Прэм’ер Брытаніі заявіў, што не супраць вяртання свабоды перамяшчэння паміж Брытаніяй і ЕС
Брытанскі прэм’ер Эндзі Бёрнэм гатовы абмяркоўваць вяртанне права брытанцаў свабодна жыць і працаваць у краінах Еўрасаюза, а грамадзян ЕС — у Брытаніі. Бёрнэм заклікаў да «сумленнай дыскусіі» пра свабоду перамяшчэння, піша ВВС.

Прэм’ер хоча выбудаваць новыя адносіны з Бруселем і не выключае ні вяртання на адзіны еўрапейскі рынак, ні аднаўлення паўнавартаснага членства ў ЕС.
«Я думаю, што патрэбныя дэбаты пра гэта, але заснаваныя на фактах і доказах», — сказаў Бёрнэм.
Свабода перамяшчэння азначае, што грамадзяне краін-удзельніц могуць пераязджаць у іншыя краіны гэтага аб’яднання, жыць і працаваць там без асобнага іміграцыйнага дазволу. Такое ўзаемнае права было ў брытанцаў і грамадзян ЕС да брэксіту. Яго аднаўленне было б умовай вяртання Брытаніі як у Еўрасаюз, так і на адзіны рынак.
Пакуль Бёрнэм гаворыць выключна пра абмеркаванне магчымасцяў.
Пазіцыя прэм’ера адрозніваецца ад праграмы, з якой лейбарысты перамаглі на выбарах 2024 года. Яна выключала вяртанне свабоды перамяшчэння, далучэнне да адзінага рынку і мытнага саюза з ЕС. Раней Бёрнэм заяўляў, што падтрымлівае гэтую праграму.
Іміграцыя была галоўнай прычынай незадаволенасці 52% брытанскіх выбаршчыкаў, якія ў 2016 годзе прагаласавалі за выхад з ЕС. Аднак у пачатку 2020‑х гадоў, ужо пасля брэксіту, узровень іміграцыі стаў яшчэ вышэйшым. У 2025 годзе, паводле звестак Бюро нацыянальнай статыстыкі, прыток імігрантаў рэзка скараціўся.
«Я думаю, што нам патрэбная сумленная дыскусія пра гэта», — сказаў Бёрнэм, адзначыўшы, што міграцыйная сітуацыя змянілася.
Правыя апазіцыйныя партыі раскрытыкавалі яго словы. «Брытанскі народ прагаласаваў за тое, каб пакончыць са свабодай перамяшчэння, і вяртання да яе быць не можа», — заявіў Крыс Філп, які адказвае за ўнутраныя справы ў ценявым кабінеце кансерватараў.
Лідар Reform UK Найджэл Фарадж назваў словы прэм’ера «абсалютнай здрадай брэксіту і яго абяцанням выбаршчыкам Мэйкерфілда».
Апошнія сацыялагічныя апытанні паказваюць, што відавочная большасць брытанцаў незадаволеная брэксітам і гіпатэтычна хацела б вярнуцца ў ЕС. Звычайна гэта тлумачаць тым, што значную долю тых, хто галасаваў за выхад з ЕС у 2016 годзе, складалі выбаршчыкі старэйшага ўзросту, многія з якіх з таго часу памерлі. Аднак звесткі сведчаць і пра тое, што прыкметная частка прыхільнікаў брэксіту змяніла сваю пазіцыю за мінулыя 10 гадоў.
Каментары
[Зрэдагавана]