Грамадства2121

«У Беларусі ёсць грошы, але людзям усё адно чагосьці не хапае». Ланкіец расказаў, чым яго дзівяць беларусы

Што мы ведаем пра Шры-Ланку — найпрыгажэйшы востраў, які раней называлі Цэйлонам? Былая брытанская калонія. Краіна, эканоміка якой заснаваная на турызме і каштоўных камянях: сапфірах з рубінамі. Карцінкі, якія мільгаюць у галаве беларуса, напэўна падкінуць плантацыі чаю, сланоў і пляжы з пальмамі. Калі шэф-кухар Валаваге Сумуду Прыянта вырашыў пераехаць у Мінск з сонечнага Каломба, ён ведаў пра Беларусь яшчэ менш. Што з гэтага выйшла, піша «Анлайнер».

«У нейкім сэнсе гэта было «люксавае» жыццё»

Знаёмцеся: Сумуду. Усмешлівы, сціплы, зусім не зорны, хоць мог бы: у Тайландзе ён паспеў папрацаваць у мішленаўскім рэстаране, а ў Беларусі двойчы станавіўся найлепшым шэф-кухарам года.

«Я вырас у простай сям'і ў Каломба, фактычнай сталіцы Шры-Ланкі, — кажа Сумуду. — Мой бацька быў дзяржаўным інспектарам, працаваў у камісіі па суцпрацьдзеянні карупцыі. Мы задавольваліся невялікім, але ў нейкім сэнсе гэта было «люксавае» жыццё: свежыя крэветкі, манга, папая і рамбутан кожны дзень, акіян і пляж за дзесяць хвілін хады ад дома… Еўрапейцы трацяць шмат грошай, каб арганізаваць сабе такое жыццё ў адпачынку.

Пасля школы я пяць гадоў адвучыўся ў Ceylon Hotel School of Culinary Art — гэта самая крутая кулінарная школа ў Шры-Ланцы. Пачынаў з самага нізу: працаваў як памочнік кухара ў гатэлі ў Унаватуне — папулярным турыстычным горадзе. Чысціў, прыбіраў, мыў, не гідзіўся цяжкай працы. Потым змог прайсці субяседаванне ў Hilton Colombo — вот там я ўбачыў жыццё гасцей, сапраўднае люксавае жыццё».

Сумуду не было і 30-ці, а ён ужо зрабіў даволі неблагую кар'еру ў Шры-Ланцы. Што далей? Пара было шукаць сябе ў Еўропе.

«Праўду скажу, я не ведаў пра Беларусь, паняцця не меў, што такое Мінск. Проста хацеў у Еўропу. У Каломба тады прыляцелі рэкламныя агенты, якія прасоўвалі БДУ. Яны казалі, што Беларусь — гэта цэнтр Еўропы і можна будзе ездзіць на цягніках усюды без віз», — усміхаецца герой артыкула.

«Калі першы раз пайшоў снег, мы ўначы выбеглі на вуліцу»

Так у 29 гадоў Сумуду апынуўся ў Мінску, каб паступіць на турызм-менеджмент у БДУ. На дварэ стаяў 2008 год.

«Мяне шакаваў снег. Я такога ў жыцці не бачыў! Памятаю, калі першы раз пайшоў снег, мы, студэнты са Шры-Ланкі, а другой гадзіне ночы выбеглі на вуліцу з інтэрната і кідаліся снежкамі. Ваў!.. На Шры-Ланцы круглы год +35, толькі ў сезон дажджоў тэмпература можа апусціцца да +25. У Мінску інакш. Змена сезонаў, да якой вы прывыклі, была дзіўнай для мяне. Гэта вельмі прыгожа: лісце жаўцее, потым падае, затым першы снег — і ўсё гэта саступае месца вясне і аксамітным пупышкам…

Вялікім сюрпрызам для мяне стала тое, што замежны студэнт БДУ са Шры-Ланкі не меў права працаваць на поўную стаўку. Цяпер правілы змяніліся, але тады гэта было непрыемным адкрыццём.

У любым выпадку я не прывык сядзець без справы! Неўзабаве ўжо гатаваў азіяцкую ежу ў News Cafe па вечарах. Я вельмі кепска ведаў рускую мову, але стараўся вывучыць хаця б назвы прадуктаў. Кіраўніцтву спадабалася, як я гатую, і праз год я стаў су-шэфам.

Я заспеў эпоху, калі ў Мінску адкрываліся Grand Café, Tapas Bar, Bistro de Luxe — найлепшыя рэстараны таго часу. Мяне нават адправілі вучыцца тайскай кухні ў Бангкок у Blue Elephant — гэта вельмі прэстыжная кулінарная школа, — каб потым вярнуцца ў Мінск і адкрыць Mai Thai.

У 2020 годзе я пачаў свой маленькі рэстаранны бізнэс — спачатку пад назвай «Какос», а цяпер Thai Express. У мяне два пункты: у «Канкорсе» і ГЦ «Замак». У меню ёсць і аўтэнтычная ланкійская кухня, напрыклад смажаны рыс кары з ялавічнай выразкай, а ёсць і сапраўдны том-ям па тайскім рэцэпце. Вельмі рэдкія ўстановы ў Мінску робяць яго правільна, менавіта так, як прынята ў Тайландзе…

У планах у мяне адкрыць яшчэ два-тры пункты. Паглядзім, як яно пойдзе».

