Прабітыя лёгкія, разарваная печань і сэкс з малалетняй: што адбываецца ўнутры беларускай міліцыі і як начальства гэта хавае
Ініцыятыва «Байпол» апублікавала перахопленыя размовы міліцэйскага начальства. На запісах сілавікі абмяркоўваюць, як схаваць наступствы збіцця затрыманых і вывесці з-пад удару калег, якія трапіліся на педафіліі або атрымалі нож у грудзі ад каханкі.

«Мёртвая зона» ў Салігорску і змова з судмедэкспертам
Жыхарка Салігорска паскардзілася ў міліцыю, што знаёмы забраў яе навушнікі. Падазраванага, 41‑гадовага мясцовага жыхара Рагалевіча, прывезлі ў РУУС. У дзяжурцы ён пачаў спрачацца, за што яму заламалі рукі, ударылі ў галёнку і начапілі кайданкі. Праз некалькі гадзін мужчыну забралі ў рэанімацыю са зламаным сёмым рабром, прабітым лёгкім і пераломам носа. Дактарам ён сказаў, што яго збілі ў міліцыі.
На злітых аўдыязапісах высвятляецца, што затрыманага білі ў калідорчыку паміж дзяжурнай часткай і ІЧУ, куды не дастаюць камеры. Каб выратаваць падначаленых ад крымінальнай справы, начальства вырашыла змадэляваць сітуацыю з лаяльным экспертам.
«Ідзём па шляху, што гэта было законнае прымяненне фізічнай сілы. Заўтра будзе талковы судмедэксперт, які скажа, ці можна такія пашкоджанні атрымаць, і з яго ўдзелам гэтую сітуацыю будзем мадэляваць. А тое, што ён замест кальцыю паглынае гарэлку і ў яго слабенькія косці — ну, гэта ўжо такое», — інструктуе калег адзін з міліцэйскіх чыноўнікаў.
Разрыў печані пад Петрыкавам: «Мы ў печань не білі»
У вёсцы Чалюшчавічы Петрыкаўскага раёна маці выклікала міліцыю на сына па прозвішчы Радзіновіч, які пабіў у хаце шыбы. Забіраць яго прыехалі начальнік крымінальнага вышуку Міцкевіч і оперупаўнаважаны Серапін. Мужчыну пасадзілі ў машыну без кайданкоў, але па дарозе ён нібыта паспрабаваў выскачыць на хаду. Міліцыянты ўжылі сілу.
У 18:30 затрыманага зачынілі ў ІЧУ. Але далей здарылася нешта такое, што а палове на чацвёртую ночы Радзіновіча давялося праапераваць у бальніцы з разрывам долі печані. Пацярпелы заявіў пра збіццё, але ў рапартах міліцыянтаў напісана, што сілу ўжывалі паводле інструкцыі і «ў печань ніхто не біў».
Пры гэтым, як заўважаюць у «Байполе», пакуль сілавікам даруюць цяжкія траўмы затрыманых, маці дваіх дзяцей з суседняга Мазыра нядаўна далі два гады калоніі за звычайную «абразу» супрацоўніка АБЭЗ.
Нож у грудзі ад «пачвары судзімай» у Маладзечне
Яшчэ адна гісторыя са злітых размоваў тычыцца маёра Іллі Грынцэвіча — намесніка начальніка ІЧУ Маладзечанскага РАУС па аператыўнай працы. Нягледзячы на тое, што афіцэр жанаты і мае сям'ю, ён завёў раман з жанчынай, якую раней сам курыраваў і ахоўваў у камерах ізалятара.
Аднойчы раніцай перад службай, паміж сёмай і восьмай гадзінамі, міліцыянт зайшоў да каханкі дадому. У кватэры паміж імі ўспыхнула сварка на глебе рэўнасці, і былая зняволеная ўдарыла маёра нажом проста ў грудзі, прабіўшы лёгкае.
Пакуль Грынцэвіч ляжаў у шпіталі, міліцэйскае начальства ламала галаву, як схаваць скандал. Сітуацыю ўскладняла тое, што каханка афіцэра — раней судзімая (на запісах калегі называюць яе «пачвара судзімая»), а сілавікам катэгарычна забаронена мець любыя нефармальныя сувязі з такімі людзьмі. Каб выгарадзіць маёра, кіраўніцтва нават разглядала версію пра «правакацыю».
Педафілія ў Гомелі: «Канваір нейкі дзеўку чпокнуў»
Яшчэ адзін запіс тычыцца Гомеля, дзе 26‑гадовы канваір вёў інтымную перапіску з 15‑гадовай школьніцай. Калі гэта выплыла, кіраўніцтва замест затрымання прымусіла яго звольніцца па ўласным жаданні. Праз месяц пацвердзілася, што міліцыянер спаў з дзяўчом, але крымінальную справу завялі ўжо на «цывільнага» — ведамасная статыстыка не пацярпела.
Начальнікі на запісах абмяркоўваюць гэта цынічна: «Там у Гомелі канваір нейкі дзеўку чпокнуў…».
Хто ідзе працаваць у МУС
Кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў тлумачыць гэтыя гісторыі кадравым голадам пасля палітычных чыстак 2020 года. Цяпер у міліцыю масава бяруць выпускнікоў школ з сярэднім балам да 5. Большасць навабранцаў ідзе ў пастарункі, калоніі, ІЧУ і нават участковымі без базавай падрыхтоўкі (так званай «першапачаткоўкі»), а больш-менш здатныя спецыялісты звальняюцца пасля першага пяцігадовага кантракту.
Даныя пра злачынствы сярод сваіх у МУС засакрэцілі яшчэ ў 2018 годзе — зводкі па асабовым складзе перасталі паказваць нават самім міліцыянерам. Выхаваўчая праца звялася да савецкіх рытуалаў: супрацоўнікаў прымушаюць ад рукі перапісваць у сшыткі службовыя інструкцыі і ўклейваць туды выразаныя нажніцамі нататкі з міліцэйскай газеты «На страже».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары
[Зрэдагавана]
Им всё можно, им всё разрешено и дозволено !
И ещё плюшки от лукашенко, за деньги беларусов, за это, получают в виде квартир, премии, субсидии, спецбольниц, спецпол клиник, внеочередных звании, должностей, большой пенсии и раннего выхода на пенсию.