«Ну што, піндос, наваяваўся? Зараз мы табе пакажам». Як здзекваліся ў расійскім палоне з амерыканца Хабарда, якога выпусціў Пуцін
Былы ўкраінскі ваеннапалонны журналіст Дзмітрый Хілюк расказаў, як расіяне здзекаваліся з амерыканскага настаўніка Стывена Хабарда, піша Радыё Свабода.

21 кастрычніка 2026 года Уладзімір Пуцін вызваліў са зняволення ў Расіі 74‑гадовага грамадзяніна ЗША Стывена Хабарда.
Расійскія вайскоўцы ўзялі мужчыну ў палон у горадзе Ізюм Харкаўскай вобласці Украіны ў красавіку 2022 года, неўзабаве пасля акупацыі гэтага раёна Расіяй. У матэрыялах следства сказана, што Хабард быў байцом тэрытарыяльнай абароны Украіны. За гэта яго ў Расіі асудзілі на 6 гадоў і 10 месяцаў калоніі агульнага рэжыму ў справе аб найміцтве (ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэкса РФ).
Сам Хабард расказваў, што прыехаў ва Украіну разам з жонкай Інай у 2014 годзе і выкладаў там англійскую мову. Жончыны родныя сцвярджаюць, што прызнанне ён зрабіў пад ціскам.
Як расказваюць былыя ўкраінскія ваеннапалонныя, якіх трымалі разам з Хабардам у расійскіх турмах і калоніях, з амерыканца ў зняволенні жорстка здзекаваліся, білі яго і катавалі. На кадрах з суда мужчына відавочна дрэнна выглядае і ледзь стаіць на нагах.
Пра абыходжанне з Хабардам тэлеканалу «Настоящее время» расказаў украінскі журналіст Дзмітрый Хілюк, былы ваеннапалонны, вызвалены ў 2025 годзе ў выніку абмену.
Хілюка расійскія вайскоўцы затрымалі ў Кіеўскай вобласці ў самым пачатку вайны, 3 сакавіка 2022 года. У сакавіку яго разам з іншымі ўкраінскімі палоннымі вывезлі ў калонію ў Навазыбкаве Бранскай вобласці недалёка ад мяжы з Украінай, дзе ён правёў каля двух гадоў.
«Там было горш за ўсё: нас дрэнна кармілі, мы галадалі, было вельмі холадна, ацяпленне працавала дрэнна. Калонія, у якой нас трымалі, не была падрыхтаваная да прыёму ваеннапалонных: там ішоў рамонт, не было вокнаў, камунікацыі былі ў дрэнным стане», — згадвае калонію ў Навазыбкаве Дзмітрый Хілюк.
Што былы ваеннапалонны расказаў пра Стывена Хабарда
«Пра Стывена я спачатку даведаўся завочна прыблізна ў 2022 годзе. Я заўважыў, што ў калідорах з'явілася шмат новых палонных: іх прывозілі, білі падчас так званай «прыёмкі», зневажалі іх і здзекаваліся з іх. І тады я пачуў, што сярод іх ёсць іншаземец», — расказвае Хілюк.
Ён падкрэслівае, што не быў сукамернікам Хабарда, але чуў пра яго ад іншых украінскіх палонных.
«Не хачу сцвярджаць, што яго білі мацней за астатніх. Магчыма, фізічнага гвалту над ім нават было менш, бо ён чалавек ужо немалады. Але маральны ціск на яго аказвалі пастаянна», — кажа былы палонны.
«Падчас праверак нас усіх выводзілі ў калідор, і мы, стоячы ля дзвярэй, маглі чуць, што адбываецца. Гэты чалавек (Хабард) не гаварыў ні па-руску, ні па-ўкраінску. І гэта выклікала нездаровую цікавасць у ахоўнікаў. Яны хадзілі да яго нібы ў заапарк — паглядзець на нейкага незвычайнага звера, — згадвае Хілюк. — Маглі прыйсці не толькі ўвечары ці раніцай, але і сярод дня. Абшуквалі яго камеру, крычалі, што там знаходзіцца амерыканец, пагражалі яму».
«На праверках з яго здзекаваліся: казалі яму нешта накшталт «Ну што, піндос, наваяваўся? Зараз мы табе пакажам», — цытуе Хілюк пагрозы расійскіх ахоўнікаў.
«Таксама яго, як і ўсіх нас, прымушалі вучыць расійскі гімн і дакумент «Правілы паводзін зняволеных і пералік іх абавязкаў», складзеныя на аснове расійскага заканадаўства.
Стыў практычна не валодаў рускай мовай, таму прымушаць яго вучыць усё гэта было для ахоўнікаў дадатковай нагодай паздзекавацца з яго, — тлумачыць украінец. — Падчас праверак ахоўнікі прымушалі нас на памяць прамаўляць палажэнні і пункты адпаведных дакументаў і пагражалі, што, калі амерыканец не вывучыць тое ці іншае правіла, наступствы будуць для ўсіх. Далей ішлі абразы і мацюкі».
Стывэн проста не мог вывучыць усё гэта на чужой мове. Іншыя хлопцы заступаліся за яго, тлумачачы, што амерыканцу цяжка запомніць правілы па-руску, — кажа Дзмітрый Хілюк.
Ён асобна падкрэслівае, што лічыць «ганьбай» тое, што спецыяльны пасланнік Трампа назваў Пуціна «гуманістам» у сувязі з вызваленнем Хабарда, — асабліва з улікам таго, што давялося перажыць амерыканцу ў расійскіх турмах.
«Яго проста выкралі, мучылі і катавалі ў палоне больш за чатыры гады. А потым усё гэта падаецца так, нібыта расіяне праявілі нейкую высакароднасць», — мяркуе былы ваеннапалонны Дзмітрый Хілюк.
Цяпер чытаюць
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
Каментары