Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы
Кампаніі з Іўя ўсяго тры гады, а яна ўжо стала сапраўдным схаваным чэмпіёнам беларускага рынку з грашовым патокам пад 300 мільёнаў рублёў і пачала актыўна пазычаць на рынку. Што будзе далей, пакуль не ясна.
Як стала вядома «Нашай Ніве», у пачатку тыдня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю правялі ператрусы і арышты ў офісах кампаніі «Буцік Аўта» (ТАА Буцік-Інвест) па ўсёй краіне.
Па нашай інфармацыі, затрымана кіраўніцтва, у тым ліку — малады гаспадар бізнэсу, 37‑гадовы Іван Лябейка, якому належыць 100% акцый. У ягоным тэлеграм-акаўнце стаіць аўтаматычны статус «быў на гэтым тыдні», які азначае, што чалавек ужо некалькі дзён не заходзіў у анлайн.
Дакладны сэнс прэтэнзій пакуль што невядомы, але кулуарна абмяркоўваецца «абыход падаткаў».
Butikavto — вялікі і папулярны аўтахаус, хоць і малады.
ТАА «Буцік-Інвест» зарэгістраванае ў Іўі ў 2023 годзе мясцовым жыхаром Іванам Лябейкам.

Першы аўтахаус адкрыўся ў Лідзе ў красавіку 2023 года, а цяпер на кампанію запісаныя 25 аб'ектаў у 18 гарадах.
У чэрвені 2026 года сетка атрымала два дыпломы Кнігі рэкордаў Беларусі: як найбуйнейшая сетка аўтахаусаў краіны і як сетка з адным з самых хуткіх продажаў машын з прабегам.

Кампанія вельмі хутка вырасла, у 2025 праз іх рахункі прайшло 287 мільёнаў рублёў, а прыбытак толькі за першае паўгоддзе 2026‑га — 6,6 мільёна рублёў. У кампаніі працуе больш за сотню чалавек.
У чым магія? «БуцікАўто» гэта не толькі аўтахаус, а сутнасна яшчэ і фінансавы брокер. Такая камбінацыя стала магчымай толькі ў пэўны момант часу, калі дастаткова развіліся перадумовы.
Вядома, што ў Беларусі драконаўскія мыты пры ўвозе патрыманай машыны з-за мяжы, ад якіх вызваленыя толькі некаторыя катэгорыі грамадзян: інваліды і шматдзетныя.
Тыя могуць перыядычна завозіць у краіну машыны з ільготай. І што ў выніку атрымліваецца? Вырас клас людзей, якія шукаюць «ільготнікаў» і ад іх імя, па даверанасці, купляюць за мяжой машыны. Ільготнік атрымлівае за гэта прэмію, і на гэтым яго ўдзел заканчваецца.
А ў саміх новых перакупшчыкаў сэнс работы не ў падборы машыны як такой, а ў мастацтве знаходзіць і ўгаворваць ільготнікаў.
Гэтым займаецца шмат людзей у краіне, бо такая шчыліна дазваляе падзарабіць. У выніку колькасць перакупаў і ініцыятыва змянілі саму схему, па якой працуюць аўтахаусы — бо далей фінансаваць закупкі самому, калі ў краіне выгадавалася армія перакупаў на плячах ільготнікаў, нерэнтабельна.
Сталі рабіць іначай, вырашаючы праблемы перакупшчыкаў, якім трэба прадаць завезены тавар. Якія ёсць варыянты?
Першы: прадаць машыну самому. Але тады ў купца павінны быць адразу грошы на яе, а ў нас не такі партрэт спажыўца. Калі ў чалавека адразу ёсць грошы, то ён і купіць з салона.
Тады другі варыянт — прадаць у крэдыт. Але як? І вось тут знайшлася ніша для аўтахаусаў новага тыпу, якія па сутнасці проста зводзяць прыватных перакупаў з кліентам, а кліента з банкам у адным месцы.
Кліент — часта зусім без грошай — прыходзіць у аўтахаус і выбірае машыну, якая належыць прыватнай асобе, але рэалізуецца аўтахаусам.
У выніку ў схеме зарабляюць усе:
— перакупшчык — крэдытнае плячо дазваляе яму прадаць машыну хутчэй і даражэй;
— аўтахаус — ён бярэ камісію з перакупшчыка за пляцоўку і з банка ці лізінгавай за кліента;
— банк — на працэнтах.
Для купца гэта магчымасць купіць машыну ў крэдыт. Перакупы самі навыперадкі бягуць «здавацца» аўтахаусам, бо выгаду атрымліваюць усе.

У 2025 годзе кіраўніцтва сеткі вырашыла зменшыць долю перакупшчыкаў у агульным пірагу свайго бізнэсу і пачала шукаць фінансаванне для закупак машын самастойна.
З верасня 2025 года «Буцік-Інвест» выпусціў восем выпускаў доўгавых токенаў на платформах Finstore і BynEX пад ад 5% да 23% гадавых, разам каля 5,2 мільёна рублёў і $1,7 мільёна. Токены трымае больш за 2000 крэдытораў. Яны сталі настолькі папулярнымі, што апошні выпуск на 2,25 мільёна рублёў у канцы верасня расхапалі ўсяго чатыры пакупнікі.
Улетку 2026‑га кампанія пачала размяшчаць на біржы аблігацыі на 3 мільёны рублёў, але выпуск часова спынілі.
Бліжэйшыя выплаты інвестарам — працэнты 15 лістапада і выкуп токенаў па заяўках інвестараў з 1 па 5 снежня.
Ці зможа выплаціць іх «Буцік-Інвест» — калі ў яго арыштаваныя рахункі — невядома.
Каментары