Папая, маракуя, манга і чэрымоя

«Чамусьці беларусы не п'юць чай з малаком»

За амаль 18 гадоў у нашай краіне Сумуду максімальна «абеларусіўся». Дзе яшчэ вы сустрэнеце ланкійца, які з задавальненнем расказвае, як збірае грыбы ў Рагачоўскім раёне?

Вядома, у гэтым вялікая заслуга Настассі, жонкі Сумуду. Іх дачцэ Алівіі ўжо споўнілася 7. Яна, як і Сумуду, дома размаўляе па-руску, а на мове бацькі дзяўчынка ведае толькі «як справы» і «прывітанне».

«Я разумею, што вам важная оптыка замежніка. Якімі вы, беларусы, выглядаеце ў чужых вачах? Праўду кажучы, я ўжо звык да ўсяго, за выключэннем хіба што вельмі моцнага холаду, −25. Гэта рэальна цяжка.

Калі шукаць адрозненні, то, па-першае, гэта ўзровень заробкаў. У Беларусі ён значна вышэйшы, чым у Шры-Ланцы. Па маіх адчуваннях, медыянны заробак у Шры-Ланцы — каля $300, а ў Беларусі — больш за $770 у эквіваленце. Цэны на куплю і арэнду нерухомасці таксама адрозніваюцца. Напрыклад, звычайнае жытло на суткі можна знайсці на востраве за $25—30. А вось жыць на першай берагавой лініі на Шры-Ланцы заўсёды вельмі дорага. Гэта, лічы, люксавае месца: адна ноч у пяцізоркавым гатэлі абыдзецца ў $300—400. Але высокія цэны будуць і ў Мінску ў якім-небудзь Hilton. За $500—600 на Шры-Ланцы можна зняць вельмі добры дом на месяц — у Мінску, вядома, даражэй».

Па-другое, у Беларусі больш хуткі інтэрнэт і няма праблем з электраэнергіяй. На Шры-Ланцы дагэтуль адбываюцца блэкаўты, знікае электрычнасць — усё праз тое, што 70% інфраструктуры арыентавана на гідраэлектрастанцыі, а ў засушлівыя сезоны ўзровень вады падае, ім не хапае магутнасці. Цяпер будуюць новыя, дызельныя электрастанцыі, але гэта дорага, бо на Шры-Ланцы няма радовішчаў нафты.

Па-трэцяе, ежа. У Беларусі амаль немагчыма знайсці нармальную садавіну, морапрадукты і чай. Да гэтага цяжка прывыкнуць.

Кожны сакавік, на дзень нараджэння жонкі, мы ўсёй сям'ёй, уключаючы цесця і цешчу, лётаем на Шры-Ланку. Стараемся наесціся садавіной і морапрадуктамі на год наперад. Калі вяртаемся назад, адзін чамадан напаўняем гарбатай, а другі — папаяй з манга. Калі вярнуся ў Мінск без свежай папаі, сябры не зразумеюць, — смяецца Сумуду. — Па цэйлонскім чорным чаі, свежым, сабраным проста з плантацыі, я вельмі сумую! У нас прынята піць яго з малаком, на англійскі капыл — чамусьці беларусы рэдка так робяць.

Так, у Мінску няма нармальнай папаі, але затое летам у вёсцы ў маёй цешчы расце ўсё: клубніцы, вішня, буякі, яблыкі, грушы, балгарскі перац, баклажаны… А бабуля жонкі нават вырошчвае вельмі вострыя маленькія перчыкі чылі — яны патрэбныя нам у Thai Express.

А яшчэ ў Беларусі не так развітая культура сняданкаў, як на Шры-Ланцы. Зайдзіце ў любой рэстаранчык у Мінску — што вам прапануюць з раніцы? Ну, сырнікі, блінцы, дранікі, які-небудзь «вялікі англійскі сняданак» — і ўсё. А на Шры-Ланцы ёсць 15 відаў сняданкаў — ад string hoppers (тонкая рысавая локшына, выкладзеная «гнёздамі») да нута з какосавым самбалем (соус са свежанацёртага какоса, перцу чылі, чырвонай цыбулі і лаймавага соку). Раніцамі прынята піць «суп»: 10—15 відаў рознай зеляніны закідаюць у блендар, дадаюць трохі рысу, какосавага малака і трысняговага цукру. Гэта называецца kola kanda.

Па-чацвёртае, медыцына. На Шры-Ланцы яна дэ-факта платная. Так, бясплатная дзяржаўная таксама існуе, але трэба год чакаць у чарзе. Пры гэтым на востраве ёсць высокія тэхналогіі, можна зрабіць, напрыклад, перасадку сэрца ў Apollo Hospital, але гэта вельмі дорага. У Беларусі ў мяне ДНЖ, і ўжо двойчы даводзілася звяртацца ў бальніцу, выклікаць хуткую — усё хутка, бясплатна.

