Грамадства44

«Бабарыку і не трэба было падтрымліваць, ён трымаўся добра». Былы палітвязень расказаў, як адбываў пяцігадовы прысуд 

Пасля пяці гадоў зняволення вызваліўся з калоніі і эвакуяваўся з Беларусі мазырскі актывіст каманды Святланы Ціханоўскай падчас выбараў 2020 года Руслан Парфёнаў. Ён стаў адным з першых зняволеных з каманды Ціханоўскай. «Гомельская Вясна» паразмаўляла з Русланам пра тое, як яго зняволілі, што адбывалася ў вязніцах і ці памяняліся ягоныя погляды.

Руслан Парфёнаў да зняволення і пасля. Калаж: Флагшток

«Хуліганіў» дарогаю з КГБ у РАУС?

Напярэдадні выбараў у пачатку жніўня 2020 года па краіне пракацілася хваля арыштаў актывістаў каманды кандыдаткі ў прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Не абмінула яна і Мазыр.

Руслан Парфёнаў ад самага пачатку выбарчай кампаніі ачольваў групу мазырскіх актывістаў, якія дапамагалі Ціханоўскай стаць кандыдаткай і потым арганізоўвалі ейную выбарчую кампанію ў рэгіёне.

«6 жніўня (2020 года — рэд.) мяне ў Калінкавічах затрымалі кадэбэшнікі. Яны завезлі мяне адразу ў камітэт. Там «адпрацоўвалі» свае псіхалагічныя ўздзеянні. Я адмовіўся з імі размаўляць. А яны ўжылі 5 розных метадаў, каб мяне разгаварыць. Спачатку некалькі чалавек паказвалі «злога і добрага паліцэйскіх», а потым пачалі па адным заходзіць і таксама спрабаваць даваць парады, што лепей мне пачаць супрацоўнічаць»,

— узгадвае Руслан Парфёнаў.

Пры гэтым супрацоўнікі КГБ страцілі пільнасць і нават не заўважылі, што Руслан змог узяць з іхняга стала свой тэлефон.

«Яны паклалі мой тэлефон проста на стол. Калі чарговы раз мяняліся «апытвальнікі» мне ўдалося яго са стала скрасці. Потым я папрасіўся ў туалет. Яны мяне завялі і там я здолеў паведаміць усім нашым, каб выходзілі з нашай суполкі і чысцілі ліставанні са мной, а таксама павыдаляў з тэлефона ўсё небяспечнае»,

— кажа Руслан.

Ён пагадзіўся даць паказанні, якіх дамагаліся кадэбэшнікі пры ўмове, што вызваляць актывіста з Калінкавічаў Дзмітрыя Кайтанава і жыхара Магілёва з прозвішчам Тышкавец, які аказаўся агентам спецслужбаў, а да таго пагадзіўся дапамагчы Парфёнаву. Пра супрацу Тышкаўца з органамі Руслан тады не ведаў.

Руслан Парфёнаў на перадвыбарчым пікеце, 2020 год. Фота: palesse.press.
Руслан Парфёнаў на перадвыбарчым пікеце, 2020 год. Фота: palesse.press

А другой гадзіне ночы Руслана завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Мазырскага РАУС. На наступны дзень у яго быў суд у адміністрацыйнай справе за хуліганства:

«У судзе былі я, сакратар, суддзя і мент. А я не разумеў увогуле, за што мяне судзяць. Кажу: «Дайце мне хоць якія пратаколы азнаёміцца. За што вы мяне судзіце?» Яна [суддзя — рэд.] мне дае пратакол. Там пра тое, што я нібыта ішоў вуліцай 17 верасня ўначы і нібыта спраўляў натуральныя патрэбы, а да мяне падышлі міліцыянты, я ім аказаў супраціў і мяне затрымалі. Я ёй кажу, што я быў у Камітэце дзяржбяспекі і з двара гэтага камітэта мяне на «варанку» завезлі ў двор РАУС, дзе і калі я мог спраўляць гэтыя патрэбы? Яна здзівілася, але ўсё адно дала 10 сутак [арышту — рэд.]».

Частку адміністрацыйнага арышту Руслана Парфёнава трымалі ў ІЧУ Нараўлянскага РАУС, бо ў Мазыры пасля даты выбараў і наступных пратэстаў не хапала месца. Менавіта тады ў Мазырскім РАУС былі асабліва жорсткія катаванні ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Руслан Парфёнаў пасля вызвалення, 2025 год

Два дні на волі і новае затрыманне

17 жніўня 2020 года яго вызвалілі з ІЧУ пасля адбыцця арышту. На волі ён прабыў два дні.

«Я ўжо думаў ва Украіну з’язджаць. Мая дачка ляжала ў лякарні. Я думаў, заеду да дачкі, адведаю яе і паеду адразу ва Украіну. І так і не даехаў. Раніцай 19 жніўня я ехаў з Калінкавічаў. Мяне спынілі на колішнім пасце ДАІ паміж Калінкавічамі і Мазыром. І потым у суправаджэнні двух экіпажаў ДАІ — спераду і ззаду, з мігалкамі, завялі ў РАУС. А ўжо адтуль адразу мяне завезлі ў Следчы камітэт у Мінск. Там я даў тыя самыя паказанні, што і ў КДБ даваў — што зрабіў сам тыя «вожыкі», каб больш нікога не прыплятаць да гэтай справы»,

— кажа Руслан Парфёнаў.

У прапагандысцкім відэасюжэце, паказаным на дзяржаўным канале «ОНТ», Руслана Парфёнава абвінавацілі ў вырабе нейкіх «вожыкаў», якія мусілі прабіваць колы транспартных сродкаў сілавікоў. Руслан кажа, што тыя «вожыкі» сапраўды былі, але рабіў іх не ён. Яму іх далі і ён думаў, як іх даставіць у Мінск.

У чаце актывістаў каманды Ціханоўскай гэта ўзяўся зрабіць адзін хлопец з Магілёва — той самы Тышкавец. Менавіта яго і паказалі ў прапагандысцкім відэа, прадставіўшы Русланам Парфёнавым. Але Тышкавец аказаўся сакрэтным супрацоўнікам спецслужбаў, укарэненым у суполкі актывістаў Ціханоўскай.

Сэксот Тышкавец (злева). Скрыншот прапагандысцкага відэа

«Я казаў і кагэбэшнікам і ў СК, што гэта ўсё маё, я рабіў тыя «вожыкі» на лецішчы сам, сам хацеў адвезці ў Менск і ніхто мне ніякага спрыяння ў гэтым не надаваў. Мая мэта была ў тым, каб пазбавіць ад пераследу іншых, у тым ліку таго Тышкаўца, бо я не ведаў, што ён супрацоўнічае са спецслужбамі Лукашэнкі»,

— тлумачыць Парфёнаў.

Галадоўка ў ІЧУ

Падчас суда Руслана Парфёнава трымалі ў СІЗА № 3 у Гомелі. Да таго ж ён са жніўня па лістапад 2020 года знаходзіўся ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, а пасля таго, як следства скончылася, яшчэ нейкі час яго ўтрымлівалі ў турме ў Жодзіне.

У перапынках паміж судовымі пасяджэннямі Руслана трымалі ў Мазырскім ІЧУ. Там ён трапіў у камеру з чалавекам са злачыннага асяроддзя, з якім у яго завязаліся сяброўскія стасункі і той падарыў яму маркер. Руслан гэтым маркерам напісаў на нары назву тэлеграм-канала, які адміністраваў да затрымання, — «Мозырь для жизни».

«Мянты, калі пабачылі гэты надпіс, яны ашалелі. Мяне выклікалі да начальніка ІЧУ. Ён пачаў мне ўціраць, што, у гэтым канале ідуць абразы міліцыянтаў і ўлады, розныя непрыемныя выказванні пра іх. Я яму тлумачыў, што пасля таго, што адбылося ў жніўні, яны мусяць быць удзячныя беларусам, што іхняя злосць выліваецца толькі ў інтэрнэт-каментары, а не ў фізічнае ўздзеянне на тых, хто рабіў беззаконне і гвалт. У выніку мяне ўпершыню ў Мазырскім ІЧУ начальнік пастанавіў пасадзіць у ШІЗА. Я стаў першаадкрывальнікам ШІЗА ў ІЧУ ў Мазыры»,

— жартуе Руслан Парфёнаў.

Руслан вырашыў пратэставаць супраць гэтага і абвясціў галадоўку.

«Я напісаў афіцыйную заяву, што я адмаўляюся ад ежы. І гэтыя трое сутак я галадаў, а праз трое сутак мяне выпусцілі і зноў пасадзілі ў камеру з тым самым чалавекам, які падарыў мне маркер. Можна сказаць, што задаволілі мае патрабаванні»,

— гаворыць Руслан.

Наваполацк: самая жорсткая калонія Беларусі

«3 сакавіка мне далі пяць гадоў, 19 траўня разгледзелі апеляцыю і 9 чэрвеня мяне ўжо завезлі ў Наваполацк. Спачатку там было вельмі жорстка. Вельмі жорстка было, пакуль не знялі гэтага Пальчыка (былы начальнік Наваполацкай калоніі № 1 Андрэй Пальчык — рэд.). А знялі яго праз тое, што адзін з «палітычных» — Вадзім Хіжнякоў даў інтэрв’ю пра гэтага Пальчыка. Пасля гэтага інтэрв’ю яго знялі з пасады і панізілі ў званні з палкоўніка да маёра. А да таго ён там лютаваў. Шмат фактаў збіцця. І не толькі датычна мяне, але і многіх іншых. Бабарыкі таго ж»,

— узгадвае Руслан Парфёнаў.

Андрэй Пальчык — колішні начальнік наваполацкай калоніі № 1

Руслан кажа, што асабліва перадузята ставіліся якраз да «палітычных». Супрацоўнікі калоніі рабілі выгляд, што ніякага асаблівага стаўлення да «жоўтабірачнікаў» няма, але схаваць гэта было немагчыма.

«Мне даводзілася сварыцца з кіраўніцтвам калоніі. Яны забаранілі, каб мне аддавалі лісты, якія мне пісалі. Але я дамогся, што лісты сталі да мяне даходзіць. Два разы я нават хацеў зладзіць нейкі пратэст усярэдзіне калоніі. За гэта мяне саджалі ў ШІЗА. А ШІЗА там жорсткае. Самае страшнае катаванне там — гэта холад. Холад там люты. Ты проста нават уночы не спіш, бо ты вымушаны неяк сагравацца. То-бок ты мусіць адціскацца, фізічныя практыкаванні нейкія рабіць, каб хаця б трошкі сагрэцца. І гэта трэба рабіць хаця б кожныя паўгадзіны. А там яшчэ ёсць такія нары, якія стаяць проста пад адчыненым акном. А іншае акно адчыненае на «прадол». І ты ляжыш проста на скразняку. Я адмаўляўся класціся на гэтыя нары і мне за гэта дадавалі яшчэ 10 сутак ШІЗА»,

— расказвае Парфёнаў.

Бабарыку збівалі людзі ў цывільным, якія прыехалі ў калонію на бусе

«З [Віктарам]Бабарыкам мы стасаваліся амаль кожны дзень. Нядоўга, але часта. Калі мы выходзілі з прамзоны на абед і калі выходзілі са сталоўкі, трэба было пашыхтавацца. І пакуль мы ішлі шыхтавацца, у нас было некалькі хвілін, каб перакінуцца парай словаў. У асноўным абмяркоўвалі сітуацыю, якая зараз у краіне. Стараліся падтрымаць адно аднаго. Хаця, у прынцыпе, яго і не трэба было падтрымліваць, ён трымаўся добра. Да таго выпадку, які з ім адбыўся»,

— узгадвае Руслан Парфёнаў свае зносіны з магчымым яшчэ адным прэтэндэнтам на кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2020 года.

Руслан кажа, што збівалі Віктара Бабарыку не супрацоўнікі калоніі:

«Прыязджалі нейкія людзі ў цывільным на бусе. Не ведаю на якіх падставах яны зайшлі ў зону. Яго выцягнулі з камеры, завялі ў прагулачныя дворыкі. Там збілі яго. Потым яго мусілі завезці ў лякарню. Гэта дакладная інфармацыя. Мне гэта расказваў чалавек, як дакладна ведае, што там адбылося. І потым жа яго на гэтым жа бусе з лякарні і прывезлі. Яго зноў жа завялі ў зону тыя ж самыя людзі, якія яго і збівалі»,

— кажы былы палітзняволены наваполацкай калоніі.

Перавод у «Воўчыя норы»

Руслан кажа, што недзе да канца 2023 года тым, хто не падпарадкоўваецца кіраўніцтву калоніі, прызначалі змену рэжыму і адпраўлялі ў турмы. А пазней пачалі заводзіць справы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса і дадаваць тэрміны зняволення.

«Я адчуваў, што і мне рыхтуюць перавод у «крытую» турму. І я, як бы, паказваў, што я якраз хачу з’ехаць з Наваполацка ў «крытую». Але кіраўніцтва, калі даведвалася жаданні вязня, рабіла ўсё наадварот. І калі яны даведаліся, што я хачу ў «крытую», яны зрабілі ўсё, каб проста перавесці мяне ў іншую калонію. Не ведаю, чаму яны гэта рабілі. Тады, як мы зразумелі, у іх адбывалася нейкая пертурбацыя — партыі зняволеных проста бралі і перавозілі з калоніі ў калонію»,

— гаворыць Руслан.

Так ён трапіў у вядомую калонію «Воўчыя норы» каля вёскі Даманава Івацэвіцкага раёна.

«Я скажу так: у параўнанні з Наваполацкам «Воўчыя норы» — гэта санаторый. Хаця, там я ўжо трошкі парахманеў. Па-першае, сярод тых, хто там сядзеў, я не пабачыў блізкіх мне духам людзей, гатовых нечага дамагацца. Я іх разумею, бо не кожны хоча пакутваць. А, каб нечага дамагчыся, трэба прайсці праз пакуты. А па-другое, і падумаў, што мне застаўся год і трэба неяк яго ўжо дасядзець. Вырашыў, як кажуць у «зоне» — «не вылазіць у эфір». Але там такая «калхозная» зона — нейкае бязладдзе. Яно трохі грае на руку зняволеным. Але калі ты хочаш нешта зрабіць паводле закону, афіыйна то гэта вельмі цяжка зрабіць, бо яны [супрацоўнікі калоніі — рэд.] проста не робяць гэтага»,

— параўноўвае Руслан Парфёнаў.

Імёны катаў

І ў Наваполацку, і ў «Воўчых норах» былі супрацоўнікі калоніі, якія чынілі асабліва жорсткія парушэнні да зняволеных. Руслан Парфёнаў намагаецца аднавіць іхнія прозвішчы:

«Я вёў запісы, у мяне быў нататнік, у які я ў зашыфраваным выглядзе запісваў і прозвішчы тых, хто асабліва жорстка ставіўся да зняволеных, і нейкія выпадкі. Але ў івацэвіцкай калоніі ў мяне забралі мой нататнік. З калоніі пад Івацэвічамі я яшчэ сам шмат каго памятаю, а з наваполацкай калоніі многія прозвішчы ўжо забыліся. Але я маю намер праз размовы з тымі, хто вызваліўся з гэтых калоній аднавіць тое, што я запісваў».

Руслан прыгадаў прозвішчы тых супрацоўнікаў Івацэвіцкай калоніі, якіх, праз іхнюю жорсткаць, ён найбольш запомніў:

«Намеснік па рэжымна-аператыўнай рабоце, прозвішча Молаш — гэта самы такі жорсткі. Потым начальнік рэжымнай часткі Дылько — асабліва перадузята ставіцца да палітычных».

Руслан Парфёнаў пасля вызвалення з калоніі

«Не збіраюся мірыцца з тым, што не адпавядае рэчаіснасці»

Пасля вызвалення Руслан Парфёнаў прыехаў дадому і зразумеў, што яму не дадуць спакою на волі і, хутчэй за ўсё, зноў зняволяць. Таму ён вырашыў эвакуявацца з Беларусі. Зараз ён знаходзіцца ў адноснай бяспецы ў адной з краін Еўропы. Але ён не збіраецца цурацца сваіх поглядаў:

«На этапах часам канваіры выцягвалі мяне на размовы пра тое, за што і навошта мы змагаліся. На адным з эпатаў я спытаў у такога канваіра: «Ты верыш у 80%?» І ён сказаў, што не верыць. І тады я яму сказаў, што я не паверыў і я не пагадзіўся з гэтым, і за гэта я сяджу. А ты не паверыў і змірыўся з гэтым, падарыў гэтыя адсоткі. Цябе падманулі. І цябе яшчэ падмануць і не раз. І ты, атрымаліваецца, проста цярпіла. Жыві з гэтым. А я не збіраюся мірыцца з тым, што не адпавядае рэчаіснасці. Так, я пацярпеў. Але маё сумленне чыстае і перад самім сабой, і перад людзьмі, і, найперш, перад сваёй дачкой».

Каментары4

  • политзек
    18.04.2025
    Русел - рад за тебя. )))
    а фамилии этих уродов все восстановим..
  • Анастасия
    18.04.2025
    Я ведаю Руслана, і Тышкаўца таго, што быў на аідео па ОНТ. Ён хлусіў ўсім. Вялікі дзякуй Руслану што ў той час дапамог нам ўсім не сесьці ў вязніцу развм з ім. Шкада толькі што мала саіх пісем да яго дайшло.
  • дочка Максима Дизайнера
    18.04.2025
    «Яны паклалі мой тэлефон проста на стол. Калі чарговы раз мяняліся «апытвальнікі» мне ўдалося яго са стала скрасці.

    а якога лешага чалавек сам у сябе можа нешта "скрасці"?

    т.зв. праваахоўнікі зусім страцілі пагоны ці што?

Цяпер чытаюць

Высветлілі, дзе адбываўся «допыт» каліноўца Васіля Грачыхі13

Высветлілі, дзе адбываўся «допыт» каліноўца Васіля Грачыхі

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна перадала Расіі палоннага беларуса, летась захопленага ў Луганскай вобласці3

Да Лукашэнкі прыляцеў чарговы афрыканскі госць

Як называюцца ягады і садавіна ў розных рэгіёнах Беларусі3

Як дамушнікі выбіраюць кватэры, каб абчысціць?6

Беларускія дэсантнікі ходзяць па Маскве, спяваючы песню пра Лукашэнку12

«Экстрэмісцкай» прызналі тыкток-старонку Андрэя Дзмітрыева2

Ozon дазволіў беларусам аплачваць адзенне пасля яго прымеркі1

Фрыдрыха Мерца з другой спробы абралі канцлерам Германіі7

Беларус знайшоў на гарышчы манету, якая можа каштаваць амаль 18 тысяч даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Высветлілі, дзе адбываўся «допыт» каліноўца Васіля Грачыхі13

Высветлілі, дзе адбываўся «допыт» каліноўца Васіля Грачыхі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць