У мінскім метро патлумачылі прынцып працы аўтаматычных дзвярэй на Зеленалужскай лініі
На станцыях Зеленалужскай лініі Мінскага метрапалітэна паставілі аўтаматычныя платформавыя дзверы, якія аддзяляюць пасажырскія платформы ад чыгуначных пуцей. У прэс-службе метро патлумачылі, як яны працуюць і як імі карыстацца.

Гэтыя агароджы прызначаныя для бяспекі пасажыраў: яны не дазваляюць людзям выпадкова або наўмысна трапіць у зону руху цягнікоў.
Дзверы адчыняюцца аўтаматычна адначасова з дзвярыма цягніка і зачыняюцца пасля таго, як зачыняюцца дзверы вагонаў. На створках прадугледжаныя ручкі для аварыйнага адчынення ўручную. Карыстацца імі дазваляецца толькі ў аварыйных або іншых надзвычайных сітуацыях.

Калі платформавыя дзверы не адчыняюцца аўтаматычна, прымусова адчыніць іх павінен супрацоўнік метрапалітэна. Таму пасажырам не варта спрабаваць самастойна адчыняць іх у звычайных абставінах.

Цяпер на Зеленалужскай лініі Мінскага метро працуюць сем станцый: «Слуцкі Гасцінец», «Немаршанскі сад», «Аэрадромная», «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча».
Працягваецца будаўніцтва яшчэ трох станцый гэтай лініі: «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы народаў».
На платформах станцый Маскоўскай і Аўтазаводскай ліній такія дзверы пакуль што не ставілі.
Каментары