Па-пятае, у Беларусі дакладна рэгулюецца рух транспарту. Аўтобусы, цягнікі — усё прыязджае строга па хвілінах, як напісана ў раскладзе. У Шры-Ланцы няма такой дарожнай сістэмы. Напрыклад, маршруткі ў нас называюць «крэйзі басамі», «вар'яцкімі аўтобусамі», бо яны ездзяць хаатычна, ганяюць па дарогах, сігналяць вельмі гучна, бяруць колькі заўгодна пасажыраў, спыняюцца проста пасярод трасы — і няважна, ёсць там прыпынак ці няма. Гэта небяспечна. Цягнікі могуць спакойна спазняцца на гадзіну. Часам бачыш, як едзе стары-стары цягнік, ламаецца — і становіцца рэальна сорамна.

Я вельмі люблю Шры-Ланку — і пры гэтым бачу, як за апошнія 18 гадоў Беларусь у гэтым плане развіваецца, а Шры-Ланка нібы застыла на месцы з гэтымі старымі цягнікамі, якія рабілі яшчэ англічане».

Slavic faces

З іншага боку, менавіта гэтая ўласцівасць Шры-Ланкі дазволіла яе жыхарам захаваць у сабе больш першаснага, прыроднага, натуральнага, лічыць Сумуду, — а беларусы «трохі сапсаваныя цывілізацыяй».

«На Шры-Ланцы джунглі ахоўваюць законам, людзі туды не ходзяць. Вы можаце лёгка трапіць на сланоў, гепардаў, кракадзілаў, маленькіх чорных мядзведзяў… Напрыклад, у мінулым сакавіку мы з сям'ёй спыняліся ў горадзе Хамбантота. З аднаго боку, пяцізоркавы гатэль Shangri-La, уласнае гольф-поле, некалькі басейнаў, выдатная ежа. А з іншага боку, нас адразу папярэдзілі, што ў суседняй рацэ, за рысавым полeм, жывуць кракадзілы. Мы плавалі там, скакалі ў ваду з тарзанкі — і яны нас не чапалі.

Тут жа адсутнасць акіяна ў Беларусі. Я па ім вельмі сумую. Хоць высокая вільготнасць і салёнае паветра на Шры-Ланцы прыводзяць да цікавых «спецэфектаў»: калі вы жывяце на першай берагавой лініі, то праз нейкі час тэхніка можа заржавець і прыйсці ў непрыдатнасць — і макбук, і тэлевізар, і нават машына».

Заканчваючы размову, разабралі вядомы стэрэатып: ці праўда беларусы — хмурыя і суровыя стварэнні са сваімі slavic faces?

«Так, у параўнанні з усмешлівымі і дабразычлівымі ланкійцамі беларусы сапраўды хмурыя. Калі я толькі прыехаў у Беларусь, то стараўся ўсміхацца кожнаму, але потым зразумеў, што тут так не прынята. Можа, беларусам не хапае сонца і вітаміну D?..

На Шры-Ланцы сонца ўставала а шостай раніцы, мы ўсміхаліся і пілі чай, жылі і радаваліся, хоць грошай было няшмат, у дзяцінстве я не мог пайсці ў краму і купіць усё, што хачу. А тут грошы ёсць, але людзям чагосьці ўсё роўна не хапае. Чаму? У мяне няма адказу».

Каментары21

  • Вольга
    24.10.2026
    "Сацыяльна блізкі" прыехаў. Калі міждзяржаўная дамова аб імпарце яшчэ ста тысячаў падобных?
  • Папярэджанне
    24.10.2026
    Тое, што піша «Анлайнер» ужо даўно не цікава, асабліва сёння.
  • зацікавілі
    24.10.2026
    Дачку Алівію ўжо запісалі ў акцябряты? А цесця ў апалчэнне? А што яшчэ цікавіць гэтага ўсмешлівага чалавека акрамя паесьці і пакачацца ў гамаке не беразе акеана? Можа літаратура, тэатр, жывапісь, паліціка?

Цяпер чытаюць

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Усе навіны →
Усе навіны

Трайное забойства ў Столінскім раёне — 33‑гадовы вясковец забіў двух сабутыльнікаў і іх маці5

Польшча лічыць блогера Леаніда Мышленніка пагрозай для бяспекі дзяржавы і збіраецца пазбавіць абароны33

Дзве жанчыны танчылі ў Гомелі проста пасярод дарогі2

Памёр Кастусь «Кузя» Іваноў2

Мастак арганізаваў у Мінску бясплатную сталовую, якая існуе ўжо амаль 30 гадоў3

Загінуў беларускі добраахвотнік Віталь «Вітушка» Трыгубаў13

Два вайсковыя самалёты сутыкнуліся на Філіпінах. Загінулі чатыры пілоты

УСУ ўдарылі па заводах «Пратон» у Арле і «Тальяцікаўчук» у Самарскай вобласці4

Што купіць на мінскай Камароўцы: таматы — па 1,5 рубля, хурма — па 4 рублі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць