Маленькага сына забітай у Ізраілі беларускі хоча забраць сям’я Алі, падазраванага ў забойстве. Дзед ідзе ў шарыяцкі суд
Трохмесячны сын забітай у Хайфе беларускі Яніны Русінавай амаль месяц жыве ў засакрэчанай прыёмнай сям’і. За права выхоўваць хлопчыка цяпер змагаюцца маці Яніны і сваякі яе мужа-араба, якога падазраюць у забойстве.

31‑гадовую гамяльчанку Яніну Русінаву знайшлі ў ноч на 25 верасня на лесвічнай пляцоўцы дома ў Хайфе з цяжкім нажавым раненнем шыі. Жанчыну даставілі ў бальніцу, але выратаваць яе не ўдалося. Мужа Яніны, 28‑гадовага Алі Масваду, затрымалі па падазрэнні ў забойстве. Ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай.
У Яніны застаўся сын, якому на момант яе смерці было ўсяго два месяцы. Дзіця перадалі ў засакрэчаную экстранную прыёмную сям’ю. Дзе і з кім яно жыве, не паведамляюць нават ягонай бабулі.
Цяпер высветлілася, што атрымаць апеку над хлопчыкам хоча і сям’я мужчыны, якога падазраюць у забойстве ягонай маці.
Бабулі абяцалі ўдзел у пасяджэнні — і не патэлефанавалі
20 кастрычніка ў Ізраілі адбылося пасяджэнне камісіі, якая разглядала будучыню дзіцяці.
Маці Яніны, 53‑гадовай гамяльчанцы Ганне Русінавай, паабяцалі, што яна зможа далучыцца да размовы анлайн. У прызначаны час жанчына чакала каля тэлефона, але з ёй ніхто не звязаўся. Яна сама спрабавала датэлефанавацца адказным службам, аднак ёй не адказвалі.
Толькі ўвечары Ганне паведамілі, што пасяджэнне ўжо прайшло. Пра гэта напісала ізраільская актывістка Лілі Бэн-Амі, якая дапамагае сям’і Яніны і публікуе інфармацыю з яе згоды.
Паводле слоў Ганны, на пасяджэнні стала вядома, што бацька Алі Масвады звярнуўся ў шарыяцкі суд, каб атрымаць унука. Адначасова ўдзельнікі камісіі абмяркоўвалі, ці здолее сама Ганна выхоўваць немаўля, бо яна даглядае мужа — бацьку Яніны, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Канчатковага рашэння бабулі пакуль не паведамілі.
Бацька дзіцяці ўсё яшчэ захоўвае бацькоўскія правы
Сітуацыю ўскладняе тое, што Алі Масвадзе яшчэ не выставілі абвінавачанне ў забойстве. Ён застаецца падазраваным і фармальна захоўвае бацькоўскія правы.
Як зразумела Ганна з тлумачэнняў сацыяльных службаў, цяпер яны чакаюць рашэння пра абвінавачанне. Калі мужчыну афіцыйна абвінавацяць у забойстве Яніны, ён можа страціць права апекі над сынам. Колькі часу гэта зойме, сям’і не тлумачаць.
Само дзіця тым часам застаецца ў засакрэчанай мусульманскай прыёмнай сям’і. Бабулі не дазваляюць наведваць унука або размаўляць з ім па відэасувязі. За амаль месяц Ганне толькі тройчы даслалі некалькі фотаздымкаў хлопчыка і адзін кароткі відэазапіс.
Сацыяльныя службы тлумачаць такую закрытасць бяспекай: месца знаходжання дзіцяці хаваюць ад усіх бакоў.
Алі сам вырас без бацькоў
Як расказвала Яніна сваёй блізкай сяброўцы, у яе мужа Алі было складанае дзяцінства. Яго маці — яўрэйка з расійскімі каранямі, бацька — мусульманін. Паводле пераказу сяброўкі, пасля нараджэння Алі пакінулі абое бацькоў. Да чатырох гадоў ён выхоўваўся ў прыёмнай яўрэйскай сям’і, а пасля яго забрала мусульманская цётка — сястра бацькі.
Цяпер менавіта бацька Алі, які, паводле гэтай версіі, не выхоўваў уласнага сына ў раннім дзяцінстве, просіць шарыяцкі суд перадаць яму ўнука.
Яніна прыняла іслам дзеля шлюбу
Паводле актывісткі Бэн-Амі, перад шлюбам Яніна на просьбу Алі прыняла іслам, але ў паўсядзённым жыцці мусульманскіх рэлігійных традыцый не пільнавалася.
Сям’ю беларускі непакоіць, што яе фармальная рэлігійная прыналежнасць можа паўплываць на вызначэнне будучыні дзіцяці. Ганне нібыта далі зразумець, што праз прыняцце Янінай ісламу і пражыванне самой бабулі ў Беларусі суд можа аддаць перавагу мусульманскім сваякам бацькі.
Блізкія Яніны сцвярджаюць, што сям’я мужа дрэнна да яе ставілася. Сама жанчына падтрымлівала штодзённую сувязь з маці і сяброўкамі і расказвала ім пра тое, што адбывалася дома. Раней сяброўка Яніны паведамляла ізраільскім журналістам, што Алі пагражаў адабраць у жонкі дзіця і за некалькі тыдняў да яе смерці ўдарыў яе па галаве тэлефонам.
Незадоўга да гібелі беларуска аформіла сыну пашпарт, але не паспела яго атрымаць. Блізкія дапускаюць, што Яніна рыхтавалася вывезці дзіця з Ізраіля.

Сяброўка Яніны гатовая неадкладна забраць немаўля
Пакуль вырашаецца пытанне аб апецы над хлопчыкам, сям’я Яніны прапанавала кампрамісны варыянт. Блізкая сяброўка Яніны і яе муж гатовыя стаць часовымі прыёмнымі бацькамі. Яны жывуць у Ізраілі, ведалі Яніну, знаёмыя з дзіцем і, паводле Бэн-Амі, ведаюць ягоны рэжым: што ён есць, як спіць і што любіць.
Сяброўка паходзіць з рускамоўнай сям’і і працуе ў прыватным дзіцячым садку, дзе штодня даглядае немаўлят ва ўзросце ад трох месяцаў. Яна і яе муж гатовыя выхоўваць хлопчыка столькі, колькі спатрэбіцца, пакуль Ганна не атрымае дазвол забраць яго ў Беларусь.
Бабуля праз адвакатку афіцыйна папрасіла перадаць унука гэтай сям’і. Адказу яна не атрымала.
Цяпер чытаюць
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары
Каб дзеўка не стаяла з маладым Махмудам...
Маці б трошкі раней трэба было і за ўнука, і за дачку змагацца.