд абавязаў яго заплаціць ім амаль 1000 еўра
Суд у Экс-ан-Праванс разгледзеў цывільныя патрабаванні двух паліцэйскіх да беларуса, асуджанага за супраціў. На пасяджэнне ён не з'явіўся.

Судовы трыбунал французскага горада Экс-ан-Праванс 15 кастрычніка 2026 года абавязаў беларуса заплаціць двум паліцэйскім агулам каля $1090 (972 еўра). Гэтыя грошы ідуць на пакрыццё іх выдаткаў на адваката. Такое рашэнне апублікавана ў базе судовых рашэнняў Францыі.
Паводле дакумента, яшчэ 11 чэрвеня 2024 года карны суд Экс-ан-Праванс прызнаў мужчыну вінаватым у супраціве двум паліцэйскім падчас выканання імі службовых абавязкаў. Што менавіта адбылося і за што паліцыя спрабавала яго затрымаць, у рашэнні не апісана. Якое пакаранне атрымаў беларус, з дакумента таксама невядома.
Абодва паліцэйскія ўступілі ў справу як грамадзянскія істцы. Суд тады прызначыў ім медыцынскую экспертызу і абавязаў асуджанага заплаціць кожнаму па 900 еўра судовых выдаткаў.
А вось разгляд іх патрабаванняў аб кампенсацыі суд вынес на асобнае пасяджэнне.
Экспертызы былі праведзеныя. Шкоду паліцэйскім кампенсавала CIVI — дзяржаўная камісія, якая выплачвае кампенсацыі ахвярам злачынстваў. На пасяджэнні 17 верасня 2026 года паліцэйскія прасілі спагнаць з беларуса толькі выдаткі на адваката. Суд задаволіў гэтае патрабаванне і загадаў выканаць рашэнне неадкладна, бо «з моманту падзей прайшло шмат часу».
Асуджаны на пасяджэнне не прыйшоў, і прадстаўніка ў яго не было. Паводле рашэння, ён жыве ў Беларусі.
Каментары