У Кітаі пакрыўдзіліся на Кіліяна Мбапэ, які назваў Мао Дзэдуна дыктатарам
Адразу некалькі кітайскіх кампаній адмовіліся ад супрацоўніцтва з нападаючым мадрыдскага «Рэала», капітанам зборнай Францыі Кіліянам Мбапэ, пасля таго як у сеціве было апублікавана відэа, на якім футбаліст, відаць, пажартаваў пра былога лідара Кітая Мао Дзэдуна.

Мбапэ быў вымушаны выбачыцца за «неабдуманыя» выказванні пра экс-лідара краіны. Выбачылася і кіраўніцтва Ла Лігі — вышэйшага дывізіёна іспанскага футбола, піша Бі-бі-сі.
«Мой каментар быў неабдуманым. Цяпер я разумею, што ён закрануў шмат людзей — як у самім Кітаі, так і ў кітайскіх супольнасцях па ўсім свеце. Прыношу прабачэнні ўсім, каго маглі засмуціць мае словы», — гаворыцца ў заяве Мбапэ.
Відэа, што распаўсюдзілася ў сетцы, — запіс эфіру французскага ток-шоу The Bridge, госцем якога быў Мбапэ. У размове з вядучымі футбаліст адгукнуўся пра мемы, у якіх яго паказваюць дыктатарам.
Мбапэ сказаў, што больш за ўсё яго рассмяшыў той мем, дзе яго твар накладзены на партрэт «нейкага хлопца — здаецца, кітайскага дыктатара». «Я пастаянна выкарыстоўваю яго ў камунікацыі з сябрамі», — сказаў Мбапэ.
У эфіры аўтары праграмы паказалі гэты мем. На выяве твар самога футбаліста накладзены на выяву, што нагадвае Маа Цзэдуна.
Мбапэ пры гэтым не назваў Мао Дзэдуна па імені, а арыгінальнае відэа гэтага выпуску ток-шоу The Bridge ужо выдаленае з YouTube-канала праграмы, аднак скрыншоты паспелі разысціся ў кітайскіх сацыяльных сетках.
У Кітаі любыя жарты пра Мао лічацца праявай непавагі і застаюцца свайго роду грамадскім табу.
«Наша кампанія рашуча выступае супраць любых паводзін, што абражаюць нацыянальныя пачуцці, і прытрымліваецца палітыкі абсалютнай нецярпімасці да падобных дзеянняў. Мы неадкладна спыняем любое супрацоўніцтва з Кіліянам Мбапэ», — гаворыцца ў заяве вытворцы напояў Dongpeng.
Кантракт з Мбапэ разарваў і Mengniu, найбуйнейшы ў Кітаі вытворца малочнай прадукцыі. «Mengniu рашуча выступае супраць любых выказванняў ці дзеянняў, што закранаюць пачуцці кітайскага народа, і прытрымліваецца палітыкі абсалютнай нецярпімасці да падобных праяў», — заявілі ў кампаніі.
Сітуацыю пракаментавала нават Міністэрства замежных спраў Кітая. Афіцыйны прадстаўнік ведамства Лінь Цзянь заявіў: «Мы звярнулі ўвагу на адпаведныя паведамленні. Словы і дзеянні, што закранаюць пачуцці кітайскага народа, заканамерна сустрэнуць адпор з боку ўсіх слаёў кітайскага грамадства».
Як паведаміла ў аўторак кітайскае выданне The Paper, дзяржаўная тэлекампанія CCTV вырашыла прыпыніць трансляцыі матчаў іспанскай Ла Лігі.
Ла Ліга ўжо прынесла свае прабачэнні, адзначыўшы, што «глыбока шкадуе пра тое, што нядаўнія выказванні Кіліяна Мбапэ выклікалі незадаволенасць сярод кітайскіх заўзятараў».
Да гэтага інцыдэнту Мбапэ карыстаўся вялізнай папулярнасцю сярод кітайскіх заўзятараў: на яго старонкі ў сацыяльных сетках падпісаныя мільёны чалавек.
У Кітаі Мбапэ ласкава называюць «Гуйгуй», што ў перакладзе азначае «чарапаха».
У сетцы Мбапэ часта параўноўваюць з адной з Чарапашак-ніндзя.
Футбаліст атрымаў мянушку «чарапашка» некалькі гадоў таму з падачы бразільскага футбаліста Тыягу Сілвы, які падарыў Мбапэ маску Чарапашкі-ніндзя.
Падчас чэмпіянату свету ў Кітаі транслявалася рэклама, у якой з дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекту была створана выява Мбапэ, які п'е спартыўны напой брэнда Dongpeng.
Пасля публікацыі відэароліка з выказваннем Мбапэ ў сетцы хутка паднялася хваля крытыкі: карыстальнікі асудзілі футбаліста за тое, што ён «атрымлівае прыбытак ад кітайскага рынку, але пры гэтым дазваляе сабе выказванні, што абражаюць кітайскую грамадскасць».
Мао — ключавая палітычная фігура для Кітая ў XX стагоддзі. Ён узначальваў Камуністычную партыю Кітая і быў лідарам краіны — з моманту абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі ў 1949 годзе і аж да сваёй смерці ў 1976-м. Мао Дзэдун ініцыяваў такія маштабныя кампаніі ў Кітаі, як Вялікі скачок і Культурная рэвалюцыя, якія пераўтварылі эканоміку і грамадскі лад краіны, але пры гэтым іх правядзенне суправаджалася велізарнымі ахвярамі — мільёны загінулі ад голаду і рэпрэсій.
Цяпер чытаюць
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары