Грамадства99

«Хлопцы паднеслі мае сумкі — і тут жа паехалі ў ШІЗА». Бабарыка расказаў, як яму стваралі ў турме невыносныя ўмовы

Былы палітвязень, банкір і экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю польскаму «Мемарыялу» расказаў пра ўмовы ў наваполацкай калоніі, стаўленне адміністрацыі і медыкаў, а таксама пра тое, як яго паступова ізалявалі ад знешняга свету.

Віктар Бабарыка. Скрын відэа: memorialpolska / YouTube

Віктар Бабарыка згадвае, што калі яго этапавалі ў калонію, у яго атрымалася пагаварыць з адным з ахоўнікаў.

«Ён з сумам сказаў, што мяне адпраўляюць у Наваполацк. Па яго тоне я зразумеў, што Наваполацк — гэта, напэўна, не самая добрая гісторыя».

Да калоніі Бабарыку везлі ў асобным боксе аўтазака. Калі ён выйшаў, двое маладых зняволеных прапанавалі дапамагчы яму данесці сумкі.

«Яны проста спыталі, ці можна дапамагчы перанесці сумкі, літаральна на 30—50 метраў. У выніку яны мне дапамаглі — і тут жа паехалі ў ШІЗА. Проста не адыходзячы ад касы».

Паводле Бабарыкі, пазней начальнік калоніі Андрэй Пальчык яму давёў:

«За любую дапамогу, за любую ўвагу ці нешта падобнае, праяўленае да мяне, людзі будуць адпраўляцца ў ШІЗА. Што і было прадэманстравана проста пры мне».

«Непасрэдна жыццю гэта ж не пагражае»

Бабарыка адзначае, што сістэма ў калоніі была выбудаваная так, каб фармальна даказаць парушэнне правоў было амаль немагчыма.

«Гэтая езуіцкая сістэма, адточаная гадамі, пачынаючы з Савецкага Саюза і часоў ГУЛАГа, пабудаваная так, што, калі прытрымлівацца фармальных падстаў, амаль немагчыма знайсці зачэпку, каб даказаць, што яны не маюць рацыі і парушаюць твае правы».

Былы палітвязень згадвае два выпадкі, якія дэманструюць стаўленне медыкаў да яго. Першы адбыўся, калі яго пераводзілі на ўчастак так званага выпальвання вугалю.

«Гэта вельмі шкодная гісторыя з пункту гледжання лёгкіх. А ў мяне праблемы з лёгкімі. Я ўказаў [на] гэта. І доктар сказаў такую фразу: «Але ж непасрэдна жыццю гэта не пагражае».

Я сказаў: «Ну так, я зайду і не памру адразу». Значыць, можна. Гэта з вуснаў медыкаў дастаткова цынічны погляд», — расказвае Бабарыка.

Другі выпадак адбыўся ў перыяд асабліва моцнага ціску, калі палітвязень страціў больш за 30 кілаграмаў за месяц.

«Важыў столькі, колькі пасля восьмага класа. У мяне была слабасць. Я прыйшоў да медыкаў і сказаў: «Трэба з гэтым нешта рабіць».

Аднак, як расказвае Бабарыка, медыкі адказалі, што яго вага амаль адпавядае нарматывам з улікам росту і што выглядае ён адносна нармальна.

«Я кажу: «Ну, адпавядалі нарматывам і выжывалі і ў нямецкіх канцлагерах. Там таксама нарматывы былі. Не ўсе ад голаду адразу паміралі».

«У цябе няма ні газет, ні радыё, ні тэлевізара, ні лістоў»

Значную частку інтэрв'ю Бабарыка прысвяціў рэжыму інкамунікада — фактычнай ізаляцыі зняволенага ад знешняга свету. Паводле яго, гэты рэжым ствараўся паступова і не абавязкова праз прамыя забароны.

Перш за ўсё палітвязня пазбавілі грошай. Грашовыя пераводы не паступалі, а сам ён, знаходзячыся ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), не мог працаваць і атрымліваць заробак.

«У цябе няма магчымасці выпісаць нічога з газет, таму што проста няма грошай. (…) Ты нічога не можаш купіць. Крыніца інфармацыі, нават «Советская Белоруссия», у цябе адсутнічае».

Радыё і тэлевізара ў камеры таксама не было. Спатканняў пазбаўлялі на падставе парушэнняў рэжыму. Не меў ён і магчымасці сустракацца з адвакатамі: «Усіх шасцярых адвакатаў, якія ў мяне былі, пазбавілі ліцэнзій».

Яшчэ адным спосабам ізаляцыі стала адсутнасць перапіскі. Пры гэтым прамой забароны пісаць лісты не было. Пакуль у яго заставаліся канверты, Бабарыка кожны тыдзень адпраўляў ліст.

«Кожны тыдзень у мяне гэты ліст забіралі. І ўсё. На пытанне: «А дзе яны?» — кажуць: «Ну, мы ж не ведаем». Я кажу: «А дзе мне лісты?» Яны кажуць: «Не пішуць».

Пазней, як расказвае Бабарыка, яго адвучылі пісаць:

«Раз на тыдзень прыходзіць чалавек, забірае сшытак і на цалкам законнай падставе кажа: «Мы ўзялі для вывучэння». Яны маюць права вывучаць, але ён знікае. Няма абмежавання ў часе. Аркуш можна вывучаць гадзіну, а можна 15 гадоў».

Як згадвае былы палітвязень, яго пяць разоў запар змяшчалі ў ПКТ на тэрмін па шэсць месяцаў. І гэта пры тым, што гранічны тэрмін утрымання ў ПКТ складаў шэсць месяцаў, пасля чаго зняволенага павінны былі альбо вызваліць з ПКТ, альбо, калі гэта, напрыклад, злосны парушальнік, перавесці на турэмны рэжым.

У камеры дазвалялася чытаць кнігі, але, паводле Бабарыкі, выдаваць маглі толькі адну кнігу на тыдзень.

Іншых зняволеных каралі за кантакты з былым банкірам.

«Мне дакладна паказалі, і ўсім людзям таксама, што любая камунікацыя са мной — гэта іх пакаранне. І таму я проста не хацеў падстаўляць людзей».

«У нас ёсць заданне справакаваць з вамі канфлікт»

Бабарыка таксама расказаў пра спробы справакаваць яго на канфлікты з іншымі зняволенымі. Некаторыя самі папярэджвалі пра атрыманае заданне.

«У мяне быў перыяд, калі фактычна ўсе людзі, якія павінны былі выклікаць мяне на канфлікт, прыходзілі і казалі: «У нас ёсць заданне справакаваць з вамі канфлікт. І нікуды мы ад гэтага не дзенемся. Таму давайце нешта прыдумаем».

Бабарыка згадвае, як дзейнічаў адзін з такіх правакатараў.

«Ён вельмі-вельмі гучна размаўляў са мной, істэрычна, у прысутнасці афіцэра. Афіцэр прыйшоў, кажа: «У вас канфлікт?» Я кажу: «У мяне няма канфлікту». Ён кажа: «Ну, у вас была гучная размова, значыць, гэта канфлікт».

Пры гэтым Бабарыка падкрэслівае, што фізічных канфліктаў з іншымі зняволенымі ў яго практычна не было.

Каментары9

  • при всём богатстве выбора..©
    27.10.2026
    > і тут жа ? --- гэта калька ёсць толькі ў слоўніках, але не ў літаратуры/СМІ

    У значэнні часу (адразу, неадкладна):
    • адразу — самы папулярны і ўніверсальны варыянт.
    • тут-такі — вельмі дакладны адпаведнік, які падкрэслівае імгненнасць дзеяння.
    • зараз жа / у той жа час — калі трэба падкрэсліць момант.
    • неадкладна — калі гаворка ідзе пра хуткае выкананне чаго-небудзь.

    У значэнні месца (у гэтым жа месцы):
    • тут жа — у беларускай мове гэты выраз таксама існуе і выкарыстоўваецца (пішацца асобна).
    • тут-такі — таксама можа выкарыстоўвацца ў значэнні месца (напрыклад: «Ён стаяў тут-такі каля акна»).
  • ВКЛ
    27.10.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Вопрос
    27.10.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў1

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў

Усе навіны →
Усе навіны

Толькі адзін чалавек з 1000 апытаных не ведае, што такое «Еўраопт»

Трамп-малодшы ездзіў з расійскім алігархам на паляванне ў Манголію7

Што за любоўны скандал паміж Кацярынай, Ігарам і Карынай абмяркоўвае ўсё Гродна?20

Кірыл Маскевіч стаў двухразовым чэмпіёнам свету па грэка-рымскай барацьбе2

Чаму хлопчык, для якога бацька напісаў «Віні-Пуха», зненавідзеў гэтую кнігу2

Іван Краўцоў расказаў, колькі зарабляе11

«Скарачалі і сеньёраў». Былая супрацоўніца PandaDoc расказала пра звальненні ў кампаніі8

Адданага ябацьку, які абражаў Святлану Ціханоўскую ў Threads, кінулі за краты25

Андрэй Пачобут вяртаецца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства ў снежні23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў1

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць